Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля 2 сакавіка да каманды Мілінкевіча ў Менску далучылася 200 чалавек


Радыё Свабода У менскім гарадзкім выбарчым штабе кандыдата ад аб’яднанай апазыцыі паведамілі, што пасьля масавай сустрэчы Аляксандра Мілінкевіча з выбарцамі Менску 2 сакавіка свае паслугі ў якасьці валанцёраў прапанавала каля 200 чалавек. У Менску па-ранейшаму найбольш актыўна працуюць агітатары за Мілінкевіча.

Адно з самых бойкіх месцаў у Менску – пераход ад плошчы Якуба Коласа да Камароўскага рынку. З чатырох існуючых кандыдатаў сёньня тут агітавалі толькі за Аляксандра Мілінкевіча. Падаў сьнег, але гэта не ўплывала на цікавасьць выбарцаў, якія бралі ўлёткі і незалежныя газэты. Найбольшай папулярнасьцю карысталася “Народная воля”, цягам 40 хвілінаў тут раздалі 2 тысячы асобнікаў. Гаворыць спадар Анатоль, які працуе лекарам, і нядаўна далучыўся да кампаніі апазыцыйнага кандыдата:

(Анатоль: ) “Вы ж бачыце, што робіцца, як людзі хапаюць газэты, рвуць з рукамі, у людзей дэфіцыт інфармацыі, яны ня ведаюць, што і як”.

Спадарыня Ада кажа, што апошнія тыдні яна наладжвае агітацыйныя пункты штодня:

(Ада: ) “Розныя людзі ёсьць, але надзіва шмат людзей хочуць пачуць якую-небудзь праўду, не тое, што на нашым тэлебачаньні. Разышліся газэты разыходзяцца матэрыялы, падыходзяць людзі, шмат, шмат прыхільнікаў, але і ёсьць такія агрэсіўныя”.

Ля стэнда з партрэтам кандыдата Мілінкевіча спыняюцца за ўлёткамі сапраўды многія, але ня ўсе, хто сьпяшаецца на Камароўку. Тыя ж, хто спыняецца выказваюць свае погляды, узьнікаюць дыскусіі:

(Спадарыня: ) “Я за яго, таму што ён сумленны чалавек”.

(Іншая спадарыня: ) “Гэта ўсё без сэнсу, таму што ўсё ахоплена”.

(Спадар: ) “Калі б не было датэрміновага галасаваньня, то сэнс бы быў, а так я ведаю, як у нас галасуюць цэлы тыдзень, а ноччу, што хочуць, тое твораць, тое і тут будзе. Канешне я ўпэўнены, што за Мілінкевіча адсоткаў сорак аддалі б, але баюся, што будуць вялікія падтасоўкі”.

Многія менчукі ля агітацыйнага пікету абмяркоўваюць і перадвыбарчыя выступы кандыдатаў па тэлебачаньні, а таксама выступ А. Лукашэнкі на Усебеларускім сходзе:

(Іншы спадар: ) “Мне спадабаўся Аляксандар Рыгоравіч, прамова яго проста несувымерная з іншымі. На сёньняшні дзень альтэрнатывы яму няма. Можа быць, і на жаль”.

(Спадар: ) “Казулін, ён выступіў больш рэзка”.

(Іншы спадар: ) “Я хачу сказаць, што Мілінкевіч – гэта мой прэзыдэнт, беларус, продкі яго беларусы, якія таксама змагаліся, з царскім рэжымам. Лічу, што гэта дастойны чалавек, вытрыманы вельмі адукаваны”.

(Пэнсіянэр: ) “Я за Мілінкевіча і Казуліна, калі аднаго не будзе, то буду за другога галасаваць”.

Кіраўніца менскага гарадзкога выбарчага штабу Аляксандра Мілінкевіча Валянціна Палевікова зазначыла, што сёньня міліцыянты не ганялі агітатараў – можа, таму, што надакучыла. А можа – таму, што сёньня ў іх сьвята: дзень міліцыі.
XS
SM
MD
LG