Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мілінкевіч і Казулін правялі сустрэчы з выбаршчыкамі Гарадзеншчыны (фота)


Радыё Свабода, Горадня Сёньня ў Горадні адбылася сустрэча выбаршчыкаў з кандыдатам на прэзыдэнцкую пасаду ад аб’яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандрам Мілінкевічам. Паслухаць яго і задаць яму пытаньні прыйшлі больш за тысячу чалавек. Спатканьне адбылося на вуліцы — перад будынкам абласной філярмоніі, куды кандыдата не пусьцілі. Побач дзяжурыў спэцназ.

Аляксандра Мілінкевіча як лідэра новай Беларусі прадставіў Вінцук Вячорка.

Сабраныя віталі свайго земляка: “Мілінкевіч! Мілінкевіч! Мілінкевіч!”

Аляксандар Мілнкевіч зазначыў, што ў іншых абласных гарадах яму для выступаў давалі самыя вялікія залы, у тым ліку ўчора ў Лідзе, і толькі ў роднай Горадні яму даводзіцца выступаць на вуліцы.

Кандыдат на прэзыдэнта сьцісла выступіў на беларускай мове, а потым адказваў на пытаньні — і па-беларуску, і па-расейску. Людзей цікавіла і праграма кандыдата і ягоная ацэнка таго, як улады праводзяць прэзыдэнцкую кампанію.

(Мілінкевіч: ) “Улада рыхтуе перад выбарамі многа правакацыяў, вы іх ужо бачыце па тэлебачаньні. Я вам гавару: гэта хлусьня, ніхто не рыхтуе ніякіх рэвалюцыяў, ніякіх збройных чынаў! Мы — мірныя людзі! І калі кажуць, што мы за рэвалюцыю, я кажу — не! Мы за тое, каб выбары прайшлі сумленна, справядліва. Улада гэтага ўжо ня робіць, таму такія выбары ніхто не прызнае!”

Аляксандру Мілінкевічу даслалі цыдулку аб тым, што гарадзенскія палякі яго падтрымліваюць. Прысутных цікавілі таксама ўзаемаадносіны Мілінкевіча з Казуліным. Дарэчы, заўтра спадар Казулін плянуе сустрэцца з гарадзенцамі ў Доме культуры таварыства глухіх, дзе Аляксандар Мілінкевіч не захацеў выступаць, паколькі там вельмі малая зала.

Сёньня Аляксандар Мілінкевіч меў яшчэ сустрэчы ў Ваўкавыску і Слоніме. Тым часам Аляксандар Казулін наведаў Смаргонь, а потым Ліду, дзе ў яго былі заплянаваныя дзьве сустрэчы. Па дарозе ў Ліду на ўезьдзе ў Ашмяны машыну кандыдата спынілі памежнікі, але неўзабаве адпусьцілі.

На здымках: падчас сустрэчы А.Мілінкевіча з выбарцамі ў Горадні.









Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG