Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кандыдаты ў прэзыдэнты і іх давераныя асобы сустракаюцца з выбарцамі


Радыё Свабода Сёньня кандыдаты ў прэзыдэнты Сяргей Гайдукевіч і Аляксандар Казулін праводзяць сустрэчы з выбарцамі. Спадар Гайдукевіч знаходзіцца на Берасьцейшчыне і мяркуе наведаць Ганцавічы, Баранавічы, Давыд-Гарадок, Пінск, Бярозу і Кобрын. Ніякіх іншых падрабязнасьцяў пра свае сустрэчы спадар Гайдукевіч не падае.

Аляксандар Казулін задаволены ўчорашняй сустрэчай з выбарцамі ў Слуцку, дзе было каля 500 чалавек. Сустрэча цягнулася дзьве з паловай гадзіны. Паводле кіраўніка штабу Мечыслава Грыба, невялікая група вайсковых пэнсіянэраў спачатку спрабавала выкрыкамі і пытаньнямі зьбіць з толку кандыдата ў прэзыдэнты. Аднак потым некаторыя з іх сышлі, а астатнія зь цікавасьцю слухалі.

(Грыб: ) “Не баяцца людзі задаваць вострых пытаньняў і наконт улады, і наконт прэзыдэнта, наконт усіх яго прыбліжаных”.

Сёньня Аляксандар Казулін намерваецца працягнуць свае сустрэчы з выбарцамі на Гарадзеншчыне.

(Грыб: ) “Там будзе і сёньня і заўтра выступаць. Будзе сустракацца з выбарцамі. Выйшаў на прамы кантакт. Горадня, Ліда і іншыя могуць быць гарады. Сёньня такія абставіны, што я нават баюся гэта казаць. Давераныя асобы тут па шэрагу менскіх раёнаў выяжджаюць”.

Паводле спадара Грыба, наклад газэты “Народная воля”, якая была прысьвечана Аляксандру Казуліну, учора затрыманы міліцыяй у Віцебску. У газэце былі зьмешчаны, між іншым, выступы спадара Казуліна на тэлебачаньні і радыё.

Паводле прэсавага сакратара штабу Дзьмітрыя Косьціна, кандыдат Аляксандар Лукашэнка ніякіх агітацыйных сустрэчаў сёньня не праводзіць.

(Косьцін: ) “Сёньня па ўсёй рэспубліцы праходзяць сустрэчы з выбарцамі сябраў ініцыятыўнай групы і давераных асобаў. Найбольш актыўна праходзяць на Меншчыне, Гарадзеншчыне і Віцебшчыне. У навучальных установах сустрэчы з бацькамі на бацькоўскіх сходах. Два такіх сходы прайшлі сёньня ў Менскай вобласьці”.
XS
SM
MD
LG