Лінкі ўнівэрсальнага доступу

50 гадоў таму выйшаў першы нумар беластоцкай "Нівы"


Аляксей Дзікавіцкі, Беласток Сёньня спаўняецца 50 гадоў з дня выхаду першага нумару тыднёвіка беларусаў Польшчы “Ніва”. Газэта беларусаў Польшчы выдаецца накладам каля 2 тысячаў паасобнікаў пры падтрымцы польскай дзяржавы.

Юбілей “Нівы” сьціплы – у Беластоку сёньня няма ніякіх урачыстасьцяў – надрукаваны толькі адмысловы дадатак “Ніва юбілейная” са старым здымкам рэдакцыйнага калектыву, віншаваньнямі ды ўспамінамі.

А ўзгадаць ёсьць што. Бесьперапыннае ўмяшальніцтва цэнзараў у працу газэты, якая паўстала ў часы, калі на Беласточчыне яшчэ добра памяталі, што такое сталіншчына. “Мне прапаноўвалі больш спакойную працу, але не пагадзіўся. Ня бачыў сябе па-за “Нівай”, – кажа Георгі Валкавыцкі – першы рэдактар беларускага тыднёвіка, які кіраваў ім 32 гады.

Цяперашні рэдактар “Нівы” Яўген Вапа ў адмысловым артыкуле да юбілею газэты піша: “Журналісты “Нівы” на працягу гэтага пэрыяду, можна сьмела сказаць, выканалі рэч незвычайную – сталі летапісцамі пэўнай часткі беларускага народу, якому выпала жыць у сваёй Малой Айчыне – Беласточчыне”.

Жыцьцё гэтай “пэўнай часткі беларускага народу” ніколі не было лёгкім і простым. Магчыма, таму, прыкладам, журналісту, які тут ня жыў, а хоча зразумець усе адметнасьці і перапляценьні тутэйшых дачыненьняў паміж палякамі і беларусамі, беларусамі і беларусамі для свайго матэрыялу, зрабіць гэта вельмі цяжка. Хіба што гэта журналіст “Нівы”.

Адметны ўнёсак газэты ў выхаваньне вялікай колькасьці літаратараў і журналістаў. Гаворыць пісьменьнік з Гайнаўкі Міхась Андрасюк:

(Андрасюк: ) “Памятаю, яшчэ ў пачатковай школе зьявіўся мой першы верш у “Ніве”, у калёнцы “Парнасік” для моладзі. З гэтага ўсё пачалося. Думаю, што ня толькі я, але і мае сябры, якія пішуць па-беларуску, удзячныя за гэта “Ніве”. Калі б яе не было, наўрад ці мы сталі б тымі, кім ёсьць сёньня”.

У “Ніве” дагэтуль шмат артыкулаў пра вёску, зь вёскі – у хатах беларускіх вяскоўцаў гэты тыднёвік пажаданы госьць. Газэту чытаюць ня толькі на Беласточчыне, але і ў Беларусі, ЗША, іншых краінах – зь юбілеем ”Ніву” павіншавалі сёньня Адам Мальдзіс, Вітаўт Кіпель ды іншыя вядомыя беларусы з усяго сьвету.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG