Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"БДГ": перад выбарамі спэцслужбы атрымалі дадатковае фінансаваньне


Радыё Свабода Тыднёвы агляд газэт, якія не дастаўляе пошта і не прадае саюздрук.

“Народная воля” друкуе артыкул доктара філязофскіх навук Вячаслава Оргіша пад загалоўкам “Беларускі Хрушчоў, або пра тое, чаму Аляксандра Лукашэнку неабходна адправіць у адпачынак”. Аўтар зазначае: замах на “чысты” вобраз галоўнага фаварыту ад улады адбыўся. І зрабілі гэта два іншыя Аляксандры, ягоныя супернікі – Казулін ды Мілінкевіч.

Палітоляг Андрэй Суздальцаў у публікацыі “Масты спаленыя” даводзіць чытачам “Народнай волі”, што “ператок тытульнай апазыцыі ў лягер Казуліна ў выніку пахавае ідэю пра “дзьве калёны” апанэнтаў рэжыму, бо яны імгненна кідаюцца да тых, у каго хоць бы крыху зьявіцца надзея на перамогу”.

Марына Коктыш у артыкуле “Фальшыўка?” высьвятляе, каму належаць пратаколы экзыт-полаў, на якія спасылаюцца спэцслужбы, калі расказваюць пра нібыта заплянаваны апазыцыяй дзяржаўны пераварот.

*** Газэта “Товарищ” друкуе хроніку выбарчай кампаніі, асноўныя тэзы перадвыбарчай праграмы Аляксандра Мілінкевіча. Журналіст Анатоль Гуляеў расказвае пра настрой выбарнікаў са Шклоўскага раёну. Так, у саўгасе “Гарадзец” за 11 гадоў пасьля ад’езду Аляксандра Лукашэнкі ў сталіцу памянялася 9 дырэктараў, вытворчасьць мяса тут зьнізілася ў 5 разоў, летась сабралі каля 17 цэнтнэраў зерня з гектара, людзі атрымліваюць ня больш за 100 тысяч рублёў...

*** “Наша Ніва” традыцыйна шмат увагі надае выбарчай кампаніі Аляксандра Мілінкевіча. Тыднёвік прыводзіць словы лідэра аб’яднанай апазыцыі: “Я – процілегласьць Лукашэнку. Ён савецкі чалавек, ён сам гэта прызнаваў. Я беларус і ганаруся гэтым. Наступным прэзыдэнтам Беларусі будзе не савецкі чалавек, але беларус”.

Публіцыст Віталь Тарас разважае над фэномэнам тэлевізійнага выступу Аляксандра Казуліна: “У асабістай мужнасьці яму не адмовіш. Гэтым ён адрозьніваецца і ад Уладзімера Жырыноўскага, хамскія эскапады якога заўсёды паблажліва ўспрымаюцца прэсай і ўладамі, і ад Аляксандра Лукашэнкі, які нярэдка паводзіў сябе падчас сваіх першых прэзыдэнцкіх выбараў на мяжы фолу”.

*** Шэраг публікацый “БДГ. Деловой газеты” прысьвечаны арышту лідэраў незарэгістраванай арганізацыі “Партнэрства”. Тыднёвік адзначае: невядома, чым закончыцца гучная справа супраць іх, аднак відавочна, што на выбарах многія незалежныя назіральнікі будуць дэмаралізаваныя. А ў артыкуле “Стэрылізацыя палітычнага поля” сьцьвярджаецца: перад выбарамі спэцслужбы атрымалі дадатковае фінансаваньне.

Тэмай нумару БДГ стаў пошук адказу на пытаньне, чаму ў Беларусі паліттэхнолягі апынуліся ў вельмі спэцыфічным становішчы. У прыватнасьці, праблему дасьледуе экспэрт у сфэры палітычнай псыхалёгіі Георгій Максюта.

У артыкуле “Шматаблічны” журналіст “Деловой газеты” Віктар Байчэня піша пра Казуліна: яго можна любіць ці не любіць, аднак трэба аддаць належнае – гэты чалавек унёс у палітыку “інтрыгу, крыху скандальнасьці й эпатажу, безь якіх выбары былі б нуднымі, як відэафільм АТН”.

*** Сярод матэрыялаў “Народнай волі” на сацыяльную тэматыку вылучаецца дасьледаваньне Вольгі Грынявіцкай пра трагічны лёс групы жыхароў Капыля, якія загінулі ў аўтааварыі падчас паездкі за таварамі ва ўкраінскі горад Хмяльніцкі.

(Грынявіцкая: ) “Людзі вымушаныя ехаць у суседнюю, нібыта, як цьвердзіць беларуская ўлада, жабрацкую краіну за танным таварам, каб потым прадаць яго тут. Бо ўладкавацца на працу ў такім маленькім горадзе, як Капыль, ды й іншых райцэнтрах амаль немагчыма. Загінулі маладыя жанчыны, у якіх засталіся непаўнагадовыя дзеці. Насамрэч, усе тыя словы ўлады пра нібыта існуючы ў краіне парадак аказваюцца пустымі”.

*** У рэдакцыю “Нашай Нівы” трапіла міліцэйская арыенціроўка на росшук ваўкавыскага прадпрымальніка Мікаля Аўтуховіча, які ўцёк з-пад хатняга арышту. Сярод іншых прыкметаў ёсьць і такая пазнака: "Нэгатыўна ставіцца да існуючага дзяржаўнага ладу і Кіраўніка (зь вялікай літары) дзяржавы..."

Тыднёвік паведамляе: прыклад азэрбайджанскага прэзыдэнта Гейдара Аліева, які перадаў уладу сыну, блукае па Беларусі – ходзяць чуткі, што неўзабаве старшынём Бабруйскага гарвыканкаму стане старэйшы сын дзейнага кіраўніка краіны Віктар Лукашэнка, сёньняшні фактычны кантралёр усіх сілавых структураў.

“Наша Ніва” атрымала і такую інфармацыю: з наступнага навучальнага году можа быць адмененае вывучэньне беларускай мовы на нефілялягічных факультэтах ВНУ.

У артыкуле “Герой, падобны да Тома Круза” тыднёвік расказвае пра студэнта беларускай філялёгіі Гарадзенскага ўнівэрсытэту Яўгена Скрабатуна, якога другі раз выключылі са студэнтаў за каляндарыкі з надпісам “Люблю Беларусь”.

*** Журналістка “Народнай волі” Марыя Эйсмант расказвае пра лёс маладой шматдзетнай сям’і Натальлі і Сяргея Якубоўскіх, якія на просьбу аб дапамозе пачулі ад вэртыкальнікаў: “А хто вас прасіў столькі нараджаць?”

Нататкі праваабаронцы Людмілы Гразновай называюцца “Жыцьцё дастойнае іншага ўраду”. “Народная воля” друкуе таксама развагі пра стасункі насельніцтва й міліцыі пад характэрным загалоўкам: “Ідуць! Хавай!”

*** У “БДГ. Деловой газете” Сяргей Шапран гутарыць са Сьвятланай Алексіевіч. Пісьменьніца, у прыватнасьці, сказала: “Сёньня ва ўладзе знаходзяцца людзі ніякаватыя. І ня толькі ў нас. А што, Шродэр быў гігантам думкі? Ці Буш? Цяпер час татальнае ніякаватасьці. Эўрапейскі сьвет жыве пры самай страшнай дыктатуры – дыктатуры маленькага чалавека”.

*** Сярод публікацый апошніх старонак “Народнай волі” – замалёўкі пра пераможцу конкурсу “Супэрмадэль сьвету-2007” Кацярыну Даманькову і срэбранага прызёра Алімпіяды Дзьмітрыя Дашчынскага. Цэлую паласу аддала газэта ўспамінам легендарных футбалістаў менскага “Дынама” Юрыя Пудышава і Валерыя Мельнікава.

*** “Наша Ніва” піша пра адмову групы “J_морс” атрымаць узнагароду на “Рок-каранацыі”, бо там прысутнічаў Аляксандар Мілінкевіч, цытую: “Хлопцы проста, груба кажучы, наклалі ў порткі... Ня любіць публіка тых, хто ні за сіх, ні за тых”...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG