Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падзеі тыдня: перадвыбарчая барацьба абвастраецца


Юры Дракахруст, Прага Зьбіцьцё кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Казуліна і мітынг прыхільнікаў Аляксандра Мілінкевіча, выступы кандыдатаў па радыё і тэлебачаньні і ўсебеларускі народны сход, заявы старшыні КДБ пра пляны дзяржаўнага перавароту – пра ўсё гэта ў аглядзе выбарчых падзеяў гэтага тыдня.

У чацьвер пры спробе зарэгістравацца ўдзельнікам усебеларускага народнага сходу быў жорстка зьбіты кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Казулін, а таксама шэраг яго прыхільнікаў і журналістаў. Білі іх байцы спэцназу МУС на чале з кіраўніком гэтага злучэньня Дзьмітрыем Паўлічэнкам.

Пасьля зьбіцьця Казулін быў затрыманы і дастаўлены ў Канстрычніцкі РАУС Менску. Былі таксама затрыманыя некалькі ягоных прыхільнікаў. Машына сябра каманды Казуліна Юрыя Радзівіла была абстраляная, пасьля чаго Юры быў затрыманы.

У пастарунку Казулін разьбіў партрэт Аляксандра Лукашэнкі. Супраць яго была распачатая адміністрацыйная справа. У чацьвер прадстаўнікі Цэнтарвыбаркаму ня выключалі, што Казулін наагул будзе зьняты з рэгістрацыі. Аднак потым ад гэтых плянаў адмовіліся, і сакратар ЦВК Мікалай Лазавік заявіў па Беларускім тэлебачаньні:

(Лазавік: ) “Будзем цярпець. Калі не зьявіцца чагосьці новага... пакуль жа гэта не сьмяротна. І мы не хацелі б, каб сьмяротна пацярпелі кандыдаты, не ў прамым сэнсе сьмяротна, а каб ня скончылася іх перадвыбарчая гонка. Мы хацелі б, каб выбары былі альтэрнатыўнымі, і каб нам не даводзілася здымаць кандыдатаў на прэзыдэнта. Але для гэтага патрэбна выконваць заканадаўства”.

Увечары 2 сакавіка Казулін быў вызвалены з пастарунку. Нашаму радыё ён заявіў.

(Казулін: ) "Сярод белага дня нападалі на нас збоку і ззаду. Яны ўжылі супраць мірнага насельніцтва тое, што павінны былі ўжываць супраць злачынцаў".

У першы ж дзень усебеларускага народнага сходу Аляксандар Лукашэнка пракамэнтаваў зьбіцьцё Казуліна наступным чынам: “і нарваліся на марскіх пехацінцаў, так што толькі шматкі паляцелі”. На другі дзень кіраўнік дзяржавы назваў сваіх апанэнтаў “дэбіламі”, а наконт Казуліна заявіў:

(Лукашэнка: ) "Я ж маўчу, я ж цярплю, я ведаю, што яму патрэбны скандал, каб мы яго зьнялі з перадвыбарчай кампаніі, таму што лепш хай улада, палохаючы, здыме мяне, чым я атрымаю паўтара працэнты. А мы ня можам такі падарунак яму паднесьці".

Падчас свайго выступу на народным сходзе Лукашэнка распавядаў, якіх посьпехаў дасягнула Беларусь і дясягне ў будучыні пад кіраўніцтвам цяперашняга прэзыдэнта, нягледзячы на моцны ціск на ўладу.

(Лукашэнка: ) “Калі вы думаеце, што ў нас прэзыдэнцкая кампанія спакойна, ціха ідзе, вы памыляецеся. Асабіста мне, Мартынаву, міністру замежных справаў, нашым многім дэпутатам, усім службовым асобам вельмі дорага каштуе гэтая перадвыбарчая кампанія ў пляне нэрваў. Нашым узброеным, нашым сілам бясьпекі. Напружаньне настолькі вялікае, што вы ўявіць ня можаце”.

Сярод заяваў, зробленых Лукашэнкам на сходзе, варта адзначыць тэзы пра захаваньне кантрактнай сыстэмы ў вытворчасьці і прымусовага разьмеркаваньня студэнтаў ВНУ.

Кіраўнік дзяржавы ў сваіх выступах на сходзе працягнуў тэму, распачатую ў сераду кіраўніком КДБ Сьцяпанам Сухарэнкам. Лукашэнка паведаміў, што камітэт выкрыў дзейнасьць 72 радыкальных арганізацыяў, якія рыхтавалі пераварот.

Непярэдадні Сухарэнка распавядаў вэрсію пра сцэнар сілавога перавароту больш падрабязна. Паводле яго, важнымі асобамі ў гэтым сцэнары былі 4 сябры незарэгістраванай арганізацыі “Партнэрства”, арыштаваныя на мінулым тыдні. Сухарэнка заявіў, што ў іх пры ператрусах былі сканфіскаваныя гатовыя пратаколы выбарчых экзыт-полаў, датаваных 19-м сакавіка, паводле якіх перамогу на выбарах атрымаў Аляксандар Мілінкевіч.

Паводле Сухарэнкі, апазыцыя плянавала агучыць гэтыя дадзеныя ўвечары 19 сакавіка перад шматтысячным натоўпам сваіх прыхільнікаў, зрабіць у натоўпе некалькі выбухаў і распачаць гвалтоўны захоп ўлады.

У пятніцу Менская пракуратура вынесла абвінавачаньне сябрам “Партнэрства” Цімафею Дранчуку, Міколу Астрэйку, Аляксандру Шалайку і Эніры Браніцкай. Іх абвінавачваюць у кіраваньні арганізацыяй, якая парушае правы грамадзянаў і стварае дэстабілізацыю ў грамадзтве.

Маці Міколы Астрэйкі Яўгенія заявіла нашаму радыё, зьвяртаючыся да грамадзкасьці:

(Яўгенія Астрэйка: ) “Усё гэта робіцца ў такой сакрэтнасьці, што ўсім зразумела, што справа гэтая палітычная. Нашы дзеці не злачынцы. Яны ня маюць ніякіх адносінаў да таго, што на іх льецца. Вырашаем зьвярнуцца да грамадзкасьці, да ўсіх людзей Беларусі, каб яны дапамаглі выратаваць нашых дзяцей і ўсіх нас”.

На гэтым тыдні Аляксандар Мілінкевіч у дзень адкрыцьця ўсебеларускага народнага сходу правёў мітынг сваіх прыхільнікаў у цэнтры Менску. І старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, і кіраўніцтва сталічнай міліцыі абвяшчалі акцыю незаконнай і папярэджвалі яе патэнцыйных удзельнікаў і самога Мілінкевіча аб адказнасьці. Тым ня менш, увечары ў чацьвер каля плошчы Свабоды ў Менску, якая была блякаваная сіламі правапарадку, прыйшлі некалькі тысячаў чалавек.

Кіраваў ачапленьнем той жа палкоўнік Дзьмітры Паўлічэнка, які раніцай таго дня зьбіў Казуліна. Пасьля перамоваў удзельнікаў акцыі прапусьцілі да Палацу фізкультурніка непадалёк ад плошчы Свабоды, дзе адбыўся імправізаваны мітынг. На ім Аляксандар Мілінкевіч прынамсі заявіў:

(Мілінкевіч: ) "Дарагія сябры! Я віншую Вас. На Беларусь надыходзіць свабода. На Беларусь надыходзіць справядлівасьць і праўда. І гэта мы адстаім права жыць па-людзку, жыць у Эўропе, быць краінай свабоднай і вольнай. Жыве Беларусь!"

На гэтым тыдні працягваліся выступы кандыдатаў на прэзыдэнта па радыё і тэлебачаньні. Аляксандар Лукашэнка адмовіўся ад свайго эфірнага часу, Сяргей Гайдукевіч прадубляваў свой папярэдні телевыступ.

З тэлевыступу Аляксандра Казуліна вырэзалі некалькі фрагмэнтаў, дзе ён гаворыць пра некарэктныя паводзіны сыноў кіраўніка дзяржавы.

У сваім радыёзвароце напачатку тыдня Аляксандар Казулін працягваў крытыкаваць Аляксандра Лукашэнку. У прыватнасьці, А.Казулін сказаў:

(Казулін: ) “Здыміся з выбараў, лепш сысьці першым прэзыдэнтам, чым апошнім дыктатарам Эўропы”.

Аляксандар Мілінкевіч назваў сытуацыю ў Беларусі застоем і заявіў, што цяперашні рэжым пазбаўляе народ усялякіх пэрспэктываў, прыніжае чалавека. Ён скрытыкаваў міжнародную самаізаляцыю беларускіх уладаў, заклікаў да зьмены ўлады як гарантыі адказнасьці:

(Мілінкевіч: ) “Чаму Лукашэнка ня можа цяпер сысьці, часам яму хацелася б гэта зрабіць, ён стаміўся, ён жахліва пастарэў за апошні час, у яго не засталося ні сяброў, ні блізкіх людзей. Ён усіх і ўсяго баіцца, у яго ўжо пачынае праяўляцца паранойя Сталіна, але ён ня можа сысьці, бо яму прыйдзецца адказваць за ўсё”.

На гэтым тыдні ў рэгіёнах улады працягвалі чыніць перашкоды агітатарам і сябрам камандаў Казуліна і Мілінкевіча – іх затрымлівалі, у іх канфіскоўвалі агітацыйныя матэрыялы, некаторыя актывісты былі прыцягнутыя да адказнасьці. Такога кшталту інцыдэнты адбываліся ў Гамелі, Віцебску, Ашмянах, Наваполацку, Рэчыцы, Лоеве, Рагачове, Магілеве, Воршы і ў шэрагу іншых гарадоў і мястэчак Беларусі.
XS
SM
MD
LG