Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Штаб Казуліна пасьля 2 сакавіка зьмяніў тактыку


Радыё Свабода Як кандыдаты ў прэзыдэнты праводзяць выходныя? Якія пляны на наступны тыдзень?

Сяргей Гайдукевіч у пятніцу выехаў на Берасьцейшчыну, але пра дакладныя сустрэчы і месцы казаць адмовіўся – маўляў, пра гэта распавядуць тыя, хто прысутнічаў на сустрэчах зь ім. (Гайдукевіч: ) “Канкрэтна ўсе мяне выпытваюць… Дакладаю: па Ганцавічах, па Баранавічах, па Давыд-Гарадку, па Пінску, па Бярозе, па Кобрыну – я думаю, на наступным тыдні вам ужо скажуць”. Штаб Аляксандра Казуліна пасьля вядомых падзеяў 2 сакавіка зьмяніў тактыку, сьцьвярджае Мечыслаў Грыб. (Грыб: ) “Выходных у нас няма, паседжаньне штабу плянуем, сустрэчы з выбарнікамі”. (Карэспандэнтка: ) “А дзе канкрэтна сустрэчы?” (Грыб: ) “Гэтага я ня буду казаць”. (Карэспандэнтка: ) “Пасьля падзеяў ў чацьвер вы зьмянілі тактыку, штосьці перагледзелі?” (Грыб: ) “Перагледзелі. Сталі больш акуратнымі, больш засакрэчанымі. Не магу казаць, куды паедзе кіраўнік і дзе ён будзе выступаць. Не магу казаць, таму што не давяраю гэтай уладзе ў сувязі з тым, што маю ўжо вельмі-вельмі вялікі ўзрост. Па вызначэньні Лукашэнкі, мне ўжо каля 180 гадоў. Ён сказаў, што я старэйшы за яго аж у тры разы!” Аляксандар Лукашэнка сур’ёзных мерапрыемстваў у выходныя не плянуе. Сустрэчы будуць праводзіць ягоныя давераныя асобы – у розных СПК Гомельшчыны і Гарадзеншчыны, на першай Менскай птушкафабрыцы, у Магілеўскім абласным шпіталі, у Барысаве на аб’яданньні “Экран”. Што да асноўных падзеяў наступнага тыдня, то, на думку прэсавага сакратара штабу Аляксандра Лукашэнкі Дзьмітрыя Косьціна… (Косьцін: ) “Найбольш цікавымі для творчага чалавека мне падаюцца сутрэчы даверанай асобы Ўладзімера Гасьцюхіна разам з ансамблем “Чысты голас”. Гэта як творчы вечар і ў той жа час як агітацыйнае мерапрыемтва ў Менску 6 і 7 сакавіка”. Аляксандр Мілінкевіч у выходныя працягвае сустрэчы з выбарцамі на Гарадзеншчыне. У пятніцу ўвечары ён сустракаўся з жыхарамі Ліды ў гарадзкім Доме культуры. Распавядае Павал Мажэйка, прэсавы сакратар штабу. (Мажэйка: ) “У суботу Аляксандар Мілінкевіч пачне праграму ў Горадні, а 12-й адбудзецца ягоная сустрэча ў будынку абласной філярмоніі а ўжо а 16-й у гарадзкім Доме культуры пройдзе сустрэча ў Ваўкавыску, а на 18.30 заплянаваная сустрэча ў Слоніме. У нядзелю – сустрэчы ў Баранавічах і Салігорску. Перш за ўсё, нас цікавіць, каб сустрэчы прайшлі прыстойна, масава, без правакацый. Мы маем інфармацыю, што рознымі спосабамі спрабуюць сарваць гэту сустрэчу”.
XS
SM
MD
LG