Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыянэраў саджаюць за гвалт над міліцыяй


Радыё Свабода Сваякі арыштаваных актывістаў незарэгістраванай арганізацыі “Партнэрства” падрыхтавалі Зварот да грамадзтва. Яны заклікаюць праявіць салідарнасьць з усімі арыштаванымі. Сябры моладзевага руху “Зубр” шукалі свайго паплечніка Алега Мяцеліцу. Учора ён адседзеў 15 сутак арышту ў спэцпрыёмніку за ўдзел у акцыі Салідарнасьці 16 лютага. Аднак высьветлілася, што міліцыя адвезьла яго ў Бялынічы і там на яго зноў склалі пратакол за дробнае хуліганства. Юры Радзівіл, па машыне якога стралялі з пісталета, знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрыманьня.

Паплечнікі Алега Мяцеліцы сустракалі яго ля брамы спэцпрыёмніка-разьмеркавальніка на вуліцы Акрэсьціна. Супрацоўнікі ўстановы ім паведамілі, што выпусьцілі яго яшчэ днём на некалькі гадзінаў раней пазначанага пратаколам тэрміну. Сябры шукалі Алега да позьняга вечара, тэлефанавалі жонцы ў Бялынічы, дзе жыве Алег. Высьветлілася, што міліцыянты адвезьлі яго туды ў аддзел міліцыі.

Відавочцы распавялі, што як толькі ён выйшаў на вуліцу, да яго падыйшлі двое ў цывільным і раптам паваліліся на зямлю. Яны сказалі Алегу, што ў яго праблема і патлумачылі, што ён іх пабіў і мусіць за гэта адказваць. Сьведкі-міліцыянты склалі пратакол за дробнае хуліганства. Цяпер Алег Мяцеліца зноў апынецца за кратамі мінімум на 15 сутак.

Людзі, якія ўсё бачылі, абураліся. Яны выказваліся, што гэта падрывае давер насельніцтва да прадстаўнікоў улады. Інцыдэнт адбыўся акурат у дзень міліцыі.

Гаворыць прэсавы сакратар руху “Зубр” Аляксандр Атрошчанкаў:

(Атрошчанкаў:) “Гэта была цынічная і нахабная правакацыя, каб ужо дакладна ізаляваць яго на ўсю выбарчую кампанію.”

Сваякі арыштаваных актывістаў “Партнэрства” Эніры Браніцкай, Міколы Астрэйкі, Цімафея Дранчука і Аляксандра Шалайкі падрыхтавалі Зварот да грамадзянаў краіны. Яны не разьлічваюць на дапамогу пракуратуры і КДБ, якія ініцыявалі крымінальную справу супраць актывістаў.

Гаворыць Вольга Анцыповіч, жонка Цімафея Дранчука.

(Анцыповіч:) “Арышты нашых родных, розныя камэнтары, якія агучваюцца яшчэ да рашэньня суду, зьбіццё журналістаў, тое, што тварылася пад час мітынгу, тое, што адбываецца з кандыдатамі ў прэзыдэнты – гэта сьведчаньне таго, што сытуацыя ўжо накалілася настолькі, што цяпер ужо маўчаць нельга. Калі ты сёньня прамаўчыш, то заўтра прыйдуць па цябе… І тады ўжо крычаць ня будзе каму.”

У выніку разгону людзей ля Кастрычніцкага РУУС сябра штабу Аляксандра Казуліна Іван Лабачоў знаходзіцца ў шпіталі. У яго зламаныя рэбры і пашкоджана пячонка. У адваката Ігара Рынкевіча страсеньне мозгу. Юры Радзівіл, па аўтамабілю якога стралялі з пісталета, знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрыманьня. Ён падаў скаргу ў пракуратуру. У выніку яго самога затрымалі і распачалі крымінальную справу за гвалт над супрацоўнікам міліцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG