Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"З трыбуны, не саромеючыся тэлекамэраў і мікрафонаў, абазваць сваіх канкурэнтаў адмарозкамі – гэта, што называецца, далей няма куды ехаць".


Радыё Свабода Званок на Свабоду. Водгукі слухачоў – 3 сакавіка. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 290-39-52 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку.

(Спадар: ) “Вось хвіліну таму вы падалі выступ Мілінкевіча, у якім ён згадаў цытату Лукашэнкі аб тым, што Скарына тварыў у Піцеры. А ён жа па сваёй першая адукацыі як-ніяк гісторык! Ганьба такому правадыру! І вось у сувязі з гэтым я б прапанаваў у наступных конкурсах выкарыстоўваць вось гэтую цытату Лукашэнкі пра Скарыну ў Піцеры ў якасьці вашага кантрольнага сыгналу.

І вось была інфармацыя, што Зімоўскі нешта выразаў з выступу Казуліна. А ці будзе выразаць ён з выступу Лукашэнкі? Заўсёды было так, што выразалі, падчышчалі, падмывалі, так бы мовіць, яго выступы. Думаю, што і на гэты раз будзе тое самае. Таму – гэта ваша цытата, захоўвайце яе, яна будзе вельмі дарагога каштаваць. І часьцей яе давайце ў эфір”.

(Спадарыня: ) “Па-першае, па выступах Аляксандра Лукашэнкі. Мая настаўніца беларускай мовы Варвара Міхайлаўна Баркоўская пераварочвалася ў труне, калі б убачыла, як ён гаворыць СкарыНА, НА. Нічога мы табе не даём! І трэба казаць СкаРЫна, трэба тут ставіць націск.

Другое. Зьбіцьцё Аляксандра Казуліна. Зьбівае толькі быдла.

Па-трэцяе. Вялікі дзякуй Аляксандру Мілінкевічу за тое, што ён пералічыў усіх палітвязьняў, магчыма, ня ўсіх, але пералічыў тых людзей, сапраўдных патрыётаў Беларусі. Вялікі дзякуй! У мяне на вакне вісіць партрэт Аляксандра Мілінкевіча. У нас усе будуць галасаваць за Мілінкевіча. Жыве Беларусь!”

(Спадар: ) "Я слухаў выступленьне Мілінкевіча па тэлебачаньню. Вельмі прыгожа і разумна, праграма яго дзелавая. Трэба галасаваць за гэтага чалавека разумнага. А калі Лукашэнка выступае, дык ужо нудзіць. Нават Брэжнеў, здаецца, лепш абяцаў. Немагчыма глядзець на гэтыя яго цытаты. Нават нашу Беларусь абазваў нацыяналістамі! Што можна будаваць з Лукашэнкам, калі яго ненавідзіць увесь сьвет? Паглядзіце, пэнсіянэры, паплечнікі свайго бацькі, паглядзіце, як ён выглядае. У яго нават вочы нейкія дзікія. Ён ужо ў такую яму загнаны, што ня трэба нам больш зь ім нікуды хадзіць, усё роўна яму прыйдзе канец”.

(Уладзімер, Менск: ) “У такой падрабязнай вялікай праграме прэзыдэнта не знайшлося і некалькі словаў у падтрымку беларускай мовы. Крыўдна”.

(Спадар: ) “У мяне пытаньне, ці магу я прысутнічаць пры падліку галасоў на выбарах? І якімі юрыдычнымі нормамі гэта рэглямэнтуецца?”

(Спадар: ) “Калі Лукашэнку паклічуць, як кажуць, да бар’еру, каб два бакі стаялі, каб ён абараняў сябе і іншых, і каб дэмакрат стаяў. Вось што хацелася б убачыць па тэлебачаньню. Чаму ён ня пойдзе на гэта? Мусіць, баіцца”.

(Спадар: ) “Дзіўную рэч я сёньня пачуў па беларускаму тэлебачаньню: аказваецца, першадрукары жывуць па 200 год! Гэта ж нешта неймавернае, альбо Лукашэнка дурань. Як мог Скарына працаваць у Пецярбургу? Гэта нешта неймавернае!”

(Спадар: ) “За 12 год да шмат чаго можна было прызвычаіцца і перастаць дзівіцца. Аднак сёньня я адчуў, без перабольшваньняў, сапраўднае ўзрушэньне. З трыбуны, не саромеючыся тэлекамэраў і мікрафонаў, абазваць сваіх афіцыйных канкурэнтаў адмарозкамі – гэта, што называецца, далей няма куды ехаць. Сумна, што шмат каму такія паводзіны нашага бацькі нават падабаюцца. Нават ня сумна, а страшна”.

(Віктар Бутто, Менск: ) “Падобна на тое, што выбары прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь пройдуць да 19 сакавіка 2006 году з удзелам толькі двух кандыдатаў у прэзыдэнты, якімі будуць Гайдукевіч і Лукашэнка. То бок, што ўлада жадала, тое і атрымала. А выбарца зноў апынецца ў дурнях, то бок бяз права выбару на галасаваньні. Пойдуць выбарцы на выбарчыя ўчасткі альбо не, але можна лічыць, што выбары ўжо адбыліся, і прэзыдэнтам застаўся Лукашэнка пры дапамозе таго, што адбывалася ў г. Менску 2 сакавіка 2002 году, і з-за немагчымасьці правядзеньня нармальных, без фальсыфікацыі, выбараў. Улада жыць ня ў стане па-іншаму, бо яны над законамі і над правамі грамадзяніна Рэспублікі Беларусь аказаліся ў 1991-м годзе і ад гэтага не адмовяцца”.

(Маісеенка Генадзь: ) “Учорашнія падзеі гісторыі зь біцьцём пана Казуліна і журналістаў, не гаворачы аб выступленьні Лукашэнкі на найменна беларускім сходзе, шчыра і без сумневу зацьвердзілі, што ўлада ня проста стала шалёная ад жаху і халуйскага імпэту да Скарыны, але і гатовыя пайсьці на любы мажлівы крок у духу Гітлера або паўбота за таварыша. Таму, калі гэта магчыма, жадаў бы зьвярнуцца да гэтай шалёнай ад жаху і паху крыві зграі.

Спадарства, супакойцеся, апамятайцеся, дабром бяз гвалту пасьля 19 сакавіка адыдзіце ад улады і жывіце на пэнсіён дзе заўгодна ды не рабіце рэвалюцыйнай сытуацыі, апасьля якой “чамадан – Масква – Расея” не дапаможа і не ўратуе, а будзе толькі “чамадан – вакзал – пекла” як вам дык і вашым нашчадкам, бо ў час высокіх тэхналёгіяў вы як на далоні ня толькі ў Бога, але ды і ў нас, ды і ў сусьвету. Час яшчэ ёсьць. З надзеяй на паразуменьне добрае. Былы мент і прафэсійны рэвалюцыянэр Майсеенка Генадзь”.

(Спадар: ) “Пачуў з вашых паведамленьняў, што затрымалі актывіста зь Берасьцейшчыны Юрася Губарэвіча. Чаго перціся туды ў Менск на аўтамабілі, калі ёсьць чыгунка і добрыя зносіны па чыгунцы? Узгадваецца выраз: наступіць на граблі. А справа ў тым, што калі на іх адпаведным чынам наступіць, то яны моцна ўдараць па галаве. Відаць, апазыцыі, у прыватнасьці Губарэвічу, яшчэ моцна ня білі па галаве. Калі б тое было, то ён задумаўся б, ці ехаць на сваім аўтамабілі ў Менск, ці перасесьці на тую самую электрычку”.

(Спадар: ) “Кандыдат к прэзыдэнты Казулін быў зьбіты ў фае Дома культуры чыгуначнікаў, арыштаваны і адвезены ў пастарунак. Скажыце, паважанае Радыё Свабода, ці ёсьць такія прыклады ў сьвеце, каб кандыдатаў у прэзыдэнты зьбівалі? Усе подступы да Кастрычніцкай плошчы, дзе адбываўся так званы нацыянальны сход, былі перакрыты міліцыянтамі і памагатымі ў штацкім. І калі павінна была адбыцца сустрэча зь Мілінкевічам на плошчы Свабоды, то, калі пайшлі да Палацу Спорту, там амонаўцы перагарадзілі дарогу з дубінкамі і са шчытамі. Вось гэта дэмакратыя. Усё гэта сьведчыць пра тое, што Лукашэнка ідзе на антыканстытуцыйны захоп улады”.

(Спадар: ) “Хачу выказаць меркаваньне наконт прысваеньня званьняў герояў рэспублікі. Я разумею так, што гэта напэўна намёк, каб і самому атрымаць такое ганаровае званьне. Таму калі Пракаповіч там папрацаваў 5 ці 6 год, то ён жа (Лукашэнка) ўжо 12 займаецца гэтай тытанічнай працай. Я не зьдзіўлюся, калі сёньня на паседжаньні гэтага сходу будзе ўнесеная такая прапанова. Тады ў нас ужо герояў стане болей”.

(Спадар: ) “Вырашыў зьвярнуцца да кандыдатаў Мілінкевіча і Казуліна з прапановай, па майму меркаваньню, найбольш рацыянальнай у дадзенай сытуацыі. Кожны заяўляе грамадзкасьці і ЦВК, што ў сувязі з грубейшымі парушэньнямі Канстытуцыі, выбарчага заканадаўства і ў сувязі з невыкананьнем патрабаваньнямі грамадзкасьці і саміх кандыдатаў (далей пералічыць гэтыя парушэньні і патрабаваньні, у тым ліку скарачэньне тэрміну правядзеньня агітацыйнай кампаніі шляхам прымусовага датэрміновага галасаваньня) адмовіцца ад далейшага ўдзелу ў гэтым ганебным для Беларусі мерапрыемстве. Далей заклікаць і прасіць сваіх паплечнікаў прыбыць на выбарчыя ўчасткі на 19 гадзіну, атрымаць бюлетэні, маючы пры сабе чыстыя стандартныя лісты, перакрэсьленыя з абодвух бакоў, і кіньце гэтыя лісты ў урны. Атрыманыя бюлетэні трэба перадаць у штабы сваіх кандыдатаў. Далей гэтая катэгорыя выбаршчыкаў рухаецца да цэнтраў пасёлкаў, гародаў, да цэнтру сталіцы, дзе зможа ўпэўніцца, што мы – сіла і здольныя сваімі дзеяньнямі зьмяніць сытуацыю ў рэспубліцы. Такое рашэньне, толькі абодвух кандыдатаў, не легітымізуе вялікасьць Лукашэнкі і дасьць магчымасьць кожнаму, і Мілінкевічу, і Казуліну, працягваць палітычную барацьбу. А далейшы ўдзел у гэтай нячэснай гульні з абодвух бакоў, а тым больш аднаго кандыдата, абавязкова прывядзе да правалу. Хай будзе з намі Бог!”

(Спадарыня:) “Учора па тэлебачаньню паказалі, як Лукашэнка праводзіў сход. Чаму ён не сказаў, як пры савецкай уладзе не было прадуктаў у крамах, як мы езьдзілі ўсе, і Ўкраіна, і частка Расеі ў Літву за прадуктамі? А было так, што мясакамбінат працаваў у дзьве зьмены, але ж куды ўсё вывозілі, мы ня ведаем. Нічога не было! Чаму ён не сказаў, як мы пакутавалі? Чаму не сказаў, як мы 12 год пры яго ўладзе пакутуем? Мы ня хочам, каб была савецкая ўлада!”

(Спадар: ) "Я на сваім стагодзьдзі перажыў чатыры ўлады, але ж такой дэмакратыі, якую прыйшлося ўчора бачыць у Менску, я не сустракаў! Гэтую дэмакратыю ўсталёўвае Лукашэнка: дубіны, зьбіваньне. Таму выбаршчыкам трэба падумаць, за каго мы галасуем: за фашызм альбо за квітнеючую Беларусь".

(Іван Карпавіч, Менск: ) “Глава дзяржавы ня мае права па канстытуцыі балятавацца. У Канстытуцыі напісана: два тэрміны – і ўсё. Гэта па-першае. Па-другое, навошта ўвогуле гэтыя выбары? Сталін калісьці сказаў, што галоўнае ня як галасуюць людзі, а як лічаць галасы. А ў нас у Беларусі лічыць Ярмошына і Лукашэнка – больш ніхто. Вось вам наглядны дапаможнік: ён у палацы выступае, а яго супернікі пад варотамі. І тое ганяюць міліцыянты. Вось вам роўныя правы пераемнікаў. Адных зьбіваюць, саджаюць, штрафуюць, а іншыя… Я ўвогуле не разумею, навошта такая колькасьць КДБ, міліцыі і арміі ў Беларусі на 10 мільёнаў чалавек! Падаткаплацельшчыкі плацяць гэтым людзям, а яны супраць народу ідуць. Што гэта, антынародная армія, антынароднае КДБ, антынародная міліцыя? Дзе гэта бачна?”

(Спадарыня: ) “Значыць, гэтаму неўтаймаванаму марскому пехацінцу ўправілі мазгі за тое, што ён лез на сход працоўнага народу, каб там нахаміць. Ён жа ня ўмее размаўляць паважліва, прыстойна. Злосьць, хамства, нянавісьць так і прэ зь яго прамоваў. А гэта значыць, што ў яго ня ўсё ў парадку з галавой”.

(Анастас Семяновіч: ) “Што можна сказаць наконт учорашніх падзеяў, то бок, Аляксандра Казуліна. Калі чалавек (Лукашэнка) дайшоў да фінішу, што можна ад яго чакаць? Шмат будзе бед, пакуль яго ўбяруць. Фініш яго чакае Чаўшэску. На жаль, іншага шляху няма для яго. Ідэальны варыянт, каб рад буйных прадпрыемстваў абвясьцілі бестэрміновы страйк, пакуль яго не ўбяруць. Але нашыя прадпрыемствы не дарасьлі да такога мерапрыемства, на вялікі наш жаль. Здымаць свае кандыдатуры Аляксандру Казуліну і Алесю Мілінкевічу ў дадзенай сытуацыі ня трэба. Хай сьвет убачыць, што беларускі народ мужны, як быў і раней. Я думаю, што выбары прэзыдэнта будуць праз пару гадоў, далей народ яго цярпець ня будзе”.

(Спадар: ) "Як сказаў прэс-сакратар Лукашэнкі Косьцін, ацэнку спробаў дэстабілізацыі грамадзтва павінны даць юрыдычныя органы. Для гэтага ня трэба быць юрыстам. Першы ўдар па грамадзтву нанёс Лукашэнка і яго хеўра. Па-першае, гэта склад выбарчых камісіяў; па-другое, датэрміновае галасаваньне; па-трэцяе, захоп сродкаў масавай інфармацыі; па-чацьвертае, адмова ад празрыстых скрыняў для галасаваньня. Можа, хто палічыць, колькі празрыстых скрыняў можна было б купіць за сродкі, якія пайшлі на пустапарожнюю балбатню? Усё гэта трапляе пад папраўкі Лукашэнкі-Сухарэнкі”.

(Спадар: ) “Кандыдаты ў прэзыдэнты не ўнушаюць ніякага даверу, бачна, што слабакі, і працу прэзыдэнта Беларусі ім не пацягнуць. Хамства, запужваньне цёмнымі сіламі ЗША і ЭЗ пацьвярджаюць іх няўпэўненасьць і няздольнасьць кіраваць дзяржавай. А галоўнае, што ім нельга верыць, бо яны разбураць Беларусь”.

(Спадар: ) “Вось слухаю вашу перадачу, вы просіце тэлефанаваць, дзяліцца думкамі. Але ж вы нават у эфір не пускаеце, калі званок не на карысьць апазыцыі. Калі вось супраць Лукашэнкі якую гадасьць сказалі, то вы раз 10 за гадзіну можаце даць у эфір. Я колькі раз званіў, дык вы ні разу не пусьцілі. Было некалькі разоў, але ж вы так павыразаеце, што нават сам не разумееш, што я сказаў.

А з Казуліна зрабілі такое беднае ягнё, нават заплакаць хочацца, так яго крыўдзяць. А ці ня ён заявіў, што ён марскі пехацінец, і яго кулакі ня меншыя за кулакі Лукашэнкі, і ён прарвецца на сход! Вось ён і нарваўся! Ды гэта ўсё заплянавана даўно, каб скампрамэтаваць улады.

А што за круглы стол сабраў сёньня Карбалевіч? Сядзяць двое аднаго меркаваньня і адзін аднаму пачынаюць, стараюцца, хто лепей нагаварыць на Лукашэнку дрэннага. Хлопцы, трэба ж вам навучыцца працаваць нармальна! Паслухайце, як іншыя радыёстанцыі працуюць. Нейкі прымітыў”.

(Бартось: ) “Добры дзень, Радыё Свабода! У суботу я была на вялікім базары Вішнявец Гарадзенскага раёну. Народу было вельмі шмат. І зь вялікай павагай і радасьцю людзі казалі пра Казуліна, пра Мілінкевіча. Радасьць у вачах была ва ўсіх людзей!”

(Спадар: ) “Агідна і брыдка было глядзець на той інцыдэнт, які здарыўся з Казуліным у Палацы чыгуначнікаў. Але Карбалевіч, ваш аналітык, правільна сказаў, што Казулін сьвядома ішоў на гэтую правакацыю. Ён неаднаразова казаў, што “я марскі пехацінец, і ні перад чым не спынюся”. Калі народу прапанаваць няма чаго, то ў ход ідуць ад кандыдатаў ня розум і разумныя прапановы, а кулакі. Вось мы бачылі два выступы Казуліна, і што ён прапанаваў? Агульныя фразы і толькі шальмаваньне Лукашэнкі, больш нічога. Калі ў цэлым глянуць на вобраз Казуліна – то гэта на 100 адсоткаў Саакашвілі, толькі ў беларускім варыянце. Паглядзіце, колькі ў яго пагарды, колькі нянавісьці, калі ён кажа. І вось калі б вашыя аналітыкі параўналі вобраз Казуліна і Мілінкевіча, то гэта неба і зямля. Калі там нейкая думка ёсьць, нейкі розум, то тут кулакі марскога пехацінца і нянавісьць. І тое, што ён атрымаў, гэта вельмі правільна. Шкада толькі, што перад міжнароднай суполкай мы сталі ня ў добрым сьвеце. А вінаваты ў гэтым – Казулін. А калі б гэта б не прысеклі, то было б панадна для іншых правакацыяў. А больш яму няма чым прыцягнуць да сваёй асобы”.

(Спадарыня: ) “Я ўчора паглядзела, як быў зьняважаны кандыдат у прэзыдэнты наш Казулін. Усенародна на вуліцы яго зьбівалі, прыніжалі. Гэта зьнявага ня толькі для гэтага чалавека асабіста, гэта зьнявага і непавага да тых людзей, якія аддалі подпісы, якія гатовыя галасаваць за гэтага чалавека. Гэта ж сярэднявечча і дзікасьць у нашае 21 стагодзьдзе!”

(Спадар, Берасьцейшчына: ) “Я хачу сказаць, што пасьля выступаў Казуліна і Мілінкевіча ў людзей прыадкрыліся вочы. Яны пачалі разумець сутнасьць рэаліі сёньняшняга дня, праўды і справядлівасьці”.

(Спадар: ) “Лёс склаўся так, што я маю магчымасьць у гэтым годзе пад час выбарчай кампаніі ў Беларусі якраз знаходзіцца тут. Я сам з-за мяжы. Дык вось, назіраючы за кампаніяй, якая адбываецца ў Беларусі, напрасілася думка, асабліва пасьля ўчорашніх падзеяў, якія адбыліся ў Менску, чаму Радыё Свабода ні слова ня кажа пра рэакцыю, якая была б у дэмакратычных краінах, што зараз выражаюць свой пратэст – гэта ў Латвіі, Літве, Польшчы – за тыя дзеяньні, якія былі зроблены кандыдатамі ў іншых краінах? Гэта па-першае.

Па-другое, мне вельмі шкада, што няўжо ў беларускага народу няма больш нармальных лідэраў на пост прэзыдэнта. Чаму вось гэтыя трое, якія выступаюць? Ну, Гайдукевіч яшчэ больш-менш, гэта чалавек, які рэальна разважае. А вось астатнія, асабліва Казулін. Гэта чалавек, абсалютна незразумела адкуль у яго прафэсарская адукацыя і яго адукацыя мне незразумелая, але такія паводзіны... Увогуле, гэтая кампанія вельмі брыдка і ня робіць гонару кандыдатам у прэзыдэнты за іх паводзіны і адпаведна паказвае сапраўдны твар апазыцыі. Апазыцыя, як я разумею, ня мае нармальнага ўплыву ў грамадзтве, таму любым брыдкім мэтадам хоча прыцягнуць да сябе ўвагу. Хацелася б, каб “Свабода” была больш аб’ектыўная ў сваіх выказваньнях і прытрымлівалася розных пунктаў гледжаньня”.

(Марыя Сямёнаўна: ) “Паважаная рэдакцыя Радыё Свабода! Я пэнсіянэрка зь Менску, 56 год, наведала на днях свой завод, на якім прапрацавала ўсё сваё жыцьця, даведалася, што вядомы мне інжынэр-тэхноляг шмат год быў старшынёй выбарчай камісіі на ўсіх выбарах. На рэфэрэндуме ў справаздачы ўказаў сапраўдную лічбу 30 адсоткаў тых, хто прагаласаваў за працягненьне паўнамоцтваў прэзыдэнта на трэці тэрмін, сказаў пры гэтым: “Навошта мне фальсыфікаваць?” Зараз ён заменены іншым, а менавіта начальнікам адміністратыўна-гаспадарчага аддзелу. Я думаю, што цяпер трэба праводзіць працу з членамі і старшынямі выбарчых камісіяў, бо фальсыфікацыя вынікаў – гэта парушэньне закону”.

(Спадар: ) “І вось Лукашэнка на трэцім беларускім сходзе прызнаўся на ўвесь сьвет, што існуюць стратныя прадпрыемствы, калгасьнікі жывуць у галечы. І вось пры гэтых фактах яшчэ ён хоча ў трэці раз кіраваць дзяржавай, каб людзі далей жылі ў галечы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG