Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Вашынгтон Пост” зьвяртае ўвагу на антыамэрыканскія заявы Лукашэнкі


Радыё Свабода Пра апошнія падзеі ў Беларусі сёньня пішуць усясьветныя мэдыі.

“Нью-Ёрк Таймс” у дэталях паведамляе пра затрыманьне і зьбіцьцё спэцназам кандыдата на прэзыдэнты Аляксандра Казуліна і падае ягоны словы адразу па выхадзе з міліцэйскага пастарунку: “Сёньняшні дзень паказаў, што беларускі прэзыдэнт баіцца ўласнага народу”. Газэта зьмяшчае і першую рэакцыю прадстаўнікоў ЗША на затрыманьні ў Менску. Дарадца ў справе нацыянальнай бясьпекі Джорджа Буша Стывен Хэдлі заявіў рэпарцёрам у Дэлі: “Мы хацелі б, каб выбары былі свабоднымі і празрыстымі. І ўмова такіх выбараў – каб вы не зьбівалі апазыцыйных кандыдатаў ці прыхільнікаў апазыцыі і не кідалі іх за краты. Мы лічым недастатковай міжнародную ўвагу да Беларусі ўвогуле, і ў прыватнасьці – у часе падрыхтоўкі да гэтых выбараў”.

“Нью-Ёрк Таймс” падае і словы Дэвіда Крэмэра, намесьніка памочніка Дзяржсакратара ЗША, які наведваў Беларусь на мінулым тыдні. У тэлефонным інтэрвію ён сказаў, што амэрыканскія і эўрапейскія дыпляматы абмяркоўваюць увядзеньне адпаведных санкцый, каб людзі ведалі, што калі яны будуць удзельнічаць у фальсыфікацыях падчас выбарчай кампаніі, гэта будзе мець для іх наступствы.

Брытанская газэта “Індэпэндэнт” піша, што Аляксандар Лукашэнка, якога Злучаныя Штаты назвалі апошнім дыктатарам у Эўропе, дадае да сваёй кампаніі пераабраньня на трэці тэрмін масавыя арышты і зьбіцьцё і затрыманьне аднаго з ключавых канкурэнтаў. “Індэпэндэнт” адзначае, што Лукашэнка, як чакаецца, атрымае пераканаўчую перамогу на прэзыдэнцкіх выбарах 19 сакавіка, тады як незалежныя назіральнікі кажуць, што гэта будзе фарсам, а не дэмакратыяй.

"Лукашэнка абвінавачвае Захад у тым, што ён фінансуе праз гэтак званую радыкальную апазыцыю скіданьне ягонага рэжыму ў стылі аранжавай рэвалюцыі. Разьюшаны дыктатар пакляўся зрабіць усё, каб прадухіліць такі сцэнар, абяцаючы зьліквідаваць апазыцыю пасьля выбараў", піша “Індэпэндэнт”.

Амэрыканская “Вашынгтон Пост” сёньня апублікавала артыкул пад загалоўкам “Кандыдата на прэзыдэнта зьбіваюць і арыштоўваюць напярэдадні галасаваньня. Служба бясьпекі цьвердзіць, што апазыцыя рыхтуе ўзброены пераварот”. Выданьне ў дэталях падае, як адбываліся ўчора затрыманьні ў Менску, як зьбівалі Аляксандра Казуліна, які хацеў прайсьці на арганізаваны Аляксандрам Лукашэнкам Усебеларускі сход. “Вашынгтон Пост” зьвяртае ўвагу на антыамэрыканскія заявы Лукашэнкі на гэтым сходзе. Злучаныя Штаты беларускі прэзыдэнт назваў “цёмнымі сіламі”, якія выступаюць супраць яго і стабільнасьці ў Беларусі. Газэта цытуе Лукашэнку, які кажа, што “яны ня могуць вучыць нас правам чалавека. Яны пралілі кроў на Блізкім Усходзе, у Аўганістане, Іраку і Югаславіі, мільёны людзей загінулі”.

Газэта падае і словы кандыдата ад аб’яднанай апазыцыі Аляксандра Мілінкевіча, які сказаў, што затрыманьне Казуліна засьведчыла, што выбары пераўтвараюцца ў фарс. “Вашынгтон Пост” падае і рэакцыю АБСЭ, якая вядзе назіраньне за выбарамі ў Беларусі, і ўжо заявіла пра сур’ёзнае пагаршэньне атмасфэры выбарчай кампаніі.
XS
SM
MD
LG