Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітыкі – пра “Ўсебеларускі сход”


Радыё Свабода Яшчэ адным выступам Аляксандра Лукашэнкі завяршыўся сёньня Ўсебеларускі народны сход. Як прадстаўнікі штабоў кандыдатаў у прэзыдэнты ацэньваюць гэтую імпрэзу?

Паводле Мечыслава Грыба, сход нельга назваць усенародным, таму што ён быў скліканы паводле прэзыдэнцкага указу, а не закону аб сходах.

(Грыб: ) “Гэты сход, зразумела, можна разглядаць як перадвыбарчы сход для аднаго кандыдата ў прэзыдэнты. Ён праводзіўся з парушэньнем 73-га і 74-га артыкулаў выбарчага кодэкса, дзе забараняецца выконваць адміністрацыйны рэсурс на карысьць свайго абраньня. Увесь гэты сход працаваў на карысьць абраньня толькі Лукашэнкі”.

Спадар Грыб кажа, што ЦВК, пракуратура і Канстытуцыйны суд ігнаруюць адпаведныя скаргі і заявы штабу Аляксандра Казуліна.

(Грыб: ) “Таксама кідалася ў вочы, што вельмі некарэктна паводзіў сябе кіраўнік дзяржавы, які абразіў сваіх палітычных апанэнтаў. Мне ён павялічыў узрост аж да 180-ці гадоў. Усё не адпавядае рэчаіснасьці. У цэлым, якім Лукашэнка быў, такім ён і застаўся – нявыхаваным, дзікім чалавекам”.

Сябра штабу Аляксандра Мілінкевіча Віктар Карнеенка зважае, што сход праводзіўся за кошт бюджэту і ў інтарэсах аднаго кандыдата. І гэта нельга назваць гульнёй па правілах.

(Карняенка: ) “Гэта мерапрыемства для ўлады Лукашэнкі, пад выбары. Столькі хлусьні, столькі падхалімства ў адным месцы і ў адзін час бывае даволі рэдка. Лукашэнка імкнецца ў тое мінулае, калі такімі мерапрыемствамі, фактычна, дэманстравалася ўлада народу, а выбары, як бы, тут ні пры чым”.

Сяргей Гайдукевіч, які браў удзел у сходзе, кажа, што яму спадабаўся выступ Лукашэнкі:

(Гайдукевіч: ) “Там сядзелі прыхільнікі, зразумела, і гэтак далей. Мне было вельмі цікава ўсё гэта глядзець і слухаць. Мне вельмі спадабаўся харызматычны, моцны выступ Лукашэнкі. Выступаў харызматык, які ведае, што казаць”.

Акадэмік Аляксандар Вайтовіч распавёў, як да Палацу рэспублікі, дзе праходзіў сход, нікога не пускалі. Міліцыя тлумачыла, што ідзе спэцапэрацыя.

(Вайтовіч: ) “Гэта спэцапэрацыя – гэты сход. Прычым так, як ён адбыўся – гэта ганьба для Беларусі. Гэта страшна што робіцца, каб так выступаў галоўны чыноўнік краіны! Гэта мерапрыемства ніяк не ўплывае на сытуацыю ў краіне, зусім. Гэта толькі піяр-акцыя і ўсяго. Зьезд прыхільнікаў Лукашэнкі, якія прызначаны яго адміністрацыяй”.
XS
SM
MD
LG