Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каб прысутнічаць пры падліку галасоў, трэба аформіць сябе назіральнікам


Радыё Свабода На пытаньні слухачоў сёньня адказваюць Алег Гулак і Віталь Сіліцкі.

(Спадар: ) “У мяне пытаньне, ці магу я прысутнічаць пры падліку галасоў на выбарах? І якімі юрыдычнымі нормамі гэта рэглямэнтуецца?”

Адказвае юрыст праваабарончай арганізацыі Беларускі хэльсынскі камітэт Алег Гулак.

(Гулак: ) “Звычайны грамадзянін ня можа быць пры падліку галасоў. Рэч такая, што ў адпаведнасьці з выбарчым кодэксам, прысутнічаць пры падліку галасоў могуць міжнародныя й нацыянальныя назіральнікі, а таксама журналісты, паўнамоцтвы якіх аформленыя адпаведным чынам. Таму, калі чалавек хоча папрысутнічаць пры падліку галасоў, ён мае права аформіць сябе назіральнікам. Для гэтага трэба альбо сабраць дзесяць подпісаў выбаршчыкаў гэтага ўчастка, альбо атрымаць дакумэнты назіральніка ад грамадзкага аб''яднаньня, працоўнага калектыву ці палітычнай партыі. Гэты дакумэнт павінны быць пададзеныя ва ўчастковую камісію за дзень да галасаваньня, каб быў зроблены адпаведны запіс ў сьпісе назіральнікаў. І тады чалавек мае права разьлічваць што ён будзе дапушчаны да гэтай працэдуры. Але трэба мець на ўвазе, што закон прадугледжвае прысутнасьць назіральніка ў часе падліку галасоў. А бачыш ты ці не бачыш – гэта ўжо другаснае. Хаця насамрэч гэта не назіраньне, а зьдзек над назіраньнем і галоснасьцю выбараў”.

(Спадар: ) "Кандыдат ў прэзыдэнты Казулін быў зьбіты ў фае Дома культуры чыгуначнікаў, арыштаваны і адвезены ў пастарунак. Скажыце, паважанае Радыё Свабода, ці ёсьць такія прыклада ў сьвеце, каб кандыдатаў у прэзыдэнты зьбівалі?"

Адказвае палітоляг Віталь Сіліцкі.

(Сіліцкі: ) "Былі такія прыклады ў сьвеце, калі кандыдатаў у прэзыдэнты ўвогуле забівалі – у Мэксыцы, на Філіпінах, у некаторых іншых краінах. Так што гэта яшчэ ня самае горшае разьвіцьцё падзеяў. Зьбіцьцё кандыдата – гэта праява тэрору. Тэрор можа быць дзяржаўным, можа быць недзяржаўным – з боку нейкіх палітычных канкурэнтаў, паўстанцаў ці яшчэ каго. Што тычыцца гвалтоўных дзеяньняў да кандыдатаў у нашых умовах, то гэта працэс больш кантраляваны й, магчыма, таму ён меней гвалтоўны".
XS
SM
MD
LG