Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Мэтай інтэрнатаў зьяўляецца выхаваньне беларусаў у духу англа саксонскай культуры, каб беларусы былі энэргічнымі, сумленнымі і з грамадзянскай адвагай людзьмі”


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Пра што пісалі ў мінулыя гады беларускія газэты 3 сакавіка.

“Беларуская ніва”, 1926 год. З Радашкавічаў:

“Краса і гонар горада — гэта наша беларуская гімназія. У ёй ужо 150 вучняў і поўныя 8 клясаў з прыгатаваўчай. Ёсьць інтэрнаты для хлапцоў і дзяўчат, зробленыя амэрыканскай місіяй мэтадыстаў пры помачы беларускіх мэтадыстаў. Мэтай інтэрнатаў зьяўляецца выхаваньне беларусаў у духу англа саксонскай культуры, каб беларусы былі энэргічнымі, сумленнымі і з грамадзянскай адвагай людзьмі, карыснымі сынамі свайго народу”.

“ЛіМ”, 1956 год. Міхась Лынькоў:

“Мінскія аўтамабілебудаўнікі будуць выпускаць у гэтым годзе… і саракатонныя самазвалы… Наша пісьменніцкая арганізацыя за ўсе гады яе існавання дала столькі абяцанак, выпусціла столькі дэкларацый аб напісанні твораў на рабочую тэматыку, што гэтыя абяцанкі і дэкларацыі не пацягнуў-бы і саракатонны самазвал. А калі гаварыць аб творах на рабочую тэматыку, якія з’явіліся за гэтыя гады, дык яны не абцяжарылі-б і звычайнага трохколавага веласіпеда…”

“Беларус”, 1966 год. Тэкст Трэцяй устаўной граматы Рады БНР:

“Беларуская Народная Рэспубліка павінна абняць усе землі, дзе жыве й мае лічбовую перавагу беларускі народ, а ласьне: Магілёўшчыну, беларускія часьці Меншчыны, Віленшчыны й Гарадзеншчыны (з Гораднам, Беластокам і інш.), Віцебшчыны, Смаленшчыны, Чарнігаўшчыны й сумежныя часьці суседніх губэрняў, заселеныя Беларусамі… Дадзена ў Менску-Беларускім 25 сакавіка 1918 року”.
XS
SM
MD
LG