Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лунінец: як ідзе выбарчая кампанія ў рэгіёнах?


Радыё Свабода, Берасьцейская вобласьць Як ацэньваюць агітацыйную кампанію рэгіянальныя актывісты? Вось што расказвае Віталь Каратыш, сябра Лунінецкага выбарчага штабу Аляксандра Мілінкевіча.

(Каратыш: ) "Калі людзі думаючыя трохі, то жадаюць нам посьпеху, далучаюцца да працы. Большасьць, можна сказаць, спачувае. Усе ведаюць, што афіцыйна мы не пераможам. Але разумеюць: пачатак пераменаў – гэта самае важнае. Нам важна пачаць. Здаецца, з гэтым мы спраўляемся. Што нешта пачынаецца – гэта відавочна.

Не хапае інфармацыі. Да мяне часта зьвяртаюцца людзі з просьбай дзе-небудзь прыдбаць “Народную волю”, яшчэ нейкія крыніцы інфармацыі. Гэта таксама праблема.

Раней у нас ня верылі, і толькі спачувалі. Зараз у нас вераць і спачуваюць. Я ня бачыў практычна ніводнага чалавека, які б верыў таму, што кажуць па тэлебачаньні. Апроч, можа, якой бабулькі".

(Карэспандэнтка: ) "Ці зьяўляюцца агітатары Лукашэнкі непасрэдна ў Лунінцы?"

(Каратыш: ) “Штосьці падазрона: я іх нідзе ня чуў. Пакуль нідзе не вісяць іх улёткі… Можа, гэта таму, што ў нас маленькі горад, і ў іх ёсьць нейкая стратэгія наконт гэтага”

Спадарыня з Лунінецкай выбарчай камісіі, якая не пажадала назвацца, кажа іншае. Паводле яе, агітатары дзейнага прэзыдэнта больш актыўныя, чым астатнія.

(Спадарыня: ) “Толькі па Лукашэнку. Астатнія ў нас у камісіі не рэгістраваліся, каб выступаць. Пры кожным сельскім савеце месца абазначана – дзе. Але ж яны перад гэтым павінны зарэгістравацца ў раённай камісіі”.

Як ацэньваюць агітацыйную кампанію ў камандзе Аляксандра Казуліна? Ягоны штаб па Магілёўскай вобласьці ўзначальвае Юры Новікаў:

(Новікаў: ) “Народ рэагуе добра. Таму, што не чакаў такіх шчырых выступаў і рэзкіх заяваў у бок прэзыдэнта ад Казуліна. Некаму гэта ня тое, што не падабаецца – людзі кажуць, што гэта страшна, што ён сам сабе можа загубіць...

Але калі агульна разглядаць гэтае пытаньне, то рэакцыя даволі-такі добрая. Увагу ён на сябе зьвярнуў, і ва ўсіх ёсьць зацікаўленасьць. Адсочваюць, як праходзіць кампанія. Ніхто ня верыць у тое, што нехта будзе здольны перамагчы. Кажуць, няважна, як галасавалі – важна, як лічылі... Такая думка ў народу.

Ну а ў нас тут зараз праблемы. Высяляюць з офісу. Ужо некалькі разоў выклікалі ў РАУС гаспадара, які здаваў нам гэтую кватэру, папярэджвалі, што ў яго будуць вялікія праблемы, што зусім могуць гэтую кватэру адабраць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG