Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чым запомніўся жыхарам Віцебску Ўсебеларускі народны сход?


Радыё Свабода, Віцебск Ці сачылі Вы за Ўсебеларускім народным сходам, і што вам падалося найбольш адметным? Гэтыя пытаньні віцебскім мінакам задавала карэспандэнтка Радыё Свабода.

(Спадар: ) “Глядзеў, абавязкова! І нічога новага там не пачуў – адна балбатня! Як езьдзіў людзям па вушах Лукашэнка, так і езьдзіць. Які ён быў, такім і застаўся!”

(Хлопец: ) “Я думаю, што тыя людзі, якія сядзелі ўчора ў той залі, дужа моцна падвысілі ўзровень свае адукацыі. Прынамсі, даведаліся, што наш славуты зямляк Скарына жыў у Піцеры! Гэты факт дасюль ня быў вядомы нікому ў сьвеце!

Яшчэ даведаліся, што беларусы пілі й будуць піць, і што гэта гістарычны пункт погляду! Ну, і таксама даведаліся, што на прэзыдэнцкай лыжні адкаркоўваюць ды п’юць піва”.

(Спадар: ) “Я не даведаўся пра піва – гэтае прозьвішча не было названае ўчора прэзыдэнтам. Але вось тое, што некалі былы міністар спорту і турызму ці то здымаў, ці то насоўваў яму лыжы, – гэта факт, які быў паказаны па тэлебачаньні на ўсю Беларусь, а можа, нават і на ўвесь СНД!

Я ўчора пачаў глядзець, калі ён гаварыў пра той інцыдэнт з Казуліным. Гэта быў такі нэгатыў на адрас апазыцыі, проста брыдкая лаянка – што і "адмарозкі", і што "мы ім далі, марпехам гэтым! І што, калі яны прыйдуць да ўлады, то назаўтра тут будуць войскі і канец сьвету будзе!" А слухаеш выступ Мілінкевіча – абсалютна чалавек гаворыць нармальна, разважліва...”

(Спадарыня: ) “Я запомніла залю: людзі сумавалі, пазяхалі, жавалі цукеркі”.

(Хлопец: ) “Але там даволі шмат сьмяяліся, што цікава. Лукашэнка што-небудзь як скажа, дык усе пачынаюць сьмяяцца. Складвалася часам такое ўражаньне, што глядзіш забаўляльнае шоў Клюб вясёлых і знаходлівых”.

(Спадар: ) “Тыя, хто на першых шэрагах сядзеў, дык проста спалі – вэтэраны, каму, можа, зручней ужо дома на канапе пасядзець, чымсьці ў гэтых першых шэрагах. А чалавека, які сапраўды хацеў туды патрапіць, туды не пусьцілі. Я маю на ўвазе Казуліна. Ён, між іншым, таксама прадстаўнік ад народу. Так што хто для іх народ – я не разумею!”

(Спадар: ) “Так, я глядзеў рэпартаж, і быў у шоку: гэта ж як 30 год таму, вяртаньне нейкіх камуністычных сходак, дзе людзі, якія пры ўладзе і пры кармушках, хваляць адно аднаго. Але відаць, што ў вачох іхных – толькі страх. І што яны самі ня вераць у тое, пра што гавораць!”

Гл. таксама • Усебеларускі сход: Філарэт цікавіцца падаткамі, Абрамава адмовілася ад удзелу • Усебеларускі народны сход – вачыма гледачоў
XS
SM
MD
LG