Лінкі ўнівэрсальнага доступу

В.Станкевіч: "Гэта ня выбары, а самапрызначэньне Лукашэнкі"


Тацяна Поклад, Вільня У Літве і палітыкі, і сродкі масавай інфармацыі актыўна абмяркоўваюць сытуацыю вакол будучых выбараў у Беларусі, і, у прыватнасьці, праблему назіраньня на выбарах. Усе літоўскія парлямэнтары, якія выказалі жаданьне ехаць назіральнікамі на выбары ў Беларусь, атрымалі такую магчымасьць, дзеля чаго склад групы назіральнікаў быў павялічаны. Тым часам літоўскі парлямэнтар Вацлаў Станкевіч, беларус з паходжаньня, заявіў, што на гэты раз назіральнікам на выбары не паедзе.

Літоўскі парлямэнтар Вацлаў Станкевіч, старшыня камісіі ў справах НАТО, сябра парлямэнцкай групы “За дэмакратычную Беларусь” заявіў:

(Станкевіч: ) “Маючы на ўвазе беларускае заканадаўства, я ўжо сёньня магу сказаць, што выбары ў Беларусі будуць недэмакратычныя, несправядлівыя. Чатыры гады назад я езьдзіў назіральнікам на прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі, як толькі прыяжджаеш на выбарчы пункт, цябе адразу абкружаюць некалькі міліцыянтаў альбо людзей у цывільным, і нічога там ня ўбачыш”.

Іншыя літоўскія парлямэнтары перакананыя, што трэба падтрымаць заклік прадстаўнікоў беларускіх дэмакратычных сілаў даслаць як мага больш назіральнікаў на выбары. Кіраўнік Вышэйшай выбарчай камісіі Зянонас Вайгаўскас лічыць, што хаця і няма надзеі, што выбары 19 сакавіка ў Беларусі будуць дэмакратычнымі, прысутнасьць назіральнікаў прынамсі стрымае ўлады ад грубых парушэньняў:

(Вайгаўскас: ) “Цяпер прынятае рашэньне – у якіх бы ўмовах не адбываліся выбары, назіраць за імі. Удзел міжнародных назіральнікаў цяпер створыць умовы, каб на будучых выбарах пачалі ўсталёўвацца дэмакратычныя стандарты.”.

Літоўскі парлямэнтар Вацлаў Станкевіч, які сам зьяўляецца беларусам паводле паходжаньня, мяркуе, што ехаць назіральнікамі на будучыя выбары ў Беларусі варта тым, хто ня ведае беларускіх рэаліяў.

(Станкевіч: ) “Я не хацеў бы казаць – ня трэба ехаць увогуле, ня трэба наглядаць. Ужо самы прыезд у Беларусь, кантакты зь беларускім грамадзтвам, з простымі людзьмі, гэта ўжо пазытыўны вынік. Але гэтыя назіральнікі прыедуць з дэмакратычных краінаў, яны ня змогуць назіраць за працэсам выбараў, так, як яны прызвычаіліся ў сваіх краінах. Радыкальна зьмяніць сытуацыю назіральнікі ня змогуць. Тыя, хто хоча, няхай едуць упэўніцца, што там немагчыма назіраць як пры нармальных дэмакратыях”.

Раней віцэ-сьпікер Сойму Літвы Вікторас Мунцьянас заявіў, што, паколькі выбары ў Беларусі адбудуцца паводле сцэнара А. Лукашэнкі, назіральнікі могуць быць скарыстаныя ў шоў, падрыхтаваным дыктатрскім рэжымам.

(Станкевіч: ) “Зразумела, гэта будзе. Афіцыйная ўлада будзе казаць, што вось назіральнікі былі, усё бачылі, і павінны прызнаць, што выбары былі справядлівыя і дэмакратычныя. Гэта яшчэ адна прычына, чаму я не еду.”

Раней Вацлаў Станкевіч ня раз падкрэсьліваў, што дзеля вырашэньня праблемы ізаляцыі Беларусі ў міжнародных і эўрапейскіх структурах трэба кантактаваць ня толькі зь беларускай апазыцыяй, але і з афіцыйнымі ўладамі – каб паўплываць на зьмены недэмакратычных законаў пра СМІ і выбары, без чаго міжнародная супольнасьць ня можа прызнаць вынікі любых выбараў, а значыць, і абраныя недэмакратычным шляхам улады.

(Станкевіч: ) “Але калі выбары былі абвешчаныя значна раней, на 19 сакавіка, то цяпер такі кантакт з афіцыйным Менскам робіцца бессэнсоўным, і цяпер мы павінны зразумець, што гэта будуць ня выбары, а самапрызначэньне спадара Лукашэнкі на прэзыдэнцкую пасаду.

І трэба старацца, каб апазыцыя, якая змагаецца, якая ўсё-ткі ідзе на выбары, каб яна захавала свой склад, каб простаму беларусу было зразумела каго слухаць і пасьля гэтых недэмакратычных выбараў, а нам, прадстаўнікам суседніх краінаў і самому Эўразьвязу трэба імкнуцца працаваць ня толькі з апазыцыяй, але і прыцягнуць на свой бок сымпатыі простых беларусаў. Мы павінны працаваць з усім шырокім колам беларускага грамадзтва, магчымасьці мы такія маем, але гэтага ня робім”.

На будучыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі зь літоўскага Сойму накіроўваецца група назіральнікаў у складзе 16 парлямэнтароў, у іх ліку сябры дэлегацыяў у Парлямэнцкіх Асамблеях АБСЭ, Рады Эўропы і НАТО, дэлегацыі Асамблеі Заходняга Эўрапейскага Зьвязу, сябры парлямэнцкіх камітэтаў і камісіяў. Спачатку плянавалася накіраваць меншую групу назіральнікаў, але з увагі на жаданьне парлямэнтароў і рашэньне камітэту па замежных справах склад групы назіральнікаў ад Сойму Літвы быў пашыраны і жадаючыя ехаць у Беларусь 19 сакавіка атрымалі такую магчымасьць.
XS
SM
MD
LG