Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіеў патрабуе тлумачэньняў, чаму ў Беларусь не ўпусьцілі грамадзян Украіны


Радыё Свабода Міністэрства замежных справаў Украіны запатрабавала ад беларускіх уладаў Беларусі тлумачэньняў у сувязі з учорашняй адмоваю шасьці грамадзянам Украіны ва ўезьдзе на тэрыторыю Беларусі.

“Гэты крок беларускага боку, – гаворыцца ў паведамленьні прэсавай службы ўкраінскага МЗС, – парушае права грамадзянаў Украіны на свабодны ўезд на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь, які гарантуецца адпаведным двухбаковым пагадненьнем ад 1992 году”.

Міністэрства замежных справаў Украіны патрабуе ад беларускіх уладаў правесьці належнае расьсьледаваньне інцыдэнту і падаць Украіне вычарпальныя тлумачэньні.

Нагадаем, учора былі выдаленыя зь Беларусі прадстаўнікі ўкраінскай арганізацыі “Пара” на чале з дарадцам прэзыдэнта Віктара Юшчанкі Ўладам Каськівым.

Шасьці журналістам, якія прыляцелі ў Менск разам зь імі і таксама былі пад пагрозай дэпартацыі, ўдалося ўгаварыць КДБ пакінуць іх у Менску.

Учора ў аэрапорце ўсю ўкраінскую дэлегацыю сустрэла чацьвёра супрацоўнікаў спэцпадразьдзяленьня “Альфа” КДБ Беларусі. Кіраваў працэдурай палкоўнік КДБ Аляксандар Жарскі.
XS
SM
MD
LG