Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Казулін патрабуе пакараць тых, хто зьбіваў яго і ягоных паплечнікаў


Радыё Свабода Аляксандар Казулін патрабуе прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці тых, хто ўчора зьбіваў яго самога, ягоных паплечнікаў і журналістаў. Сёньня кандыдат на прэзыдэнта Казулін накіраваў адпаведную заяву генэральнаму пракурору.

Ён засьведчыў фізычныя пашкоджаньні, нанесеныя яму камандзірам спэцназу Міністэрства ўнутраных справаў Дзьмітрыем Паўлічэнкам і ягонымі падначаленымі.

Аляксандар Казулін таксама абараняе актывіста свайго перадвыбарчага штабу Юрыя Радзівіла, машына якога была ўчора абстраляная чалавекам у цывільным. Цяпер спадара Радзівіла абвінавачваюць у непадпарадкаваньні супрацоўніку міліцыі.

Сёньня Аляксандар Казулін прайшоў мэдычную экспэртызу, дзе зафіксаваў пабоі, нанесеныя яму ўчора ў Палацы культуры чыгуначнікаў палкоўнікам Паўлічэнкам і ягонымі падначаленымі. Кандыдат на прэзыдэнта ад сацыял-дэмакратаў патрабуе прыцягнуць гэтых людзей да крымінальнай адказнасьці.

(Казулін: ) “Мы ўжо падалі заяву на імя генэральнага пракурора. Дзе гэта бачна каб сярод дня нападалі з боку ды з заду. Ды там было каля паўсотні “адмарозкаў”. Яны ўжылі супраць мірных людзей тое, што мусілі б ужываць супраць злачынцаў”.

Аляксандар Казулін разам з назіральнікамі ад АБСЭ наведаў сёньня пракурора Маскоўскага раёну, дзе даў свае паказаньні ў справе ўчорашняга абстрэлу машыны актывіста перадвыбарчага штабу Юрыя Радзівіла.

Падначалены палкоўніка Паўлічэнкі абстраляў машыну спадара Радзівіла каля пастарунку міліцыі, дзе знаходзіўся Аляксандар Казулін. У гэты час там адбывалася затрыманьне паплечнікаў кандыдата. На Юрыя Радзівіла заведзеная крымінальная справа па артыкуле “Непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі”, і цяпер ён затрыманы.

(Казулін: ) “Мы далі пракурору факты і фатаздымкі, дзе ўсё гэта бачна. Там бачна, хто быў ініцыятарам і ўжыў зброю. Ужываньне зброі ў мірны час ёсьць злачынствам. А за злачынства трэба караць па ўсёй строгасьці закону. Але тут міліцыянты спрабуюць выкруціцца з гэтай, для іх вельмі непрыемнай, сытуацыі”.

Аляксандар Казулін сказаў, што будзе ўсімі сіламі бараніць Юрыя Радзівіла.

З рэзкім асуджэньнем учорашніх дзеяньняў беларускіх уладаў у адносінах да Аляксандра. Казуліна, ягоных паплечнікаў і журналістаў выступілі ўрады ЗША, Літвы, Аўстрыі і кіраўніцтва Эўрапейскага Зьвязу.

Кандыдат Казулін запісаў сёньня тэкст свайго радыёвыступу перад выбарцамі, у якім чарговы раз рэзка крытыкаваў палітыку цяперашняга кіраўніцтва.

Гл. таксама • Невядомыя стралялі па машыне Ю.Радзівіла, якога трымаюць у СІЗА • Кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Казулін зьбіты камандзірам брыгады спэцназу Дзьмітрыям Паўлічэнкам (фотарэпартаж) • Пасьля затрыманьня Казуліна адбыўся інцыдэнт са стралянінай (фота)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG