Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Невядомыя стралялі па машыне Ю.Радзівіла, якога трымаюць у СІЗА


Радыё Свабода Сёньня актывіста штаба кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Казуліна Юрыя Радзівіла абвінавацілі ў гвалтоўных дзеяньнях супраць міліцыянтаў. Крымінальная справа супраць Радзівіла стала яшчэ адным вынікам учорашняга інцыдэнту з удзелам Аляксандра Казуліна.

У пракуратуры Маскоўскага раёну Менску прад’явілі абвінавачваньне ва ўжываньні гвалту, альбо пагрозе гвалту адносна супрацоўнікаў міліцыі Юрыю Радзівілу, актывісту штабу Аляксандра Казуліна.

Гэта па колах ягонага аўтамабіля стралялі невядомыя асобы ў цывільным пасьля ўчорашняга затрыманьня Казуліна. Зь вечара 2 сакавіка Юрыя Радзівіла трымаюць пад вартай.

Што ж адбылося з Юрыем Радзівілам?

Як сьцьвярджаюць у Маскоўскім райадзьдзеле міліцыі, вадзіцель аўтамабіля “Аудзі” Юры Радзівіл нібыта адмовіўся падпарадкавацца міліцыянтам, якія назвалі сябе і запатрабавалі, каб ён выйшаў з аўтамабіля. Замест гэтага, кажуць міліцыянты, Юрый Радзівіл зачыніў дзьверы аўтамабіля знутры і паехаў. У выніку нібыта ўзьнікла пагроза для жыцьця і здароўя міліцыянтаў.

Аднак Юрый Радзівіл вінаватым сябе не прызнае. Пра гэты інцыдэнт актывіст штабу Аляксандра Казуліна распавёў ўчора на прэсавай канфэрэнцыі. У прыватнасьці, ён казаў, што насамрэч сам стаў ахвярай нападу невядомых людзей.

(Радзівіл: ) “Нечакана ўзьніклі чатыры чалавекі ў чорным: чорныя капелюшы, чорныя паліто, твары максымальна закрытыя. Усё адбывалася вельмі хутка. Раптам яны пачалі страляць. Я інстынктыўна прыгнуў галаву і паехаў, бо рухавік аўтамабіля быў уключаны. Лабавое шкло разьбілася. Ня ведаю, ці ад стрэла ці ад таго, што па ім ударылі рукаяткай пісталета”.

Чаму гэтыя людзі зацікавіліся Юрыем Радзівілам? Учора журналістам ён казаў, што магчыма ім патрэбны быў фотаапарат, які яму перадаў Мікалай Цяцёркін, яшчэ адзін актывіст штабу Казуліна. Юры Радзівіл меркаваў, што Цяцёркін зьняў на фота момант учорашняга масавага затрыманьня людзей невядомымі побач з Кастрычніцкім райадзьдзелам міліцыі.

Сёньня пракуратуру Маскоўскага раёну Менску, дзе вырашалася пытаньне пра лёс Юрыя Радзівіла, наведалі кандыдат у прэзыдэнты Аляксандр Казулін, а таксама назіральнікі АБСЭ.

Адвакаты Радзівіла хадайнічалі пра тое, каб яго выпусьцілі з-пад варты пад падпіску пра нявыезд. Пакуль невядома, якое рашэньне прыняў пракурор Маскоўскага раёну Віктар Жынгель адносна меры стрыманьня.

Сьледчы пракуратуры Барыс Салавьянчык, які будзе весьці справу Радзівіла, адмовіўся размаўляць пра падрабязнасьці справы.

• Пасьля затрыманьня Казуліна адбыўся інцыдэнт са стралянінай (фота)
XS
SM
MD
LG