Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Шчучын: кіраўнік штабу Мілінкевіча – у сьледчым ізалятары


Радыё Свабода, Гарадзенская вобласьць Кіраўнік ініцыятыўнай групы Мілінкевіча Сяргей Ляшкевіч з учорашняга дня знаходзіцца ў сьледчым ізалятары Шчучына. Супраць яго распачатая крымінальная справа.

Сёньня дзяжурны Шчучынскага райадзьдзелу міліцыі пацьвердзіў, што Сяргей Ляшкевіч, кіраўнік ініцыятыўнай групы А.Мілінкевіча, учора быў затрыманы і цяпер утрымліваецца ў сьледчым ізалятары.

Дзяжурны таксама патлумачыў, што шчучынскай міліцыяй узбуджана крымінальная справа паводле артыкулу 293 ч.3 Крымінальнага Кодэксу (навучаньне ці іншая падрыхтоўка асобаў да ўдзелу ў масавых беспарадках).

Які канкрэтны факт стаў падставай для крымінальнай справы ў Шчучыне ў райадзьдзеле міліцыі тлумачыць адмовіліся. Адзінае, што паведамілі – Сяргея Ляшкевіча пакуль затрымалі на трое сутак.

Нагадаем, што ўчора на працягу дня сябры Сяргея Ляшкевіча не маглі яго знайсьці. Ягоны тэлефон не адказваў. Сёньня высьветлілася, што ўчора ў ягонай кватэры напачатку быў ператрус, а потым яго даставілі ў сьледчы ізалятар.

Яшчэ ў аднаго сябра ініцыятыўнай групы Мілінкевіча, Васіля Бязьмена, ператрус працягваўся больш за тры гадзіны. У яго канфіскавалі матэрыялы з асабістага архіву, сыстэмны блёк кампутара і дыскеты. Ён пакуль застаецца на волі.
XS
SM
MD
LG