Лінкі ўнівэрсальнага доступу

М.Лазавік: “ЦВК вельмі лібэральна ставіцца да кандыдатаў”


Радыё Свабода У найбліжэйшы час паседжаньні Цэнтравыбаркаму не заплянаваныя,– паведаміў “Свабодзе” сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік. Пры гэтым ён заявіў, што выбарчыя камісіі ставяцца да кандыдатаў на прэзыдэнта “вельмі лібэральна”. Сакратар ЦВК таксама адзначыў, што скаргу на інцыдэнт з Казуліным яны разглядаць ня будуць.

(Лазавік: ) “І на этапе рэгістрацыі, калі мы вельмі лібэральна праверылі подпісы, што дало ім магчымасьць зарэгістравацца, і на этапе агітацыі, калі агітацыйныя мерапрыемствы і дзеяньні некаторых кандыдатаў носяць яўна правакацыйны характар і выходзяць за рамкі дзейнага заканадаўства. Я проста не рэкамэндаваў бы кандыдатам злоўжываць нашым лібэралізмам”.

Паводле спадара Лазавіка, цяпер у ЦВК чакаюць рэакцыі праваахоўных органаў на ўчарашнія падзеі, але не хацелі б скасаваньня рэгістрацыі каго-небудзь з кандыдатаў.

(Лазавік: ) “Будзем цярпець. Калі не зьявіцца чагосьці новага...– пакуль жа гэта не сьмяротна. І мы не хацелі б, каб сьмяротна пацярпелі кандыдаты, не ў прамым сэнсе сьмяротна, а каб не скончылася іх перадвыбарчая гонка. Мы хацелі б, каб выбары былі альтэрнатыўнымі і каб нам не даводзілася здымаць кандыдатаў на прэзыдэнта. Але для гэтага патрэбна выконваць заканадаўства”.

Спадар Лазавік паведаміў, што ў ЦВК паступіла скарга Мечыслава Грыба на ўчарашняе затрыманьне кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Казуліна. Але ЦВК не можа на яе рэагаваць, бо гэта не зьяўляецца парушэньнем Выбарчага кодэксу, а кандыдаты ня маюць нейкага асаблівага імунітэту.

Паводле спадара Лазавіка, высноваў праваахоўных органаў аб парушэньні заканадаўства кандыдатамі на прэзыдэнта пад час падзеяў 2 сакавіка ў ЦВК пакуль не паступала.
XS
SM
MD
LG