Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Усебеларускі сход: Філарэт цікавіцца падаткамі, Абрамава адмовілася ад удзелу


Радыё Свабода Сёньня ў Менску працягваў працу III Ўсебеларускі народны сход. У прамой трансьляцыі па тэлебачаньні прайшло абмеркаваньне перадвыбарчай праграмы Аляксандра Лукашэнкі, агучанай напярэдадні.

Палац Рэспублікі і плошчу вакол яго зноў ахоўвалі спэцслужбы і міліцыя. Праход па Кастрычніцкай плошчы для мінакоў быў забаронены.

Тым часам у залі выступоўцы (а гэта пераважна намэнклятура – кіраўнікі прадпрыемстваў і ўстановаў, банкіры, прадстаўнікі адміністрацый і вэртыкальшчыкі) ухвалялі праграму спадара Лукашэнкі і распавядалі пра дасягненьні і посьпехі.

Старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Канаплёў заявіў:

(Канаплёў: ) “Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў падтрымліваюць сацыяльна-эканамічную палітыку, якую ажыцьцяўляе кіраўніцтва краіны. Маючы непасрэдную сувязь з акругамі, парлямэнтары стануць своеасаблівымі завадзіламі працы на месцах па рэалізацыі рашэньняў Ўсебеларускага народнага сходу. Мы падтрымліваем свайго прэзыдэнта сёньня і падтрымліваем яго 19 сакавіка!”

Выступоўцы чыталі загадзя падрыхтаваныя прамовы.

Некаторыя прасілі пабудаваць шпіталь ці стварыць працоўныя месцы. Кіраўніца "Беларусьбанку" прапанавала адкрыць музэй маці. У сваім выступе мітрапаліт Філарэт, між іншым, закрануў праблему падаткаабкладаньня.

(Філарэт: ) “Праваслаўная царква заўсёды заклікае прыслухоўвацца да думкі традыцыйных на Беларусі рэлігійных канфэсій. БПЦ разам зь дзяржавай працягвае пошук абгрунтаваных і ўзважаных вызначэньняў у гэтай галіне заканадаўства”.

Сцэна сходу была аформлена на беларускай мове, але практычна ўсе выступоўцы прамаўлялі на расейскай. Выключэньнем стала Любоў Пузырына, настаўніца беларускай мовы з Брагіна.

(Пузырына: ) “У апошнія гады наш раён перажывае другое нараджэньне. Вялікі дзякуй нашаму прэзыдэнту Аляксандру Лукашэнку, які ня раз наведаў Брагін, ведае ўсе нашы праблемы і дапамагае іх вырашаць. Ад імя ўсіх жыхароў раёну запрашаю вас, Алякспандар Рыгоравіч, у красавіку прыехаць да нас і ўпэўніцца ў значных пазытыўных зьменах”.

У працы сходу бралі ўдзел, згодна з прэзыдэнцкім указам, 2.500 чалавек.

Дэпутатку Вольгу Абрамаву абралі дэлегатам, калі яна знаходзілася за межамі Беларусі. Яна адмовілася ўдзельнічаць у сходзе:

(Абрамава: ) “Таму што, акрамя таго, што я дэпутат Палаты прадстаўнікоў, я яшчэ пажыцьцёва і дэпутат Вярхоўнага Савета 13-га скліканьня. Я лічу, памятаючы палітычную гісторыю, што функцыі парлямэнту павінен выконваць адзін орган, у якім я знаходжуся. Сход фактычна прыраўнаны, калі ў 1996-м годзе гэта быў паралельны парлямэнт, то цяпер ён блізкі па статусу да нечага аналягічнага зьездам КПСС”.

***

"Вялікае шоў Лукашэнкі" назвала Ўсебеларускі народны сход уплывовая нямецкая газэта "Frankfurter Allgemeine". "У часе гэтага шоў Лукашэнка чарговым разам не забыўся выказаць папрокі на адрас Захаду ў тым, што ён ня мае аніякага маральнага права сьцьвярджаць пра парушэньне правоў чалавека ў Беларусі, а калі кіраўнік дзяржавы абяцаў сваім грамадзянам забясьпечыць іх халадзільнікамі, міліцыя зьбівала нязгодных з рэжымам", піша нямецкае выданьне.
XS
SM
MD
LG