Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мілінкевіч накіроўваецца на Гарадзеншчыну, абураны выступам Грызлова


Радыё Свабода Кандыдат ад аб’яднанай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч сёньня пачынае паездку па Гарадзеншчыне. Ацэньваючы ўчорашнюю сустрэчу з выбарцамі ў цэнтры Менску, Аляксандар Мілінкевіч заявіў, што не баіцца магчымага затрыманьня і арышту на 15 сутак, аб чым папярэджвала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына. Надалей у кандыдата заплянаваныя сустрэчы з выбарцамі не толькі ў залях, але і на плошчах гарадоў.

Аляксандар Мілінкевіч заявіў, што, паводле Выбарчага кодэксу, кандыдаты на прэзыдэнта маюць законнае права праводзіць сустрэчы на ўсёй тэрыторыі Беларусі, не просячы дазволу, а толькі паведамляючы пра гэта ўладам.

(Мілінкевіч: ) "Я задаволены тым, што такая велізарная колькасьць людзей перамагла страх. Што такая вялікая колькасьць людзей хоча іншай Беларусі. Было так шмат моладзі. Гэта ўзрушыла мяне і дало велізарную надзею, нават упэўненасьць, што мы можам пераламаць ход гісторыі сучаснай Беларусі, што мы не падпадзем пад палярную ноч".

Спадар Мілінкевіч гэтак выказаў свае адносіны да пагрозы старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай аб тым, што яго могуць арыштаваць на 15 сутак за ўчорашнюю сустрэчу:

(Мілінкевіч: ) “Калі яны так лічаць – хай арыштоўваюць. Але гэта будзе абсалютна незаконна і будзе безумоўна спрыяць пратэставым настроям у грамадзтве. Я гэтага не баюся, хай робяць. Беззаконьне паўсюдна і штодзённа, і я ня думаю, што адносна мяне будзе выключэньне”.

Спадар Мілінкевіч паведаміў, што ў Менску ў яго яшчэ заплянавана шмат сустрэч у мікрараёнах, а ў найбліжэйшых плянах– сустрэчы на Гарадзеншчыне і Берасьцейшчыне. Пры гэтым, там, дзе ўлады не даюць вялікіх заляў у цэнтры, спадар Мілінкевіч зьбіраецца праводзіць вулічныя мітынгі.

Аляксандар Мілінкевіч кажа, што яшчэ няма ніякай рэакцыі на ягоныя скаргі у МУС, КДБ, ЦВК на ўціск сябраў ягонай каманды, якія раздаюць легальныя ўлёткі.

Уціск актывістаў працягваецца, цьвердзіць апазыцыйны кандыдат:

(Мілінкевіч: ) “Робіцца ўсё, каб не пускаць нас да людзей. У Гомелі ўвогуле прыйшоў ліст, падпісаны абласным начальнікам, аб тым, што нельга распаўсюджваць улёткі Мілінкевіча ў людных месцах. Гэта значыць, што нам трэба ісьці ў лес і зайцам ды ваўкам паказваць гэтыя ўлёткі… Да абсурду поўнага ўжо дакаціліся”.

Аляксандар Мілінкевіч выказаў сваё абурэньне тым, што афіцыйная прапаганда выкарыстоўвае замежных палітыкаў Барыса Грызлова, Натальлю Вітрэнку, якія прыбылі на Усебеларускі народны сход, і выступаюць з падтрымкай Лукашэнкі:

(Мілінкевіч: ) “Мне асабліва сумна, што ёсьць афіцыйная пазыцыя Расеі, бо Грызлоў – гэта афіцыйны чалавек, ён выказваецца ад краіны. І такая адкрытая падтрымка не адпавядае ані закону, ані маралі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG