Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саюзу беларускіх пісьменьнікаў пагражае ліквідацыя


Радыё Свабода У Вярхоўным судзе адбылося папярэдняе паседжаньне, на якім разглядаліся прэтэнзіі Мін’юсту да Саюзу беларускіх пісьменьнікаў. Міністэрства юстыцыі патрабуе ліквідацыі пісьменьніцкай арганізацыі.

Падставы для пазову наступныя: адсутнасьць арыгіналу статуту; няправільна аформленая пячатка; выява герба “Пагоня” на шыльдзе з назвай арганізацыі; а таксама тое, што ў будынку Дома літаратараў, які ад 1997 году належыць Адміністрацыі прэзыдэнта, быў праведзены зьезд Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада).

Пачатак разгляду справы пра ліквідацыю Саюзу беларускіх пісьменьнікаў супаў зь Міжнародным днём пісьменьніка, які адзначаецца 3 сакавіка.

Намесьнік старшыні СБП Барыс Пятровіч так пракамэнтаваў першую сустрэчу ў судзе з прадстаўніком мін’юсту Аляксандрам Харытонам:

(Пятровіч: ) “Ня хочацца думаць, што нашыя высілкі даказаць сваю правату ад пачатку будуць дарэмнымі. Я ведаю, што за сваю гісторыю Мін’юст яшчэ ніводнай падобнай справы не прайграў. І я ведаю, што многія арганізацыі закрываліся на зусім сьмешных падставах: не хапае нейкай коскі, ці лішняя коска ў статуце”.

Прадстаўнік Мін’юсту Аляксандар Харытон адмовіўся ад камэнтароў.

Юрыст Дзьмітры Філімончык, які абараняе інтарэсы СБП, лічыць, што найбольш абгрунтаванай прэтэнзіяй можа быць толькі адсутнасьць арыгіналу статуту:

(Філімончык: ) “У іх ёсьць натарыяльны дублікат. Ну, няма арыгіналу. Гэту сытуацыю можна выправіць”.

2 сакавіка гаспадарчы суд Менску задаволіў пазоў Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта, якое дамагаецца высяленьня кіраўніцтва Саюзу з Дому літаратара і аплату 55 мільёнаў рублёў за арэнду. Таксама напярэдадні пра выхад з СБП падалі заявы 27 літаратараў, сярод іншых – Віктар Шніп і Ўладзімер Скарынкін. Разам з СБП выйшлі ўжо больш за 70 літаратараў.

Барыс Пятровіч лічыць, што пазовы Кіраўніцтва справаў і Мін’юсту зробленыя на карысьць навастворанага Саюзу пісьменьнікаў Беларусі (СПБ):

(Пятровіч: ) “Я параіў бы тым, хто будзе ісьці за намі, не здымаць нават шыльду. Заляпіць герб “Пагоня” сёньняшнім дзяржаўным, як гэта было зроблена некалі на Доме ўраду”.

Пра магчымую далейшую пэрспэктыву Барыс Пятровіч гаворыць наступнае:

(Пятровіч: ) “Калі здарыцца ліквідацыя, мы спачатку паспрабуем правесьці сход новай арганізацыі, і зарэгістраваць яе ў Беларусі. Калі ж гэта не атрымаецца, будзем рабіць захады дзеля рэгістрацыі нашай арганізацыі за межамі Беларусі. Канкрэтна ў якой краіне, я пакуль ня буду казаць”.

Першае судовае паседжаньне ў справе ліквідацыі Саюзу беларускіх пісьменьнікаў прызначанае на 6 красавіка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG