Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шчучын: міліцыя правяла ператрус у актывіста, падазрае яго ў тэрарызьме


Радыё Свабода, Гарадзенская вобласьць Учора позна ўвечары адбыўся ператрус у Шчучыне. Актывіста ініцыятыўнай групы Аляксандра Мілінкевіча падазраюць у тэрарызьме. У актывіста ініцыятыўнай групы Мілінкевіча Васіля Бязьмена канфіскавалі матэрыялы з уласнага архіву, сыстэмны блёк кампутара і дыскеты. Ператрус працягваўся больш трох гадзінаў.

Міліцыянты прад’явілі пастанову пракурора і запрапанавалі, каб Васіль Бязьмен прадставіў выбуховыя рэчывы.

Яны паведамілі, што ператрус праводзіцца ў сувязі з крымінальнай справай, якая ўзбуджана па факце тэрарызму. Што гэта за справа і якое дачыненьне да яе мае Васіль Бязьмен не патлумачылі. Хаця, як заўважае Васіль Бязьмен, відавочна, што выбуховых рэчываў ніхто не шукаў, перавярнулі ўсю бібліятэку і архіўныя паперы.

Васіль Бязьмен запатрабаваў, каб дазволілі падчас ператрусу прысутнічаць ягонаму адвакату, але міліцыянты адмовілі.

Сябры ініцыятыўнай групы Мілінкевіча ў Шчучыне занепакоены яшчэ адной акалічнасьцю – на працягу дня яны ня здолелі знайсьці кіраўніка групы Сяргея Ляшкевіча. Ягоны тэлефон не адказвае.

Апошні раз Сяргей Ляшкевіч патэлефанаваў Васілю Бязьмену яшчэ ў абед і паведаміў, што ідзе ў пракуратуру. Ён хацеў пацікавіцца лёсам скаргі, якую напісаў на супрацоўнікаў міліцыі. Тыя на працягу тыдня, па словах Васіля Бязьмена, затэрарызавалі яго, беспадстаўна кожны дзень выклікалі ў пастарунак праз тэлефон, а таксама наведваліся на кватэру.

Учора Сяргей Ляшкевіч быў у міліцыі. Намесьнік начальніка аддзелу аховы і правапарадку абвінаваціў яго ў расклейваньні інфармацыйных улётак, у якіх паведамлялася месца і час сустрэчы з А.Мілінкевічам. Ён не прывёў ніякіх доказаў, што гэта рабіў Сяргей Ляшкевіч, але ў той самы час папярэдзіў яго, што пратакол ужо складзены і перададзены ў адміністрацыйную камісію.
XS
SM
MD
LG