Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Таймс", "Гардыян", "Нью-Ёрк Таймс" пішуць пра Беларусь


Радыё Свабода Падзеям у Беларусі шмат ўвагі прысьвячае гэтымі днямі замежны друк.

Амэрыканская газэта “Таймс” паведамляе пра заяву беларускага КДБ аб тым, што ён нібыта раскрыў спробу сілавога перавароту і захопу ўлады ў Беларусі. Спэцыяльна падрыхтаваныя групы мелі нібыта ў часе вулічных дэманстрацыяў правесьці бомбавыя атакі на дзяржаўныя будынкі і ўстановы і захапіць іх. Газэта падкрэсьлівае, што апазыцыйныя кандыдаты ў адзін голас заявілі, што яны ня маюць нічога супольнага з такімі акцыямі і ня маюць намеру пратэставаць ня ведаючы вынікаў выбараў.

Брытанская газэты “Гардыян” зьмясьціла артыкул пад загалоўкам “Апошняя дыктатура ў Эўропе”. У артыкуле цытуецца словы самога Лукашэнкі наконт свайго аўтарытарнага кіраваньня: “Я прызнаю, што мой спосаб кіраваньня можна назваць аўтарытарным. Але-ж неабходна кантраляваць сытуацыю ў краіне і галоўнае не дапусьціць пагаршэньня ўмоваў жыцьця”. У Беларусі сапраўды даволі стабільная сытуацыя, пэнсіі выплачваюцца своечасова, а ўмовы жыцьця нядрэнныя ў параўнаньні зь некаторымі іншымі былымі савецкімі рэспублікамі, канстатуе газэта “Гардыян”. У артыкуле цытуецца выказваньне аднаго з заходніх дыпляматаў пра Лукашэнку: “Гэта былы кіраўнік калгасу, і ён кіруе краінай бы калгасам. Я думаю, што ён робіць усё не дзеля асабістай нажывы, але дзеля ўлады, якую вельмі любіць”. Чарговыя выбары праўдападобна, паводле журналіста, не расчаруюць гэтага ўладалюбнага кіраўніка.

Дэталёвую справаздачу пра сытуацыю пад загалоўкам “Беларусь рухаецца ў кірунку аўтакратыі” зьмясьціла лёнданская інфармацыйна-дасьледчыцкая група “Джэйнс”. У ёй у прыватнасьці гаворыцца, што сытуацыя ў Беларусі не спрыяе ні контар-кандыдатам Лукашэнкі, ні паўтору “каляровых рэвалюцыяў” ў Грузіі і ва Ўкраіне. Дзяржаўныя органы і мэдыі абвінавачваюць апазыцыйных кандыдатаў ледзь не ў падрыўной тэрарэстычнай дзейнасьці, а ўсе недзяржаўныя арганізацыі абвінавачваюцца ў спробе дэстабілізацыі сытуацыі ў краіне з дапамогай Захаду. У справаздачы адзначаецца, што ў пытаньні Беларусі паміж ЗША і Эўропай няма поўнага адзінства. Яны крытыкуюць беларускі рэжым, але ня робяць ніякіх больш канкрэтных захадаў. У выніку, паводле “Джэйнс”, Лукашэнка будзе хутчэй за ўсё абраны пераважнай большасьцю галасоў, а пасьлявыбарчыя пратэсты нічога не дадуць, пакуль Лукашэнку падтрымлівае Расея.

У газэце “Нью-Ёрк Таймс” быў апублікаваны артыкул пад загалоўкам “Апазыцыйны кандыдат паранены ў часе сутычак”, а ў польскай “Газэце Выборчай “ адзначаецца, што “Лукашэнку пускаюць нэрвы”. Тым часам польская газэта “Rzeczpospolita” піша, што ў сакрэтным пляне рэакцыі на падзеі ў Беларусі, падрыхтаваным МЗС Польшчы, прадугледжваецца магчымасьць афіцыйнага непрызнаньня Аляксандра Лукашэнкі ў выпадку, калі беларускія ўлады выкарыстаюць новае заканадаўства, якое дазваляе ўжываць агнястрэльную зброю, сярод іншага, супраць дэманстрантаў. Аднак афіцыйныя прадстаўнікі польскага МЗС не пацьвярджаюць такіх плянаў.
XS
SM
MD
LG