Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Rzeczpospolita” – пра "сакрэтныя пляны Польшчы"


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Аўтарытэтны польскі штодзёньнік “Rzeczpospolita” паінфармаваў, што польскія ўлады разглядаюць магчымасьць афіцыйнага непрызнаньня Аляксандра Лукашэнкі прэзыдэнтам і спыненьня ўсялякіх кантактаў зьБеларусьсю, калі беларускія ўлады пойдуць на крывавы разгон магчымых маніфэстацыяў пратэсту ў дзень галасаваньня і першыя дні пасьля выбараў. Пра тое, наколькі такі крок Варшавы можа быць рэальны, расказвае наш варшаўскі карэспандэнт.

“Rzeczpospolita” піша, што ў сакрэтным пляне рэакцыі на падзеі ў Беларусі, падрыхтаваным МЗС Польшчы, прадугледжваецца магчымасьць афіцыйнага непрызнаньня Аляксандра Лукашэнкі ў выпадку, калі беларускія ўлады выкарыстаюць новае заканадаўства, якое дазваляе ўжываць агнястрэльную зброю, сярод іншага, супраць дэманстрантаў.

Калі гэта сапраўды здарыцца, дык, паводле газэты, у Менск не паедзе новы пасол Польшчы, а сама амбасада можа быць зачыненая, будуць спыненыя ўсе афіцыйныя кантакты нават на нізкім узроўні, уезд на польскую тэрыторыю асобам, якія бралі ўдзел у фальсыфікацыіях будзе забаронены, магчымыя таксама эканамічныя санкцыі.

У Міністэрстве замежных справаў Польшчы на пытаньне, ці такі сцэнар сапраўды магчымы, нашаму радыё адказалі даволі дыпляматычна.

(Дабравольскі: ) “Трэба разглядаць розныя магчымасьці, але непасрэдна такога пляну няма”, – заявіў кіраўнік дэпартамэнту сыстэмаў інфармацыі МЗС Павал Дабравольскі.

Між тым былы намесьнік амбасадара Польшчы ў Беларусі Марак Буцька кажа, што спыненьне дачыненьняў “з рэжымам Лукашэнкі” было б правільным крокам.

(Буцька: ) “На маю думку, улада Аляксандра Лукашэнкі ўжо даўно незаконная. Ён не прэзыдэнт, а ўзурпатар, які хоча сілай утрымацца пры ўладзе. Сапраўдных выбараў ня будзе і гэтым разам – Лукашэнка перасьледуе сваіх канкурэнтаў, а выбары гэта ня толькі дзень галасаваньня. Ранейшая палітыка прэзыдэнта Квасьнеўскага, кіраўнікоў нашага МЗС у дачыненьні да Менску абсалютна не спраўдзілася.

Мець дыпляматычныя дачыненьні з рэжымам мела б сэнс, калі б на яго можна было б паўплываць дыпляматычнымі сродкамі ў справе, прыкладам, павагі да првоў чалавека, ці справе СПБ. Але ж гэта немагчыма. Таму я спадзяюся, што нашыя ўлады рыхтуюцца належным чынам на выпадак, калі Лукашэнка чарговы раз незаконнымі мэтадамі ўтрымаецца ва ўладзе”.

XS
SM
MD
LG