Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітычныя актывісты ў рэгіёнах абураныя менскімі падзеямі


Радыё Свабода Актывісты выбарчага штабу Аляксандра Мілінкевіча ў рэгіёнах краіны, а таксама ягоныя прыхільнікі лічаць недапушчальнымі рэпрэсіўныя захады супраць кандыдатаў на прэзыдэнта. Як яны ацэньваюць учорашнія падзеі, высьвятляла карэспандэнтка Свабоды.

Кіраўнік штабу Аляксандра Мілінкевіча на Берасьцейшчыне Юрась Губарэвіч большую частку дня 2 сакавіка прабыў у міліцэйскім пастарунку Баранавічаў. Ягоны аўтамабіль затрымалі па дарозе ў Менск на сустрэчу з Аляксандрам Мілінкевічам.

(Казуліна: ) “Зьбіцьцё Казуліна і ягонай каманды, а таксама людзей, якія былі зь ім, можна расцаніць, што ўлады зьехалі з глузду. Няма розьніцы – ці такое будзе адбывацца з Казуліным, ці зь Мілінкевічам, ці зь нейкім іншым дэмакратычна настроеным кандыдатам. Натуральна, што ў нас ёсьць людзі, якія не баяцца гэтых рэпрэсіяў. Наадварот, гэта мабілізуе нашы сілы. Гэта значыць, што мы знаходзімся на правільным шляху і ўлада насамрэч баіцца нашай перамогі”.

Кіраўнік штабу кандыдата ад дэмакратычных сілаў у Гомелі Ўладзімер Кацюра гэтак камэнтуе менскія падзеі.

(Кацюра: ) “Вядома, што я, як грамадзянін, як чалавек, які займаецца выбарчай кампаніяй, асуджаю дзеяньні уладаў супраць кандыдата. Калі казаць пра Гомель, то калі была сустрэча зь Мілінкевічам, то яна ўдалася. Таму зрухі ёсьць, і аптымізм таксама ёсьць, бо бачна, што ёсьць падтрымка людзей”.

Кіраўнік штабу Аляксандра Мілінкевіча ў Магілёве Ўладзімер Шанцаў таксама заяўляе пра намер падтрымліваць кандыдата пры любых умовах.

(Шанцаў:) “Улада паказала свой твар: ня той, што мільгае на тэлебачаньні, у радыё і газэтах штодня, а той, які ёсьць насамрэч. А мы з самага пачатку кампаніі гатовыя да розных працягаў таго, што можа адбыцца, але высновы павінныя рабіць тыя, хто яго падтрымлівае: спадар Пуцін. Мы добра ведаем, на што ідзем і на што ішлі. Мы і будзем падтрымліваць Мілінкевіча, мы будзем змагацца за перамогу. Я ведаю, што добрая сотня актывістаў з Магілёўскай вобласьці думае гэтак жа”.

Пра стаўленьне да менскіх падзеяў на Гарадзеншчыне гаворыць сябра штабу ў Горадні Сяргей Мальчык.

(Мальчык: ) “Што тычыцца падзеяў, то я лічу так: няважна, ці гэта Казулін, ці Мілінкевіч. Тыя падзеі, якія адбыліся – яны ні ў якае рэчышча нармалёвай лёгікі не ўкладаюцца. Мы гатовыя дапамагаць ня толькі Мілінкевічу, але гэта і Казулін, і любы іншы палітычны дзеяч, якога поля ён бы ня быў. Такія дзеяньні гвалтоўныя абсалютна недапушчальныя. І таму тут павінна быць салідарнасьць. Рэжым зрабіў, каб можа быць выбары не адбыліся. І фактычна сытуацыя можа выйсьці з-пад кантролю і ўладаў, і нас. Гэта значыць, могуць разьвівацца абсалютна непрадказальныя падзеі”.
XS
SM
MD
LG