Лінкі ўнівэрсальнага доступу

В.Дубноў: падтрымка Крамля можа пазбавіць Лукашэнку тармазоў


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Польскія СМІ актыўна камэнтуюць учорашнія падзеі ў Менску. Аглядальнікі гавораць пра тое, што прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі ўжо цяпер цяжка будзе разглядаць як свабодныя і справядлівыя.

Пра зьбіцьцё ў Менску Аляксандра Казуліна паведамілі ў галоўных вечаровых выпусках навінаў асноўныя польскія тэлеканалы. Вядучыя навінаў на тле кадраў, на якіх выразна бачна, як невядомыя ў цывільным б''юць спадара Казуліна, а таксама абмяжоўваюць доступ да месца падзеі журналістам, казалі, што менавіта так, паводле беларускіх уладаў, выглядае "найвышэйшая форма дэмакратыі – усебеларускі сход", які, аднак, быў "сходам не для ўсіх".

Вядучыя польскія газэты пішуць пра тое, што такія паводзіны беларускіх уладаў напярэдадні выбараў, "напэўна не дадаюць аптымізму тым, хто хацеў бы бачыць прэзыдэнцкія выбары свабоднымі і дэмакратычнымі".

Мэдыі адзначаюць таксама, што ў Беларусь ўчора не пусьцілі групу назіральнікаў і палітыкаў з Украіны на чале з дарадцам прэзыдэнта Юшчанкі. Паводле назіральнікаў, гэта ўпісваецца ў шэраг апошніх дэпартацыяў з краіны, перадусім, польскіх журналістаў з польскага грамадзкага тэлебачаньня і "Gazety Wyborczej".

Дарэчы гэты штодзёньнік, акрамя агульнай інфармацыі пра ўчорашнія падзеі ў Менску, зьмяшчае таксама гутарку з намесьнікам галоўнага рэдактара расейскага тыднёвіка "Время новостей" і адмыслоўцам у праблематыцы пост-савецкіх краінаў Вадзімам Дубновым, які кажа, што Масква, хаця і ня вельмі ахвотна, але зрабіла свой выбар на карысьць Лукашэнкі і цяпер зробіць усё, каб гэты выбар адстаяць, абараняючы цяперашняга кіраўніка Беларусі перад усім сьветам.

"Лукашэнка ведае, што нават калі б ён пайшоў крывавым шляхам узбэцкага прэзыдэнта Іслама Карымава, дык усё адно ня страціў бы падтрымкі Крамля. Гэта можа пазбавіць яго пэўных тармазоў", – заявіў польскай газэце расейкі экспэрт.
XS
SM
MD
LG