Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як паўплываюць падзеі 2 сакавіка на тактыку ўладаў і апазыцыі


Радыё Свабода Ці будуць зьнятыя кандыдаты Аляксандар Мілінкевіч і Аляксандар Казулін з прэзыдэнцкай гонкі? Экспэрты разглядаюць магчымыя сцэнары разьвіцьця далейшых падзеяў.

Падзеі 2 сакавіка несумненна паўплываюць на тактыку апазыцыі, цьвердзіць намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандар Дабравольскі. Зь ягоных словаў, пратэставаць трэба больш эфэктыўнымі сродкамі й такія сродкі будуць знойдзеныя. Спадар Дабравольскі таксама лічыць, што кандыдаты не павінны самі сыходзіць з дыстанцыі.

(Дабравольскі: ) “Лукашэнка адгарадзіўся са сваім сходам ад усёй краіны, ад людзей і таму фактычна свае выбары ператварыў у фарс. Што ж да апазыцыі, дык кангрэс дэмакратычных сілаў вырашыў, што Мілінкевіч павінен ісьці да канца, да перамогі. І Мілінкевіч так вырашыў”.

Старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук наадварот мяркуе, што абодва альтэрнатыўныя кандыдаты павінны адмовіцца ад далейшага ўдзелу ў выбарчай кампаніі – нават калі іхную рэгістрацыю Цэнтарвыбаркам не скасуе.

(Ярашук: ) “Нават калі будуць пакідаць Казуліна й Мілінкевіча, то пасьля ўсяго таго, што адбылося, мне падаецца, самым мудрым было б у гэтай сытуацыя – зьняць свае кандыдатуры. І абвесьціць на ўвесь сьвет і на ўсю краіну пра тое, што палітычны працэс у гэтай краіне на нейкі час скончыўся”.

Кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Казулін ня хоча адмаўляцца ад удзелу ў выбарах, а пра магчымасьць таго, што яго здымуць зь перадвыбарчай гонкі, кажа наступнае:

(Казулін: ) “Калі Лукашэнка здыме мяне з кандыдатаў на прэзыдэнта, ён пакажа сваё бясьсільле, і ўся ягоная хвалёная падтрымка народу ёсьць чыстым блефам, бо ён баіцца і Казуліна, і свайго ўласнага народу”.

Прэсавы сакратар выбарчага штабу кандыдата Аляксандра Лукашэнкі Дзьмітры Косьцін цьвердзіць, што ацэнку дзеяньням апазыцыі павінны даць юрысты.

(Косьцін: ) “Калі робяцца спробы дэстабілізацыі, то яны павінны атрымліваць раўназначную ацэнку з боку праваахоўчых ворганаў. Я хацеў бы, як грамадзянін незалежнай, сувэрэннай краіны зрабіць выбар у спакойнай абстаноўцы”.

Адрэзак часу да дня выбараў будзе вельмі непрадказальным, лічыць палітоляг Віталь Сіліцкі. Ён не выключае таго, што абодвух кандыдатаў сапраўды могуць пазбавіць рэгістрацыі: нездарма кіраўнік Цэнтарвыбаркаму Лідзія Ярмошына ўжо заяўляла пра тое, што пэўныя кандыдаты не адпявядаюць пасадзе прэзыдэнта, заўважае экспэрт.

(Сіліцкі: ) “Можна чакаць вельмі нечаканых крокаў з боку ўлады, новых нейкіх выкрыцьцяў. І ў нечым гэта нават спрашчае працу альтэрнатыўных прэтэндэнтаў, бо для іх было б больш цяжкім пытаньне, што рабіць, чым прыцягваць да сябе ўвагу, калі б улада папросту на іх не зважала, як яна ў свой час амаль што не зважала на Ганчарыка”.

Паводзіны прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта ствараюць цяпер пэўны інфармацыйны рэзананс, кажа спадар Сіліцкі. Аднак скончыцца прэзыдэнцкая кампанія хутчэй за ўсё выкарыстаньнем сілавых мэтадаў.
XS
SM
MD
LG