Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Скарына ў Піцеры", гэта як "вершы Быкава"


Ганна Сурмач, Прага Прафэсара, гісторыка Валянціна Грыцкевіча, старшыню беларускай суполкі ў Санкт-Пецярбургу асабліва ўразіла заява Лукашэнкі пра тое, што Скарына быў ў Піцеры.

(Грыцкевіч: ) "Восіп Мандэльштам некалі казаў: "Навошта смяяцца, калі ўсё жыцьцё - анекдот". У дадзеным выпадку мы маем справу з навуковым адкрыцьцём у двукосьсі. Лукашэнка, які скончыў гістарычны факультэт Магілеўскага пэдінстытуту і які нават не ведае, што Пецярбурга, а тым больш Піцера, не было, калі жыў і працаваў Скарына ў 16 стагодзьдзі. Гэта кажа чалавек, які адабраў імя Скарыны не толькі ў галоўнага праспэкту Менску, але і ў Навуковага культурна-асьветнага цэнтру. Гэтым ён паказаў, як не паважае постаць Скарыны, сьвятую для ўсіх беларусаў.

Гэта не першае навуковае адкрыцьцё чалавека, які прэтэндуе на ўсяведа, асабліва пасьля таго, як ён прыпісаў Васілю Быкаву вершы, па якіх ён нібыта навучаўся ў школе. Як ён навучаўся ў школе і як ён навучаўся ў інстытуце, адразу бачна па такіх псэўданавуковых ягоных “адкрыцьцях”.

Я чуў таксама частку ягонага выступленьня пра тое, як абвінавачваліся кандыдаты на пасаду прэзыдэнта ў тым, што яны прадаліся Захаду. Гэта ўсё я, як гісторык, ведаю, гэта ўсё праходзіла савецкая краіна і пры Леніне, і пры Троцкім і асабліва пры Сталіне, пры Хрушчове і пры Брэжневе. Каб зваліць на кагосьці віну за свае правалы, абвінавачваюцца супраціўнікі, гаворыцца, што яны ворагі народа, што працуюць за чужыя грошы”.

З трыбуны сходу Лукашэнка выказаўся пра тое, што, моў, цяпер упершыню ў гісторыі, гэта значыць пры ім, пабудавана Беларуская незалежная дзяржава.

(Грыцкевіч: ) “Гэта таксама з рэпэртуару дылетанта, які не разумее, што існавала літоўска-беларуская ці беларуска-літоўская дзяржава, як вялікае Княства Літоўскае. Да таго былі і Полацкае княства і іншыя беларускія княствы. Гэта старыя перапевы савецкай песьні, калі ўся гісторыя беларусаў пачыналася з 1919 году, а Беларускай Народнай Рэспублікі, як пераемніцы ВКЛ, быццам бы не было. Не было б БНР, не было б БССР, не было б Рэспублікі Беларусь і не было бы ніякіх прэзыдэнцкіх выбараў, на якіх перамог Лукашэнка. Ён прыйшоў па сутнасьці па масту з жывых целаў тых, хто ствараў нашу дзяржаву вякамі.

Ну што ж, ад невукаў, прабачце, іншага чакаць няможна".
XS
SM
MD
LG