Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Караганаў і Паўлаў заявілі аб падтрымцы Казуліна


Міхал Стэльмак, Менск Сустаршыні Грамадзкай расейска-беларускай праваабарончай камісіі Рады пры прэзыдэнце Расеі ў пытаньнях садзеяньня разьвіцьцю інстытутаў грамадзянскай супольнасьці і правоў чалавека Сяргей Караганаў і Валеры Паўлаў прынялі заяву, у якой выказалі абурэньне нападам на кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі Аляксандра Казуліна.

Як лічаць аўтары заявы, выбарчая кампанія з выкарыстаньнем грубай сілы ня можа быць прызнаная ні цывілізаванай, ні дэмакратычнай. У дакумэнце гаворыцца, што згодна артыкула 74 беларускага Выбарчага кодэксу, кандыдаты ў прэзыдэнты Беларусі з часу іх рэгістрацыі маюць роўнае права выступаць на перадвыбарчых і іншых сходах, нарадах, пасяджэньнях. Такім чынам, паводле сустаршыняў беларуска-расейскай праваабарончай камісіі, “пры дапамозе гвалту і свавольства кандыдат у прэзыдэнты Аляксандар Казулін не быў дапушчаны на Усебеларускі народны сход, на якім права выступіць было прадстаўлена толькі аднаму кандыдату ў прэзыдэнты – Аляксандру Лукашэнку”. Валеры Паўлаў, сустаршыня камісіі зь беларускага боку, камэнтуючы заяву Радыё Свабода, у прыватнасьці, зазначыў:

(Паўлаў: ) “Канстатавалі сам факт, што адбыўся. Адзначаем, што выбары ў такой сытуацыі не зьяўляюцца чыстымі, празрыстымі, чэснымі, дэмакратычнымі. І, паводле нашых ацэнак, усясьветная супольнасьць іх не прыме. А асабіста сам я лічу, што гэта бязьмежжа”.

Спадары Паўлаў і Караганаў падкрэсьлілі ў сваёй заяве, што Беларусь узяла на сябе канкрэтныя абавязацельствы па захаваньні правоў чалавека і выбарных стандартаў як ў рамках міжнародных дамоваў, так і ў рамках Дамовы аб стварэньні Саюзнай дзяржавы. Сустаршыні беларуска-расейскай праваабарончай камісіі дамовіліся паінфармаваць пра сёньняшні выпадак з Аляксандрам Казуліным прэзыдэнта Расеі. Гаворыць Валеры Паўлаў:

(Паўлаў: ) “Мы яшчэ і на імя Пуціна напішам. Зьвернемся да яго, каб ён рэальна паглядзеў, што ў дзяржаве, блізкай да саюзнай, творыцца”.
XS
SM
MD
LG