Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З тэлевыступу Казуліна выкінулі словы пра сыноў Лукашэнкі


Уладзімер Глод, Менск 2 сакавіка працягваўся другі раўнд выступаў кандыдатаў на дзяржаўным тэлебачаньні. Перад гледачамі прамаўлялі Аляксандар Казулін і Аляксандар Мілінкевіч. Выступ Казуліна скарацілі, а Мілінкевіча пакінулі бяз зьмяненьняў

За некалькі гадзінаў да сёньняшняга выступу Аляксандра Казуліна, які запісалі 28 лютага, стала вядома, што тэкст скарачаецца. Прэсавая сакратарка кандыдата Ніна Шыдлоўская паведаміла, што такое рашэньне прыняў кіраўнік Першага нацыянальнага каналу (БТ) Аляксандар Зімоўскі:

(Шыдлоўская:) "Яны прааналізавалі тэкст тэлевыступу і знайшлі ў ім быццам бы недакладныя факты і абразу грамадзянаў Віктара і Зьмітра Лукашэнкі. Яны зрабілі запыт у адпаведныя структуры наконт знаходжаньня па вуліцы Старавіленскай у Менску прэзыдэнцкага клюбу. І там не было высяленьня жыльцоў, гэта быў нежылы будынак".

У тэксьце Аляксандра Казуліна ішла гаворка пра тое, малодшы сын Лукашэнкі -- Зьміцер ачольвае прэзыдэнцкі спартовы клюб, які месьціцца ў будынку, зь якога высялялі насельнікаў. Гэты пасаж з выступу выключылі. Як зьніклі з прамовы і словы пра старэйшага сына Лукашэнкі -- Віктара, які сёньня "камандуе пазначанымі сівізной сілавікамі". І пра самога Аляксандра Лукашэнку, які два гады працаваў у калёніі наглядчыкам, і які "з краіны фактычна зрабіў "зону".

Зьніклі з тэксту выступу і словы пра тое, што "краіна знаходзіцца сярод усясьветных лідэраў па колькасьці злачынстваў і асуджаных на душу насельніцтва".

Спадар Казулін паабяцаў слухачам, што ён адчыніць дзьверы для Беларусі ў цывілізаваны сьвет і прывядзе краіну туды самым кароткім шляхам.

Адрозна ад выступу Аляксандра Казуліна тэкст Аляксандра Мілінкевіча цэнзура не зачапіла. Спадар Мілінкевіч перадусім казаў, што 12 гадоў улады дастаткова для любога палітыка, Нічога лепшага Лукашэнка ўжо не зробіць.

Затым Аляксандар Мілінкевіч распавёў слухачам пра сваю праграму перабудовы Белаурсі. Над ёй працавалі 6 акадэмікаў, 136 дактароў і кандыдатаў навук. І яны ведаюць, як падвысіць заробкі і пэнсіі жыхарам Беларусі. Кандыдат на прэзыдэнта сказаў, што ён наладзіць нармалёвыя ўзаемакарысныя адносіны Беларусі з краінамі Захаду і з Расеяй. І гэта будзе стымуляваць беларускую эканоміку, а значыць, і зробіць жыцьцё людзей лепшым.

Мілінкевіч назваў хлусьнёй тое, што Лукашэнку нібыта падтрымліваюць аж 80% выбарцаў. Насамрэч, паводле Мілінкевіча, у сталіцы за Лукашэнку зьбіраюцца прагаласаваць толькі 20%, у той час як за яго, Мілінкевіча -- ужо 31%. І наагул, на думку прамоўцы, дзьве траціны насельніцтва Беларусі хочуць зьменаў.

Спадар Мілінкевіч заклікаў сваіх прыхільнікаў з усёй Беларусі 19-га сакавіка прыехаць у Менск. Там на плошчы і будуць названыя сапраўдныя вынікі выбараў.

"Наша перамога непазьбежная як сьвітанак" -- гэтымі словамі Аляксандар Мілінкевіч скончыў свой выступ у тэлеэфіры.

Акадэмік і палітык Аляксандар Вайтовіч, якога я папрасіў пракамэнтаваць выступы абодвух прэтэндэнтаў на вышэйшую дзяржаўную пасаду, не стаў разьбіраць, хто з двух Аляксандраў казаў лепш ці горш. На ягоную думку, вельмі важна, што, дзякуючы дэмакратычным сілам, становішча ў Беларусі зьмяняецца:

(Вайтовіч:) "Я вельмі задаволены тым, што кандыдаты на прэзыдэнта выкарыстоўваюць магчымасьці, якая ім прадставіліся, для таго, каб данесьці праўду пра становішча ў Беларусі, а таксама паказаць, што чакае Беларусь, калі дыктатура працягнецца яшчэ нейкі час. Гэта сапраўдныя мужчыны, якія не схіляюць галоў перад цяжкасьцямі. Яны робяць вельмі вялікую працу для грамадзтва. У любым выпадку пасьля 19 сакавіка грамадзтва ў Беларусі ўжо ня будзе такім, якім было да гэтага".

• Кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Казулін зьбіты камандзірам брыгады спэцназу Дзьмітрыям Паўлічэнкам (фотарэпартаж) • Казуліна зьбілі, а потым затрымалі і адвезьлі ў міліцыю • Мілінкевіч выказаў салідарнасьць з Казуліным • Міліцыянты затрымалі і зьбілі прыхільнікаў Аляксандра Казуліна і журналістаў, каля пастарунку чуліся стрэлы • Да Казуліна выклікалі хуткую дапамогу • Пракуратура: у міліцыі Казулін разьбіў партрэт Лукашэнкі • Паводле неафіцыйных зьвестак, Казуліна могуць зьняць з выбараў • Эўрапейскія палітыкі рэагуюць на зьбіцьцё Казуліна • Пасьля затрыманьня Казуліна адбыўся інцыдэнт са стралянінай (фота)
XS
SM
MD
LG