Лінкі ўнівэрсальнага доступу

М. Грыб : “Тое, што сёньня зрабілі з Аляксандрам Казуліным -- гэта злачынства “


Алег Грузьдзіловіч, Менск Кіраўнікі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада” правялі прэсавую канфэрэнцыю з нагоды затрыманьня Аляксандра Казуліна.

Яшчэ да вызваленьня Аляксандра Казуліна з міліцыі ягоныя калегі па партыі сабралі прэсавую канфэрэнцыю ў партыйным офісе. На прэсавую канфэрэнцыю прыйшлі прадстаўнікі недзяржаўных і замежных мэдыяў. Журналістаў з дзяржаўных газэт і тэлебачаньня не было, хаця запрашаліся ўсе. Пра тое, што адбывалася сёньня ў Палацы чыгуначнікаў, дзе зьбівалі і затрымлівалі кандыдата ў прэзыдэнты, і каля Кастрычніцкага райаддзелу міліцыі, падрабязна распавялі сьведкі тых падзеяў. Гэта былі кіраўнік штабу Казуліна Мечыслаў Грыб, давераная асоба кандыдата праваабаронца Алег Волчак, жонка Казуліна Ірына. Яна, дарэчы, упершыню была сьведкам затрыманьня людзей супрацоўнікамі ў цывільным і падзялілася сваімі ўражаньнямі.

(Ірына Казуліна: ) “Гэта жахлівыя уражаньні. Бо раптам даецца каманда “Бяром!” і быццам з пад зямлі ўзьнікаюць гэтыя людзі, яны нападаюць па 3-4 на кожнага з тых, хто стаіць, і імгненна запіхваюць іх у аўтобус”.

Менчук Юрый Радзівіл распавёў пра тое, як невядомыя людзі ў цывільным абстралялі ягоны аўтамабіль каля райаддзела міліцыі, дзе трымалі Аляксандра Казуліна. Як вынікае з расказу Юрыя, ягоны знаёмы спрабаваў перадаць яму фотаапарат са здымкамі затрыманьня людзей побач з міліцыяй, але знаёмага высачылі і затрымалі за некалькі мэтраў да аўтамабіля. Юры паспрабаваў ад’ехаць, але пачуў стрэлы, да таго ж адзін з нападнікаў разьбіў шкло аўтамабіля. Малады чалавек кінуў аўтамабіль і ўцёк. Вось што ён заявіў журналістам.

(Юры Радзівіл: ) “Мне было проста цікава, што адбываецца ў краіне, што адбываецца з Казуліным. Ніякіх проціпраўных дзеяньняў я не рабіў, толькі сядзеў у аўтамабілі і назіраў за тым, што адбывалася на адлегласьці 100 мэтраў. Я ў шоку. Ніколі не думаў, што такое можа адбыцца ў нас. Цяпер я ведаю, што такое “дэмакратыя па-лукашэнкаўску”.

Мечыслаў Грыб, дарэчы, генэрал міліцыі, назваў “злачынствам” тое, што ўлады зрабілі сёньня з Казуліным і папярэдзіў, што за гэтыя дзеяньні вінаватыя панясуць адказнасьць. Пры канцы ў спадара Грыба спыталі, што будзе рабіць штаб і “Грамада”, калі Аляксандра Казуліна здымуць з выбараў, бо такая агалоска на той час з’явілася. На гэта кіраўнік выбарчага штабу заявіў наступнае.

(Грыб: ) “Пакуль Аляксандр Казулін застаецца кандыдатам у прэзыдэнты, мы будзем дзейнічаць згодна праграмы мерапрыемстваў. У межах беларускага заканадаўства. Ніякіх рэвалюцый і беспарадкаў мы рабіць не зьбіраемся. Мы не зьбіраемся быць падобнымі на тых, хто нас сёньня зьбіў, разагнаў, пакалечыў”.
XS
SM
MD
LG