Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Казулін: Беларусь -- краіна татальнага беззаконьня


Радыё Свабода Пасьля амаль васьмі гадзінаў знаходжаньня ў пастарунку вызвалены кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Казулін. Сёньня раніцай ён быў зьбіты палкоўнікам спэцназу Паўлючэнкам, калі спрабаваў зарэгістравацца дэлегатам на Ўсебеларускі сход. Ён пракамэнтаваў здарэньне Радыё Свабода.

Аляксандар Казулін гаворыць, што фізычна адчувае сябе ня вельмі добра, бо баляць суставы, галава і ёсьць спазмы ў горле. Але маральнае адчуваньне вельмі добрае. Супраць Аляксандра Казуліна заведзена дзьве крымінальныя і адна адміністратыўная справа – за хуліганства. Пасьля вызваленьня, Казулін даў інтэрвію Радыё Свабода.

(Карэспандэнт: ) “ Спадар Казулін, скажыце, што з вамі адбывалася ў міліцэйскім пастарунку?”

(Казулін: ) “На пачатку яны мяне як барана запхнулі ў мікрааўтобус і там працягвалі зьдзекавацца. Потым, калі прывезьлі ў пастарунак, на мяне завялі дзьве крымінальныя і адну адміністратыўную справу па факце хуліганства ў палацы чыгуначнікаў”.

(Карэспандэнт: ) “Ці праўда, што вы разьбілі ў пастарунку партрэт Лукашэнкі?”

(Казулін: ) “Так, гэта праўда. Бо я лічу, што толькі адзін чалавек у нашай дзяржаве мог даць каманду на такія неправавыя дзеяньні ў адносінах кандыдата на прэзыдэнта і яго давераных асобаў.

Нашая краіна – гэта краіна залюстроўя і таталітарнага беззаконьня. Дыктатура ёсьць дыктатура. Калі Лукашэнка здыме мяне, як кандыдата на прэзыдэнта, ён пакажа сваё бясьсільле. І ўся яго хвалёная падтрымка народу ёсьць блефам. Бо ён баіцца і Казуліна, і ўласнага народу”.

(Карэспандэнт: ) “У інтэрвію "Інтэрфаксу" палкоўнік Паўлічэнка сказаў, што “Казулін мяне абразіў і ён пагаварыў зь ім па-мужчынску. Якім чынам вы яго абразілі?”

(Казулін: ) “Я там увогуле не пасьпеў нікому нічога сказаць. На нас накінулася нейкая банда невядомых. Сёньня відавочна, што існуюць гэтыя эскадроны толькі пад іншай назвай. Якія гатовыя мірных людзей і кандыдатаў на прэзыдэнта сьцерці ў пыл. У іх няма ні сумленьня, ні гонару, ні маральных устояў. Гэта самае горшае, што можа быць”.

(Карэспандэнт: ) “Пасьля сёньняшніх падзеў як можа разьвівацца сытуацыя ў Беларусі?”

(Казулін: ) “Я думаю, што сёньня стала відавочна абсалютна ўсім. І калі нехта яшчэ сумняваўся з боку міжнароднай грамадзкасьці і Расеі, то думаю, што апошнія сумневы разьвеяныя.

Дыктатар ірвецца да ўлады і ня спыніцца ні перад чым. Можа ўжыць сілу і зброю. Тое, пра што ён казаў, што будзе бараніць сваю ўладу з аўтаматам у руках да апошняга патрону”.

• Кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Казулін зьбіты камандзірам брыгады спэцназу Дзьмітрыям Паўлічэнкам (фотарэпартаж) • Казуліна зьбілі, а потым затрымалі і адвезьлі ў міліцыю • Мілінкевіч выказаў салідарнасьць з Казуліным • Міліцыянты затрымалі і зьбілі прыхільнікаў Аляксандра Казуліна і журналістаў, каля пастарунку чуліся стрэлы • Да Казуліна выклікалі хуткую дапамогу • Пракуратура: у міліцыі Казулін разьбіў партрэт Лукашэнкі • Паводле неафіцыйных зьвестак, Казуліна могуць зьняць з выбараў • Эўрапейскія палітыкі рэагуюць на зьбіцьцё Казуліна • Пасьля затрыманьня Казуліна адбыўся інцыдэнт са стралянінай (фота)
XS
SM
MD
LG