Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін наведвае Чэхію


Ганна Соусь, Прага Прэзыдэнт Расеі працягвае свой візыт у Чэхію. Сёньня ён сустракаўся з прэм’ер-міністрам краіны Іржы Параўбэкам, а таксама з кіраўнікамі абедзьвюх палат чэскага парлямэнту. У часе перамоваў з прэзыдэнтам Чэхіі Вацлавам Клаўсам Уладзімер Пуцін заявіў, што Расея нясе маральную адказнасьць за ўварваньне сіл Варшаўскага дагавору ў Чэхаславаччыну ў 1968 годзе.

Расейскі прэзыдэнт Уладзімер Пуцін назваў трагедыяй кіраванае Савецкім Саюзам ўварваньне ў Чэхаславаччыну ў 1968 годзе.

Пуцін казаў пра маральную адказнасьць за ўварваньне, калі савецкія танкі задушылі гэтак званую “Праскую вясну”. Аднак паводле расейскага прэзыдэнта мінулае не павінна перашкаджаць цяперашнім і будучым стасункам.

Ягоны калега чэскі прэзыдэнт Вацлаў Клаўс заклікаў да прагматызму ў двухбаковых дачыненьнях.

(Клаўс: ) “Я ня бачу ніякай прычыны, чаму я сёньня павінен ўладжваць з прэзыдэнтам Уладзімерам Пуціным тое, што зрабіў кіраўнік Савецкага Саюзу Леанід Брэжнеў у 1968 годзе. Мы абодва ведаем і разумеем гэта. Гэта быў выключна трагічны момант для нас, аднак я за пазытыўны погляд на цяперашні і будучы час”.

Перад Чэхіяй Пуцін наведаў Вугоршчыну, і ягоны візыт супаў з 50-й гадавінай паўстаньня, падчас якога савецкія вайскоўцы забілі тысячы вугорцаў.

Уладзімер Пуцін заявіў, што разумее той боль і абурэньне, якія ўсё яшчэ адчуваюць многія вугорцы, аднак прапанаваў глядзець у будучыню, а не ў мінулае.

(Пуцін: ) "Канечне, сучасная Расея – гэта не Савецкі Саюз, і я павінен вам шчыра сказаць, што ўсе мы ў душы адчуваем маральную адказнасьць за тыя падзеі".

Падчас перамоваў у Празе Уладзімер Пуцін імкнуўся запэўніць, што Расея застаецца стабільным партнэрам для эўрапейцаў у энэргетычнай сфэры, нягледзячы на паліўны крызыс з Украінай напачатку году.

Што да занепакоенасьці эўрапейскіх краінаў залежнасьцю ад паставак расейскага газу, то Пуцін адзначыў, што Расея гэткім жа чынам залежыць ад эўрапейскіх пакупнікоў.

Паводле Ўладзімера Пуціна, Расея зацікаўлена і ў пашырэньні супрацоўніцтва ў галіне атамнай энэргіі й гатовая дапамагчы ў пабудове новых энэргетычных сыстэмаў і ў мадэрнізацыі існуючых атамных электрастанцыі ў Вугоршчыне ды Чэхіі.

Нягледзячы на цёплую танальнасьць у часе наведваньня Пуціным Прагі, некаторыя чэскія дэпутаты выступілі супраць візыту прэзыдэнта Расеі, крытыкуючы ягоную належнасьць да КДБ і адыход расейскага ураду ад дэмакратычных рэформаў.

Намесьнік дырэктара праскага Інстытуту міжнародных стасункаў Пётра Краточвіл адзначае, што яшчэ шмат чэхаў дагэтуль працягваюць глядзець на Маскву з асьцярогай.

Сёньня ж чэская газэта “Lidove Noviny” надрукавала заяву экс-прэзыдэнта Чэхіі Вацлава Гавэла ды іншых былых кіраўнікоў краінаў і сусьветна вядомых інтэлектуалаў, у якой яны крытыкуюць дзеяньні Расеі ў Чачэніі. Аўтары заявы згадваюць жахі чачэнскай вайны, дзе паводле няўрадавых арганізацыяў за апошнія 10 гадоў загінулі ад 100 да 300 тысячаў чалавек.

“Як доўга мы ня будзем зьвяртаць увагу на рэальнасьць, што расейская ўлада, выкарыстоўваючы пудзіла чачэнскага тэрарызму, ліквідуе свабоды, набытыя пасьля распаду савецкай імпэрыі?”, гаворыцца ў заяве.

Разам з Вацлавам Гавелам пад зваротам падпісаліся экс-прэзыдэнт Паўднёва-Афрыканскай рэспублікі, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру Фрэдэрык дэ Клерк, былая прэзыдэнтка Ірляндыі Мэры Робінсан і былы Паўднёва-Афрыканскі англіканскі архібіскуп Дэсмонд Туту.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG