Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каля трох тысячаў узялі ўдзел у сустрэчы з Мілінкевічам (аўдыё)<b/>


Радыё Свабода Сёньня ўвечары кандыдат ад аб''яднанай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч запрасіў выбарнікаў на сустрэчу на плошчу Свабоды ў Менску. Плошча была аточаная сіламі аховы парадку, таму некалькі тысяч чалавек рушылі да Палацу спорту. На прыступках спорткомплексу "Працоўныя рэзэрвы" каля станцыі мэтро "Няміга" на праспэкце Пераможцаў прайшоў імправізаваны мітынг, у якім узялі ўдзел каля трох тысячаў чалавек

Плошча Свабоды была цалкам перакрытая мэталічнымі бар’ерамі і шэрагамі міліцыянтаў у цывільным, усе пад’езды і падыходы былі блякаваныя. Нягледзячы на гэта, у раён плошчы падышлі тысячы чалавек з сінімі і бела-чырвона-белымі сьцягамі, плякатамі, партрэтамі Мілінкевіча. Людзі абураліся дзеяньнямі міліцыі.

(Спадарыня: ) “Нам нічога не дазволена, нічога, тым якія думаюць інакш, чым паважаны Рыгоравіч”.

Давераныя асобы Мілінкевіча заклікалі выбарцаў ісьці да Палацу спорту. На пачатку праспэкта Пераможцаў да калёны далучыўся Аляксандар Мілінкевіч з жонкай, але дарогу перагарадзілі шэрагі амапаўцаў са шчытамі і дубінкамі, на чале якіх стаяў палкоўнік Дзьмітры Паўлючэнка.

Некалькі хвілінаў доўжылася напружанае процістаяньне, Аляксандр Мілінкевіч і Сяргей Калякін запатрабавалі прапусьціць людзей, Паўлючэнка нібыта пагадзіўся, але АМАП так і не расступіўся. Таму Мілінкевіч з паплечнікамі вымушаныя былі правесьці кароткі мітынг на прыступках Дома фізкультурніка.

(Мілінкевіч: ) “Яны адгарадзіліся ад людзей платамі, шчытамі, АМАПам, а мы стаім як вольныя людзі і будзем стаяць. На сходзе ён сёньня сказаў, што Францыск Скарына не толькі наш чалавек, што ён тварыў яшчэ ў Пецярбургу, гэта невуцтва”.

(Галасы: ) “Ганьба!”

(Мілінкевіч: ) “Дзякую ўсім, хто перамог страх! Хто аднойчы перамог страх -- ніколі не будзе стаяць на каленях! За намі праўда”.

Аляксандр Мілінкевіч таксама заявіў, што Лукашэнка баіцца людзей. Але, нягледзячы на гэта, на Беларусь надыходзіць свабода, справядлівасьць і праўда:

(Мілінкевіч: ) "Людзям здаецца, што нас нямнога. Я прапаную ўзьняць, як калісьці Мікіта Сасім, калі яго зьбіваў АМОН, узьняў сваю сінюю кашулю, узьняць гэты колер. Сіні колер – наш колер."

(воклічы "Жыве Беларусь!")

(Мілінкевіч: ) "Дарагія сябры! Я віншую Вас. На Беларусь надыходзіць свабода. На Беларусь надыходзіць справядлівасьць і праўда. І гэта мы адстаім права жыць па-людзку, жыць у Эўропе, быць краінай свабоднай і вольнай. Жыве Беларусь!"

Сяргей Калякін заявіў, што сустрэчы з Мілінкевічам будуць працягвацца:

(Калякін: ) “19-га мы чакаем вас на падвядзеньні вынікаў, у 20 гадзін на цэнтральным пляцы. Прывядзіце з сабою блізкіх і родных, тых, каму неабыякавыя ідэалы свабоды і справядлівасьці”.

(Аўдыё MP3, 223 КБ)

Прыблізна ў 19.30, ужо пасьля заканчэньня мітынгу, які доўжыўся каля 20 хвілінаў, да людзей прыйшоў іншы кандыдат у прэзыдэнты Аляксандр Казулін. Ён прадэманстраваў пабітую ў ранішнім інцыдэнце галаву і сказаў, што будзе абараняць беларусаў

Гл. таксама • Цэнтар Менску ачапіла міліцыя (фота)
XS
SM
MD
LG