Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія гарады: дваццаць гадоў таму і сёньня


Вячаслаў Ракіцкі, Менск (эфір 2 сакавіка) Новая перадача сэрыі “Беларуская Атлянтыда”. Удзельнічае гісторык мастацтва Сяргей Харэўскі.

(Вячаслаў Ракіцкі: ) “Сучасная афіцыйная прапаганда цьвердзіць пра тое, як адрадзіліся, аднавіліся беларускія гарады за часам прэзыдэнцтва Аляксандра Лукашэнкі. Зрэшты, яно так і выглядае. Наведаўшы апошнімі гадамі шэраг беларускіх гарадоў краіны, я таксама канстатую, што яны выглядаюць не такімі занядбанымі, упрыгожанымі адно толькі транспарантамі, як за савецкім часам. Можна пабачыць і рэстаўраваныя помнікі архітэктуры, якія нясуць гістарычную адмеціну менавіта гэтага гораду, і зусім новую, адпаведную сёньняшняму часу, інфраструктуру. Дык дзякуючы чаму ці каму гэта адбываецца?”

(Сяргей Харэўскі: ) “Нашы гарады сапраўды сталі выглядаць лепей, але ня дзякуючы Лукашэнку. А дзякуючы нашай незалежнасьці, у падмурак якой свой вялікі ўнёсак зрабілі патрыёты-краязнаўцы яшчэ ў 1980-я гады. Яскравым прыкладам сапраўднага адраджэньня і сучаснай мадэрнізацыі зьяўляецца Полацак”.

(Ракіцкі: ) “Вы сказалі, што беларускія гарады пахарашэлі дзякуючы незалежнасьці. Што вы маеце на ўвазе?”

(Харэўскі: ) “Найперш зьмяніліся мы самі. Гадоў дваццаць-пятнаццаць таму людзі нашага адукацыйнага цэнзу (гуманітарыі, творцы ды лекары) не маглі б сабе дазволіць набыць прыстойнага аўто. Пагатоў выпраўляцца на ім бяз дай патрэбы проста на экскурсію. Дарэчы, і цяпер дабор грамадзкім транспартам у той жа Полацак альбо ў Амсьціслаў, Мазыр ці ў Браслаў — цэлая экспэдыцыя. Гэта дасёньня нязручна, доўга і нятанна. Але самае істотнае: гадоў дваццаць таму ў Полацку папросту не было б чаго рабіць цэлы дзень. За выключэньнем Сафійскага сабору, рэстаўрацыя якога была скончаная ў 1985 годзе, астатнія помнікі выглядалі зусім непрэзэнтабэльна — пагатоў, у астатніх гарадах Усходняе Беларусі!”

(Ракіцкі: ) “А ці вырасла цікавасьць саміх беларусаў да Беларусі?”

(Харэўскі: ) “Вырасла. Ужо нікога ня дзівяць тлумы цікаўных у Міры, Нясьвіжы, дый у Полацку. Усплёск нацыянальнай сьвядомасьці ў час перабудовы, здабыцьцё незалежнасьці, настойлівая рэкляма здабыткаў старасьвеччыны ў дзяржаўных і недзяржаўных мэдыях абудзілі нечуваную раней цікавасьць да сваёй краіны. Cёньня па адным толькі Полацку можна набыць з тузін кніг, альбомаў, даведнікаў на любы густ”.

(Ракіцк: ) “Рэкляма — гэта добра, калі ёсьць што рэклямаваць...”

(Харэўскі: ) “Паўтара-два дзясятка гадоў таму папросту не было чаго рэклямаваць. Нават цікавага фатаздымка без усюдыіснай камуністычнай агітацыі зрабіць было немагчыма! Калі я ўпершыню патрапіў у Полацак у 1985 годзе, то запомніў вельмі востра дзьве рэчы. Захапленьне ад невераемна прыгожага сабору Сьвятой Сафіі, зь якога толькі прыбралі рыштаваньні. Як тады казалі, “зроблена, як у Прыбалтыцы!”.

А другое ўражаньне, нават адкрыцьцё, было вельмі прыкрае: Полацак быў безнадзейнай, глухой савецка-расейскай правінцыяй. Паўсюль тут на вочы трапляла чырвань кумача, паўсюль панавала шчырая расейшчына, нават помнік на магіле нашаніўца Янкі Журбы быў падпісаны па-расейску ды “ўпрыгожаны” чырвонай зоркаю. Нішчымна-калгаснага выгляду Полацак патанаў тады ў ценю інфантыльна бадзёрага бэтонна-хімічнага Наваполацку. Амаль да апошніх дзён СССР тут не спыняўся вандалізм: бяз дай прычыны ў 1988 зруйнавалі вялікую старасьвецкую камяніцу на вуліцы Сака й Ванцэці, а ў 1990-м закаталі руіны падмуркаў храмаў Бельчыцкага манастыра пад асфальт. Ясна, такі стан рэчаў на рамантычны лад не настройваў”.

(Ракіцкі: ) “У гістарычнай мінуўшчыне Полацак меў брэнд рамантычнага гораду. Ён вяртаецца?”

(Харэўскі: ) “Вяртаецца. Адрэстаўраваныя дзясяткі помнікаў. Ён можа ганарыцца ладным дзясяткаў музэяў, сярод якіх выдатная мастацкая галерэя з найлепшай у Беларусі экспазыцыяй мастацтва мінулага стагодзьдзя, унікальныя музэі кнігадрукаваньня, дзіцячы і нават музэй экалёгіі. Хто б калі думаў пра такое ў час СССР? Паўсталі помнікі Сьвятой Эўфрасіньні, Сімяону Полацкаму ды нават нашай літары “Ў”. Апроч таго, у Полацку зьявіліся свае тэатральныя і ўнівэрсытэцкія асяродкі. То бок, амбіцыі гэтага места пачалі адпавядаць ягонай ролі ў мінуўшчыне. Горад відавочна пахарашэў і ў матэрыяльным сэнсе. Зьявіліся такія-сякія крамкі, больш-менш прыстойныя кавярні, добраўпарадкаваныя ў цэнтры бульвары, сквэры”.

(Ракіцкі: ) “Часта можна пачуць, што гэта вынік афіцыёзных “Дажынак” ды Дзён беларускага пісьменства, якія арганізоўваюць улады. А калі б не было тых “Дажынак”?”

(Харэўскі: ) “У вялікай ступені менавіта гэтак. Я яшчэ мог бы дадаць і візыт у Полацак Аляксія ІІ. Але афіцыёзны тлум мінае, а горад і яго жыхары застаюцца. І пры ўсіх спробах улады прысабечыць гэтыя дасягненьні нельга ня ўбачыць галоўнага: сучасны культурны рост Полацку быў запраграмаваны менавіта тутэйшымі нефармаламі яшчэ ў сярэдзіне 1980-х. Гэта дзякуючы клюбу “Вытокі” будзілася грамадзкая думка на абарону старасьвеччыны, ладзіліся талокі на старажытных могілках, ратаваліся ад поўнага зьнішчэньня здабыткі дойлідзтва (самы красамоўны прыклад — выратаваньне муроў бэрнардынскага касьцёлу)”.

(Ракіцкі: ) “Вы зьвязваеце сучаснае адраджэньне Полацку з канкрэтнымі імёнамі?”

(Харэўскі: ) “Менавіта. Гэта дзякуючы галасам Алега Мінкіна, Сержука Сокалава-Воюша, Вінцэся Мудрова ды іхным сябрам не сьціхала ў Полацку наша мова. А сёньня ўжо гімн гораду напісаў няўрымсьлівы Алесь Аркуш. І нічога, выконваюць афіцыйна. Можна назваць пайменна і іншых герояў, рупнасьцю якіх у Полацку шмат што зрушылася да лепшага: гэта дойліды-рэстаўратары Валеры Сьлюнчанка і Вадзім Гліньнік, археоляг і колісь публіцыст Сяргей Тарасаў. Асобна варта назваць выдатнага мастака-рэстаўратара Ўладзімера Ракіцкага, які працуе для ўзнаўленьня росьпісаў у Спасаўскай царкве. Дзякуючы ягонам высілкам нам сёньня вядома ўдвая больш пра старажытныя полацкія помнікі, чым два дзясяткі гадоў таму. А пра самаадданае ўслаўленьне роднага Полацку Ўладзімерам Арловым, бадай, ведаюць у Беларусі ўсе. Зерне, кінутае ў глебу, усходзіць і красуе”.

(Ракіцкі: ) “Чым яшчэ адметны сучасны Полацак? Што ў ім дзівіць сёньня, калі параўноўваць з савецкім часам?”

(Харэўскі: ) “Ужо толькі дзеля тых, адкрытых нам рэстаўратарам Ракіцкім фрэсак, самых старажытных твораў жывапісу, што маюць без малога тысячу гадоў, варта выправіцца ў паломніцтва ў Спаса-Эўфрасіньнеўскі манастыр. Ладную частку тых выдатных фрэсак ня бачылі яшчэ нават адмыслоўцы! Дарэчы, сам манастыр быў адноўлены ў 1990 годзе, калі пра Лукашэнку яшчэ і ня чулі. І ўжо ў 1992 годзе быў тут адбудаваны велізарны Крыжаўзьвіжанскі сабор, страшэнныя руіны якога можна было бачыць за савецкім часам.

Апроч ракі Сьвятой Эўфрасіньні тут зьберагаецца ад 1997 году і копія яе Крыжа. Аднаўленьне ўнікальнага комплексу Спасаўскага манастыра з брыды запусьценьня — яскравае сьведчаньне таго, што было зроблена ў першыя ж гады нашай незалежнасьці. Вернікам жа быў вернуты й Багаяўленскі сабор, у якім таксама знайшлі росьпісы, пабудаваная новая Сьвята-Пакроўская царква на вуліцы Скарыны, на беразе Дзьвіны паўстала вельмі прыгожая, пад чырвонай дахоўкаю, Усьпенская царква старавераў, дзе, дарэчы, можна пабачыць унікальныя стараверскія абразы, уніяцкі кляштар, тры касьцёлы”.

(Ракіцкі: ) “А ці засталося што ў Полацку ад часу СССР? Ці ўсё зьмянілася нагэтулькі радыкальна, як вы распавядаеце?”

(Харэўскі: ) “На жаль, засталося куды больш, чым (парадокс!) у якіх іншых гарадах Беларусі — напрыклад, у Маладэчне ці ў Наваградку. І той заімшэлы саветызм менавіта ў старадаўнім Полацку прыходзіць у брутальны канфлікт з тымі пазытыўнымі зьменамі ў духоўным, культурным і матэрыяльным жыцьці, што тут былі наважыліся. Найперш засталіся старыя назвы вуліц: Леніна, Маркса, Энгельса et cetera. На адрэстаўраваных фасадах камяніцаў яны глядзяцца абсурдам. Гэтаксама як і тое, што насупраць помніку Сімяону Полацкаму — нязграбны помнік Леніну. Савецкія назвы вуліцаў, як і бальшыня шыльдаў у горадзе — па-расейску.

Хоць бываюць і пацешныя кур’ёзы. Напрыклад, адна шыльда свьведчыць, што вуліца завецца “С.Ванцэці”, а толькі што перайменаваная — носіць імя нейкай “Е.Полоцкой”, ад якой адбягае “6-й переулок Фрунзе”. У Віцебску яшчэ сьмяшней: там з паўтузіну завулкаў носяць імя Чкалава: сёмы, дзявяты і г.д.

Але сьмяяцца ўжо не выпадае. Дзясяткі помнікаў Леніну ды іншым бальшавіцкім дзеячам, зазвычай убогіх і ў эстэтычным і ў матэрыяльным сэнсе, толькі нявечаць наш краявід. Як, напрыклад, у Варнянах, што на Астравеччыне, дзе на тле толькі што адрэстаўраванага касьцёлу ў духу ракако красуецца... вусаты Чапаеў няпэўна-брунатнага колеру, у бурцы й папасе, які злосна пазірае на той касьцёл”.

(Ракіцкі: ) “Я таксама магу дадаць камічныя прыклады спалучэньня добрых новых памкненьняў і інэрцыі старога камуністычнага мысьленьня. Вось жа ў райцэнтры Сьвіслачы стаяць зусім недалёка адзін ад другога помнікі Кастусю Каліноўскаму, Леніну, Рамуальду Траўгуту і Сталіну”.
XS
SM
MD
LG