Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Як гамельчукі ставяцца да спадчыны Міхаіла Гарбачова?


Радыё Свабода Сёньня былому першаму прэзыдэнту СССР, генэральнаму сакратару ЦК КПСС Міхаілу Гарбачову споўнілася 75 гадоў. Як вы ацэньваеце спадчыну Гарбачова і чаму? — на гэтае пытаньне адказваюць жыхары Гомелю.

(Спадар: ) “З аднаго боку, дэмакратыя — ягоны плюс. А што вялікую дзяржаву разваліў — гэта мінус”.

(Спадар: ) “Пасьля Гарбачова нічога добрага не засталося. Ніякай карысьці мы ня мелі”.

(Спадарыня: ) “Гарбачоў даў нам галоснасьць, дэмакратыю. Дзякуй яму! Мы хоць штосьці ведаем”.

(Спадар: ) “Ён пераламіў крыху тую старую сыстэму”.

(Спадар: ) “Я думаю, што ад Хрушчова і Гарбачова ўсё добрае было, ад Ельцына — дрэнна”.

(Спадар: ) “Гарбачоў аб’яднаў Нямеччыну, ён разбурыў сьцяну. Гэта, канечне, ягоная заслуга. Таму немцы яго і падтрымліваюць”.

(Спадарыня: ) “Калісьці жанчыны хацелі маліцца на Гарбачова за тое, што ён вёў барацьбу з алькагалізмам. І мы гэта добра ўспрынялі ў той час. А потым вунь што атрымалася — пазбавіліся вінаграднікаў. Добрыя хацеў справы рабіць, але не заўсёды ўсё ва ўсіх атрымліваецца”.

(Спадар: ) “Я шчыры прыхільнік Гарбачова. Лічу, што ён зрабіў неацэнны ўнёсак у дэмакратызацыю грамадзтва. Успомніце ягоныя вольныя выбары! Па тэлебачаньні мы бачылі сапраўдных лідэраў. Прыгадваю Сабчака, нашых беларусаў — Карняенку, напрыклад. Гэта проста здорава! Ацаніць такога ўзроўню палітыка, як Гарбачоў, можа толькі чалавек, які сам мае пэўны інтэлектуальны ўзровень”.

(Спадарыня: ) “З Гарбачовым хавалі ад нас, што Чарнобыль узарваўся. Мы на дэманстрацыі хадзілі, агароды езьдзілі садзіць. Навошта было хаваць Чарнобыль?”

(Спадар: ) “Быў такі Гарбачоў. Перабудова і развал Саюзу — вось і ўсё”.

(Спадар: ) “Крыху пайгралі ў дэмакратыю ды забыліся. Кажу шчыра: цяпер усе ўсяго баяцца”.

(Спадар: ) “Ён зьліквідаваў камуністычную партыю, і яму трэба помнік ставіць. Калі б ня Ельцын, справы пайшлі б някепска. Перашкодзіў Ельцын у барацьбе за сваю ўладу”.

(Спадарыня: ) “Я жыла падчас кіраваньня Гарбачова. Нічога кепскага не прыгадваю. Мне падабалася жыць пры яго ладзе. Я асабіста віншую яго з днём народзінаў. Няхай жыве яшчэ доўга”.
XS
SM
MD
LG