Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Ашмянах судзяць зборшчыцу подпісаў за Мілінкевіча


Радыё Свабода Пракуратура Ашмянскага раёну накіравала справу зборшчыцы подпісаў за Аляксандра Мілінкевіча Тацяны Клімовіч у адміністрацыйны суд. Яе вінавацяць у фальсыфікацыі дакумэнтаў. Яшчэ тром сябрам ініцыятыўнай групы вынесьлі папярэджаньні. Адзін зборшчык подпісаў у пракуратуру не зьявіўся.

У Ашмянскую пракуратуру сёньня выклікалі ажно пяць сябраў ініцыятыўнай групы Аляксандра Мілінкевіча, якія здалі найбольшую колькасьць подпісаў. З усімі гутарыў пракурор Лінкевіч.

Яўгену Невядомскаму, Вікторыі і Браніславу Нурчынскім пракурор вынес папярэджаньні за парушэньні выбарчага заканадаўства. Парушэньні ва ўсіх трох падобныя: у некалькіх выпадках подпісы ў падпісных аркушах ставіла адна асоба за дваіх: муж за жонку ці наадварот. Яшчэ пракурор паказаў некалькі заяваў ад грамадзянаў, якіх быццам увялі ў зман: зьбіралі подпісы за Мілінкевіча, а прадстаўляліся ад імя ініцыятыўнай групы Аляксандра Лукашэнкі.

Вікторыя Нурчынская адмовілася падпісвацца ў пісьмовым папярэджаньні і заявіла пракурору, што нічога падобнага яна не рабіла.

Тацяну Клімовіч пракурор абвінаваціў у фальсыфікацыі: у сабраных ёй подпісах выявілі пашпартныя зьвесткі і подпіс чалавека, які некалькі гадоў таму памёр. Яе справу пракурор накіраваў у адміністрацыйны суд. Тацяна Клімовіч кажа, што гэта была правакацыя і яе нехта падставіў:

(Клімовіч: ) “Падаслалі некага. Я ж гэта ня зь неба ўзяла, тым больш, што ўсе зьвесткі пашпарта былі дакладныя. А потым яшчэ накрычалі на мяне — маўляў, радуйся, што справа толькі адміністрацыйная, а не крымінальная”.

Выклік у пракуратуру не напалохаў сябраў ініцыятыўнай групы Аляксандра Мілінкевіча. Яны перакананы, што такім чынам улады спрабуюць перашкаджаць іх дзейнасьці. Вось што сказала на гэты конт маці Яўгена Невядомскага, якая разам зь ім хадзіла ў пракуратуру:

(Невядомская: ) “Я і надалей буду дапамагаць сыну, буду падтрымліваць. Бо ўжо настолькі зрабіліся нахабнымі, што гэтых бедных людзей толькі і трымаюць у напружаньні”.

Пётра Явідовіч, кіраўнік ашмянскай ініцыятыўнай групы Мілінкевіча, настроены даволі пэсымістычна. Вось што ён кажа:

(Явідовіч: ) “Я думаю, што ўсё гэта ня скончыцца судом Тацяны і папярэджаньнямі пракуратуры. Я думаю, што гэта пачалася ўжо нейкая вайна, якую яны будуць працягваць і далей”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG