Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўніка аршанскага штабу Мілінкевіча выклікалі на допыт


Радыё Свабода, Віцебская вобласьць Позву ў гараддзел міліцыі Васіль Леўчанкаў атрымаў яшчэ ўчора, і напачатку падумаў, што выклік у пастарунак – гэта нагода , каб затрымаць яго ў Воршы, калі ў Менску зьбяруцца прыхільнікі Аляксандра Мілінкевіча. Аднак сёньняшняя гаворка з намесьнікам кіраўніка гарадзкой міліцыі Аляксандрам Сільчанкам тычылася выступу кандыдата на прэзыдэнты перад аршанскімі выбарцамі 24-га лютага ў Цэнтральным гарадзкім парку.

Супрацоўнікі міліцыі паведамілі Васілю Леўчанкаву, што заводзяць на яго адміністрацыйную справу па факце арганізацыі несанкцыянавнага мітынгу.

Кіраўнік мясцовага штабу Мілінкевіча спаслаўся на выбарчае заканадаўства, якое дазваляе агітацыю за кандыдата, у тым ліку і шляхам арганізацыі сустрэч з выбарцамі.

Міліцыянты спаслаліся на рашэньне аршанскай гарадзкой выбарчай камісіі, якая дазволіла правядзеньне сустрэчы ў Палацы культуры машынабудаўнікоў, але папярэдзіла пра недапушчальнасьць праводзіць вулічныя акцыі з удзелам кандыдата без дазволу гарвыканкаму, па які нібыта трэба было зьвяртацца за 20 дзён.

Васіль Леўчанкаў пісьмова выклаў сваё меркаваньне, а супрацоўнікі міліцыі сказалі, што пакуль ня ведаюць, ці будзе ягоная справа накіраваная ў суд, бо для гэтага трэба параіцца з вышэйшым начальствам.
XS
SM
MD
LG