Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гавэл: Мы салідарны з усімі, хто змагаецца за дэмакратызацыю Беларусі


Сяргей Навумчык, Прага Вацлава Гавэла называюць адным з маральных аўтарытэтаў Эўропы – аглядальнікі заўважаюць, што ягоны ўплыў пасьля зыходу з пасады прэзыдэнта Чэхіі пабольшыўся. Ён сышоў з палітыкі, але не спыніў праваабарончай дзейнасьці.

На працягу доўгага часу Гавэл падтрымлівае беларускую дэмакратыю – гасьцямі ў Праскім градзе былі Івонка Сурвіла, Васіль Быкаў, Зянон Пазьняк, Станіслаў Шушкевіч, Вінцук Вячорка.

У 2003 годзе Гавэл перадаў прэмію рэдактару “Нашай Нівы” Андрэю Дыньку.

Летась у лістападзе на запрашэньне Вацлава Гавэла прадстаўнічы “Форум 2000” наведаў кандыдат у прэзыдэнты ад аб’яднанай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч.

У сераду Вацлаў Гавэл ўручыў праваабаронцу, заснавальніку “Вясны” Алесю Бяляцкаму ўзнагароду Homo Homini, якую чэская фундацыя “Чалавек у нядолі” ўшаноўвае за “ўнёсак у абарону чалавечых правоў, дэмакратыі і негвалтоўнага вырашэньня палітычных канфліктаў”.

Пасьля цырымоніі Вацлаў Гавэл адказаў на пытаньні “Свабоды”.

(Навумчык: ) "Спадар Гавэл, чым патлумачыць Вашую пасьлядоўную падтрымку актывістаў беларускай апазыцыі?"

(Гавэл: ) “Я ім сымпатызую, але ня толькі я, гэта складнік сучаснай афіцыйнай палітыкі Чэскай дзяржавы. Мы салідарныя з усімі, хто змагаецца за дэмакратызацыю Беларусі, хто хоча зьмяніць аўтарытарную сыстэму. Мы маем свой ўласны вопыт і адчуваем падвышаны абавязак быць салідарнымі з тымі, хто змагаецца за тое, за што і мы змагаліся калісьці”.

(Навумчык: ) "Старшыня КДБ Беларусі заявіў пра “змову апазыцыі” напярэдадні выбараў; яшчэ раней КДБ арыштаваў некалькі маладых актывістаў апазыцыі. У 70-80-ыя гады чэскія дысыдэнты спазналі на сабе рэпрэсіі з боку чэскага аналягу КДБ – StB. Спадар Гавэл, ці ўдалося Вам выявіць нейкі ўнівэрсальны рэцэпт стаўленьня да спэцслужбаў?"

(Гавэл: ) “Заставацца самімі сабой, проста глядзець на гэта ў больш шырокім маштабе і, магчыма, з гумарам. Я прыгадваю нашыя дысыдэнцкія часы. Часы, можна сказаць, у нечым шчасьлівыя, калі паміж намі была такая салідарнасьць, калі мы ўсе цягнулі адзін канат у адзін бок. І ў той жа час, не ўспрымалі мы гэта занадта ўжо сур’ёзна і апантана. Ну, канечне, зь мінулага чалавек хутчэй прыгадвае добрае, чым дрэннае. І ўсё ж, галоўнае, канечне – погляд з дыстанцыі і трывушчасьць”.

(Навумчык: ) "Разам зь ляўрэатамі Нобэлеўскай прэміі міру Вы падпісалі зварот адносна палітыкі Крамля ў дачыненьні да Чачні. Сёньня Расея – ці не адзіная краіна ў Эўропе, якая падтрымлівае Лукашэнку. Якім чынам усясьветная супольнасьць можа паўплываць на пазыцыю Масквы?"

(Гавэл: ) “Я перакананы, што трэба адкрыта казаць тое, што думаеш, не заплюшчваць вочы, не замоўчваць. Паміж партнэрамі і прыяцелямі павінна дзейнічаць правіла, што паміж сабой яны застаюцца чэснымі і гавораць тое, што думаюць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG