Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адноўлена крымінальная справа супраць старшыні БХК


Радыё Свабода Адноўлена крымінальная справа супраць старшыні Беларускага Хэльсынскага камітэту Тацяны Процькі аб ухіленьні ад падаткаў. Вядомай праваабаронцы пагражае ад 2 да 7 гадоў зьняволеньня.

Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю аднавіў крымінальную справу аб ухіленьні ад падаткаў Беларускім Хэльсынскім камітэтам. Пра гэта паведаміў сьледчы Аляксандар Залеўскі. Падазраванай у справе ёсьць старшыня БХК Тацяна Процька, якая, паводле падатковай інспэкцыі, вінаватая ў тым, што арганізацыя нібыта не сплаціла каля 70 тысяч даляраў падаткаў. Паводле Крымінальнага кодэксу, такое злачынства караецца зьняволеньнем ад 2 да 7 гадоў з канфіскацыяй маёмасьці.

Тацяна Процька нагадала ў камэнтары для “Свабоды”, што летась гэтая справа ўжо была закрыта, паколькі сьледзтва не знайшло ў яе дзеяньнях складу злачынства. Але праваабаронцу турбуе ня толькі гэта.

(Процька: ) “Мяркую, дзяржава зьбіраецца ўвесьці надзвычайнае становішча ў краіне, бо, калі зьбіваюць кандыдата на прэзыдэнта, то зьнішчаюць ня толькі веру ў выбары, але ў наяўнасьць правоў чалавека ўвогуле. Таму на гэтым тле завядзеньне крымінальнай справы супраць старшыні Хэльсынскага камітэту — гэта натуральная зьява. Гэта толькі частка агульнай барацьбы з законнасьцю, дэмакратыяй і правамі чалавека ў Беларусі”.

Сьледчы Аляксандар Залеўскі паведаміў, што ягонае ранейшае рашэньне аб закрыцьці справы абскардзіла пракуратура, і таму цяпер ён мусіць аднавіць сьледзтва. Расьсьледаваньне працягнецца ня больш за месяц. Абвінавачаньне Тацяне Процьцы пакуль не прад’яўлена, паведаміў сьледчы.

Больш за год таму падатковая інспэкцыя вырашыла, што БХК мусіць сплаціць падаткі за грашовую дапамогу, атрыманую паводле праграмаў ТАСІS Эўразьвязу. Гэтая дапамога аказвалася Беларусі пры ўмове, што ня будзе абкладацца падаткамі. Вышэйшы гаспадарчы суд спачатку стаў на бок праваабаронцаў, але напачатку году адмяніў сваё рашэньне. Праваабаронцы мяркуюць, што іх перасьледуюць з палітычных прычынаў, у тым ліку і за спробы наладзіць незалежнае назіраньне за выбарамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG