Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польскія палітыкі рэагуюць на зьбіцьцё Казуліна


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Польскія палітыкі лічаць, што прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі ўжо цяпер нельга называць дэмакратычнымі. Апошнія падзеі ў перадвыбарчай кампаніі Беларусі – зьбіцьцё Аляксандра Казуліна, заявы кіраўніка КДБ пра “пляны захопу дзяржаўных будынкаў” 19 сакавіка для нашага радыё камэнтуюць, сярод іншых, віцэ-сьпікер Сэйму Браніслаў Камароўскі.

Старшыня дэпутацкай групы польскага Сэйму на карысьць салідарнасьці зь Беларусьсю Робэрт Тышкевіч лічыць, што апошнія падзеі ў Беларусі сьведчаць аб тым, што гэтым разам беларускія ўлады нават не зьбіраюцца ствараць уражаньне, што выбары будуць свабоднымі і дэмакратычнымі.

(Тышкевіч: ) “Варта зьвярнуць увагу на рэзалюцыю Эўрапарлямэнту, якая акрэсьлівае чатыры ўмовы, якія трэба выканаць, каб выбары ў Беларусі былі прызнаныя Эўропай свабоднымі і дэмакратычнымі. Адзін зь іх прадугледжвае неадкладнае спыненьне перасьледу кандыдатаў і іх паплечнікаў. Такім чынам, адну з гэтых умоваў рэжым Лукашэнкі ўжо “выканаў”. Гэтыя абсалютна супярэчыць нормам правядзеньня выбарчай кампаніі. Мэта такіх захадаў – запалохаць апазыцыйных кандыдатаў, людзей якія іх падтрымліваюць. Ужо сёньня можна сказаць, што прэзыдэнцкія выбары супярэчаць усім дэмакратычным нормам”.

Паводле Робэрта Тышкевіча, цяпер рыхтуецца рэзалюцыя польскага Сэйму ў справе хады перадвыбарчай кампаніі ў Беларусі, дзе зьбіцьцё Аляксандра Казуліна будзе абавязкова адзначанае.

Браніслаў Камароўскі – віцэ-сьпікер Сэйму і ў мінулым актыўны ўдзельнік антыкамуністычнага руху ў Польшчы кажа, што мэтады, кія выкарыстоўваюць беларускія ўлады, добра яму знаёмыя.

(Камароўскі: ) “У Польшчы перад сьнежнем 1981 году, перад увядзеньнем ваеннага становішча, камуністычныя ўлады распаўсюджвалі сярод людзей – перадусім сярод міліцыянтаў, вайскоўцаў, чыноўнікаў – міт аб страшнай “Салідарнасьці”, якая будзе забіваць сем’і людзей, зьвязаных з гэтай уладай.

Я добра памятаю настрой нянавісьці да нас, які панаваў сярод часткі грамадзтва, бо гэтыя няшчасныя людзі паверылі, што “Салідарнасьць” будзе помсьціць. Гэта, канечне, была абсалютная няпраўда, элемэнт прапаганды, каб аб’яднаць прыхільнікаў камуністычнага рэжыму.

Як тады ў Польшчы, так і цяпер у Беларусі людзей запалохваюць пэрспэктывай радыкальных зьменяў, якія зробіць апазыцыя.

Але ж гэта зразумела, што як калісьці польская, так цяпер і беларуская апазыцыя не хацела і ня хоча выкарыстоўваць нейкай сілы, баевікоў, бо іх папросту ня мае! Лукашэнка проста хоча дыскрэдытаваць апазыцыю ў вачах людзей, зьвязаных з ягоным рэжымам”.

Сказаў радыё Свабода віцэ-сьпікер польскага Сэйму Браніслаў Камароўскі.

• Кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Казулін зьбіты камандзірам брыгады спэцназу Дзьмітрыям Паўлічэнкам (фотарэпартаж)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG