Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Казулін зьбіты камандзірам брыгады спэцназу Дзьмітрыем Паўлічэнкам (фотарэпартаж)


Радыё Свабода Сёньня раніцай кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Казуліна падчас спробы зарэгістравацца дэлегатам III Усебеларускага сходу затрымала і зьбіла міліцыя. Як паведамляе пракуратура, Аляксандар Казулін у міліцэйскім пастарунку сарваў і разьбіў партрэт Лукашэнкі. Сьведкі распавялі пра інцыдэнт – ля Кастрычніцкага РАУСу невядомы абстраляў машыну маладога чалавека, які здымаў падзеі на фатакамэру.

Раніцай 2 сакавіка кандыдат Аляксандар Казулін разам з групай сваіх прыхільнікаў прыехаў да Палацу культуры чыгуначнікаў, дзе адбывалася рэгістрацыя дэлегатаў III Усебеларускага сходу ад гораду Менску. Казулін быў вылучаны дэлегатам на сход зьездам беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада).

У будынку палацу Аляксандар Казулін патлумачыў прадстаўніцы камісіі па рэгістрацыі дэлегатаў, што, паводле закону аб рэспубліканскіх сходах, ён мае права ўдзельнічаць у гэтым мерапрыемстве.

Калі Аляксандар Казулін, ягоныя прыхільнікі і журналісты накіраваліся да сталоў рэгістрацыі, дарогу ім перакрылі людзі ў цывільным пад кіраўніцтвам камандзіра спэцназу Міністэрства ўнутраных справаў Дзьмітрыя Паўлічэнкі.

Паўлічэнка і яшчэ некалькі чалавек павалілі Казуліна на падлогу і пачалі зьбіваць нагамі. У сутычцы таксама пацярпеў генэрал Валеры Фралоў.

Аляксандра Казуліна схапілі і ўкінулі ў сіні мініаўтобус і павезьлі ў РАУС Кастрычніцкага раёну Менску.

Дзьмітры Паўлічэнка заявіў "Інтэрфаксу" з нагоды гэтага інцыдэнту: “Казулін мяне абразіў, і я пагаварыў зь ім па-мужчынску”.

Аляксандар Лукашэнка падчас Усебеларускага народнага сходу ахарактарызаваў інцыдэнт наступным чынам: “Мне дакладвалі, што сходу зьбіраюцца зрабіць правакацыю, выкарыстоўваючы навыкі марпехаў. Прыехалі да палацу, арганізавалі бойку, зьбілі жанчынаў – і нарваліся на марскіх пехацінцаў, так што толькі шматкі паляцелі”.

***

Пазьней сьведкі распавялі пра інцыдэнт, які здарыўся каля Кастрычніцкага РАУСу, дзе ўтрымліваўся Казулін. Каля РАУСу стаяў аўтамабіль, у яго накіраваліся маладыя хлопец і дзяўчына з фатакамэрай.

За імі пабеглі людзі ў цывільным з таго падразьдзяленьня, якое затрымлівала Казуліна. Чалавек з фатакамэрай пасьпеў сесьці за руль і завёў машыну. Людзі ў цывільным спрабавалі выцягнуць яго з аўтамабіля. Кіроўца націснуў на пэдаль газу, і машына рванула зь месца. Тады чалавек у цывільным зрабіў тры стрэлы па машыне – адзін у ветравое шкло, і два – у колы машыны.

***

Тым часам намесьнік пракурора паведаміў, што ў міліцэйскім пастарунку Казулін сарваў і разьбіў партрэт Лукашэнкі. Казуліну далі магчымасьць патэлефанаваць ягонай прэсавай сакратарцы Ніне Шыдлоўскай.

Казулін паведаміў Шыдлоўскай, што ён зьбіты, але не скардзіўся на стан свайго здароўя. Судмэдэкспэрты, якія на машыне "Хуткай дапамогі" прыяжджалі ў пастарунак, насамрэч прыяжджалі не да Казуліна, а да трох, як яны сказалі, зьбітых, што паскардзіліся на пабоі.

Паводле дачкі Казуліна Юліі, лекары нічога не сказалі пра тое, як адчувае сябе кандыдат на прэзыдэнта, толькі далі зразумець яго родным, што з Аляксандрам Казуліным нібыта ўсё добра.

***

Крыніцы ў ЦВК у неафіцыйным парадку паведамілі, што Аляксандра Казуліна здымаюць з рэгістрацыі на прэзыдэнцкіх выбарах. Яны таксама паінфармавалі, што ягоны выступ на дзяржаўным тэлебачаньні сёньня ўжо не прагучыць з той прычыны, што на яго нібыта ўжо заведзеная крымінальная справа паводле артыкулу "злоснае хуліганства".

Пазьней пракуратура паведаміла, што кандыдату на прэзыдэнта за ягоныя дзеяньні ў Палацы чыгуначнікаў інкрымінуюць адміністрацыйнае правапарушэньне паводле артыкулу “дробнае хуліганства”. Кваліфікацыя ягоных дзеяньняў у пастарунку – пашкоджаньне партрэта кіраўніка дзяржавы – будзе, паводле прадстаўнікоў пракуратуры, дадзеная пазьней сёньня.

Некалькі дзясяткаў прыхільнікаў Казуліна і ягоная жонка знаходзіліся каля будынку Кастрычніцкага РАУСу, дзе ўтрымліваўся палітык.

Кіраўнік ініцыятыўнай групы Казуліна Мечыслаў Грыб накіраваў на імя генпракурора Пятра Міклашэвіча, міністра ўнутраных справаў Уладзімера Навумава і старшыні Цэнтравыбаркаму Лідзіі Ярмошынай, а таксама ў прадстаўніцтва АБСЭ, у місію назіральнікаў СНД і ў замежныя амбасады ліст, у якім запатрабаваў неадкладна завесьці крымінальную справу па факце “бандыцкага нападу на кандыдата ў прэзыдэнты” і вызваліць Аляксандра Казуліна.

Супрацоўнікі міліцыі затрымалі каля ўправы міліцыі Кастрычніцкага раёну Менску, дзе цяпер знаходзіцца Аляксандар Казулін, актывістаў яго перадвыбарчага штабу, а таксама фотакарэспандэнтаў газэты “Наша ніва” Юлію Дарашкевіч, агенцтваў "Associated Press" Сяргея Грыца і "Reuters" Васіля Фядосенку. У карэспандэнтаў забралі фатакамэры. Празь нейкі час іх адпусьцілі.

Яшчэ 11 актывістаў штабу Аляксандра Казуліна і фотакарэспандэнта “БелГазеты” Дзьмітрыя Брушка адвезьлі ва ўправу міліцыі Ленінскага раёну.

Падчас затрыманьня міліцыянты моцна зьбілі двух актывістаў каманды Казуліна. У Івана Лабачова паламаныя рэбры, а Ўладзімеру Севярыну, акрамя рэбраў, яшчэ разьбілі галаву.

Зьбітыя і затрыманыя карэспандэнт “Комсомольской правды” Алег Улевіч і супрацоўнік прэсавай службы Казуліна Андрэй Максімаў. Алег Улевіч трапіў у 9-ы клінічны шпіталь з пашкоджаньнем твару. Дыягназ – чэрапна-мазгавая траўма і ўдараная рана носа.

Зьбіты падчас інцыдэнту ў Палацы культуры чыгуначнікаў тэлеапэратар агенцтва "Reuters" Дзьмітры Мадорскі трапіў у 10-ы шпіталь з пашкоджаньнем вока. У хуткім часе яго адпусьцілі дадому.

З заявай салідарнасьці з Аляксандрам Казуліным ужо выступіў кандыдат на прэзыдэнта ад аб’яднанай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч.

Начальнік управы грамадзскіх сувязяў генэральнай пракуратуры Андрэй Швед паведаміў журналістам, што цялесных пашкоджаньняў у Казуліна няма і ніякіх скаргаў на дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі ад яго не паступала. Прадстаўнік генпракуратуры падкрэсьліў, што законы Беларусі не зьмяшчаюць ніякіх выняткаў у частцы праўнай ацэнкі кандыдатаў на прэзыдэнта.

Фотарэпартаж













Фатаздымкі charter97.org


Камандзір спэцназу Дзьмітры Паўлічэнка




















М.Чаргінец і старшыня КДБ Сухарэнка

• Казуліна зьбілі, а потым затрымалі і адвезьлі ў міліцыю • Мілінкевіч выказаў салідарнасьць з Казуліным • Міліцыянты затрымалі і зьбілі прыхільнікаў Аляксандра Казуліна і журналістаў, каля пастарунку чуліся стрэлы • Да Казуліна выклікалі хуткую дапамогу • Пракуратура: у міліцыі Казулін разьбіў партрэт Лукашэнкі • Паводле неафіцыйных зьвестак, Казуліна могуць зьняць з выбараў • Эўрапейскія палітыкі рэагуюць на зьбіцьцё Казуліна • Пасьля затрыманьня Казуліна адбыўся інцыдэнт са стралянінай (фота)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG