Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Бабруйску арганізаваная грамадзкая прыёмная Казуліна


Радыё Свабода Як ідзе ў рэгіёнах агітацыйная кампанія? На гэтае пытаньне адказваюць кіраўнікі мясцовых выбарчых штабоў.

Уладзімер Казека ўзначальвае каманду Аляксандра Мілінкевіча ў Глыбокім:

(Казека: ) «Улёткі – гэта ўсё, што ў нас ёсьць за Мілінкевіча. Скончылася служба ў царкве, людзі сталага ўзросту падыходзілі да нас, з задавальненьнем бралі гэтыя ўлёткі. Прыяжджалі да мяне кіраўнікі Берасьцейскага абласнога штабу. Па дарозе іх спынялі для праверкі дакумэнтаў міліцыянты каля Кобрына, каля Драгічына, каля Іванава… І пакуль мы хадзілі на рынак, па вуліцах, былі на аўтавакзале, чыгуначным, – увесь час за намі езьдзілі міліцыянты. На другі дзень, нават там, дзе мы вельмі старанна прыляпілі, гэтых ўлётак ужо не было!»

Пра асноўных канкурэнтаў свайго кандыдата на прэзыдэнта спадар Казека расказвае:

(Казека: ) «Пра Гайдукевіча я ўвогуле ня чуў і ня бачыў нічога. А за Лукашэнку праводзіліся тут сьвяты, канцэрты ладзілі. Усё гэта пад лёзунгам «За Беларусь!»

Пра актыўнасьць мясцовых агітацыйных каманд кандыдатаў у прэзыдэнты Свабода пацікавілася і ў выбарчай камісіі Глыбокага. Вось што адказала спадарыня, якая не пажадала назвацца:

(Спадарыня: ) “Вы ведаеце, нешта вельмі няшмат людзей у нас агітуюць. У нас адзіная была група у суботу – Мілінкевіча. Раздавалі ўлёткі, агітавалі. А так пакуль ніхто да нас у камісію не заяўляўся”.

Наконт актыўнасьці выбарчага штаба Лукашэнкі спадарыня дала такі камэнтар:

(Спадарыня: ) “Пакуль таксама агітацыі няма, група не працуе. Але гэта – іхная справа”.

Больш актыўна дзейнічаюць агітатары другога кандыдата ў прэзыдэнты – Аляксандра Казуліна. Вось што распавядае Таіса Кабанчук, кіраўнік ягонай агіткаманды ў Бабруйску:

(Кабанчук: ) “Па-першае, мы арганізавалі грамадзкую прыёмную Казуліна і пра гэта паведамілі 10 тысячам грамадзянам гораду. Сьвяточнымі аб’яўкамі, дзе заадно павіншавалі людзей з масьленіцай. Надрукавалі 30 тысяч абвестак пра тое, што будзе выступ Казуліна па тэлебачаньні. Падаем заявы ў мясцовыя газэты, каб тыя зьмясьцілі праграму Казуліна. Усе адказныя рэдактары як адзін сказалі: пакуль ня будзе гэтых заяваў, нічога пра вашых кандыдатаў друкаваць ня станем. Рыхтуем заяўкі на восем пікетаў у самых людных месцах гораду. Таму што тыя месцы, якія вызначыла адміністрацыя, самыя бязьлюдныя”.

Дзейнасьць сваіх палітычных канкурэнтаў спадарыня Кабанчук камэнтуе наступным чынам:

(Кабанчук: ) “Пра Гайдукевіча нешта мы нічога не чулі. Ніхто пра яго “ні бэ ні мэ ні кукарэку” Пра Лукашэнку... На яго, напэўна, 24 гадзіны ў суткі працуюць усе тэлепраграмы...”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG