Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ярмошына не выключае, што Мілінкевіча пасадзяць на 15 сутак


Радыё Свабода Сёньня кандыдат у прэзыдэнты Аляксандр Мілінкевіч мае намер а 18 гадзіне сустрэцца з выбаршчыкамі на плошчы Свабоды. Старшыня Цэнтрвыбаркаму Лідзія Ярмошына назвала дзеяньні Мілінкевіча незаконнымі. Яна не выключае, што кандыдата ад аб’яднанай апазыцыі затрымаюць і нават арыштуюць.

Аляксандр Мілінкевіч паведаміў Свабодзе, што для правядзеньня сустрэчы з выбаршчыкамі выкананыя ўсе неабходныя працэсуальныя патрабаваньні: было паведамленьне ў Менгарвыканкам пра час і месца правядзеньня сустрэчы.

(Мілінкевіч: ) “Я абавязаны ісьці. Сам запрасіў людзей, так што буду абавязкова. Гэта сустрэча з выбаршчыкамі. Буду выступаць я, будуць выступаць лідэры партый, магчыма, маці рэпрэсавых людзей… Звычайная выбарчая сустрэча. Якая дазволеная заканадаўствам. Мы ж не на дарозе праводзім, якая перашкодзіць руху, а ў ціхім спакойным месцы. Так што абсалютна не парушаем грамадзкі парадак. Нікуды рухацца ня будзем і ня будзем атакаваць Палац Рэспублікі.”

Старшыня Цэнтрвыбаркаму Лідзія Ярмошына заявіла, што Аляксандр Мілінкевіч ня мае законных падставаў на правядзеньне сходу. Яна не выключае, што яго могуць арыштаваць на 15 сутак за арганізацыю несанкцыянаванага сходу.

(Ярмошына: ) “Калі спадар Мілінкевіч гэта зьдзейсьніць, то, натуральна, ён панясе прадугледжаную законам адказнасьць. Дазвол яны не атрымалі. Гэта будзе несанкцыянаваны мітынг. Будзе плаціць штраф, ці, што там. 15 сутак? Могуць даць. Асобы, якіх прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасьці ў выбарах могуць удзельнічаць.”

Я патэлефанавала кіраўніку менскай міліцыі генэралу Анатолю Куляшову. Ён паведаміў, што супрацоўнікі міліцыі будуць працаваць у звычайным рэжыме.

(Куляшоў: ) “Будзем забясьпечваць ахову грамадзкага парадку ў звычайным рэжыме. Будуць парушэньні дзейнага заканадаўства, будуць адпаведна заканадаўству ўжытыя меры рэагаваньня.”

Звычайна ў часе нейкіх масавых мерапрыемстваў міліцыя працуе ва ўзмоцненым рэжыме. Але ад пачатку выбарчай кампаніі ўзмацненьне зрабілася нормай. Міліцыянты патрулююць на цэнтральных гарадзкіх вуліцах уначы, каб злавіць тых, хто робіць палітычныя графіці на фасадах будынкаў. Днём яны сочаць за сябрамі штабоў кандыдатаў ад апазыцыі і распаўсюднікамі газэтаў і ўлётак. Апроч таго, штодня супрацоўнікі міліцыі ўдзельнічаюць у ператрусах на кватэрах актывістаў. Штодня каго-небудзь зь іх затрымліваюць і складаюць пратаколы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG