Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сёньня зьбіраюцца страйкаваць прадпрымальнікі


Радыё Свабода Сёньня індывідуальныя прадпрымальнікі плянуюць двухдзённы страйк на знак пратэсту супраць палітыкі дзяржавы ў сфэры дробнага бізнэсу. Акцыя прымеркаваная да правядзеньня Ўсебеларускага народнага сходу, які пачынае сёньня працу ў Менску.

Ініцыявалі акцыю 2 лютага ўдзельнікі паседжаньня каардынацыйнай рады прадпрымальнікаў. Гаворыць лідэр менскіх бізнэсоўцаў Аляксандар Макаеў:

(Макаеў: ) “Чым выкліканы страйк? У асноўным эканамічным дыктатам дзяржавы супраць прадпрымальнікаў: вялікі аб’ём нарматыўных дакумэнтаў, уліку, павелічэньне падаткаў... Усё гэта вылілася, мякка кажучы, у незадавальненьне. Вымываюцца абаротныя сродкі прадпрымальнікаў. Людзі пачынаюць зачыняцца, губляць бізнэс”.

Страйк вырашылі правесьці 2-3 сакавіка – падчас так званага Ўсебеларускага народнага сходу. Тыдзень таму прадпрымальнікі накіравалі ў Адміністрацыю прэзыдэнта дзесяць патрабаваньняў, пры вырашэньні якіх яны адмовяцца ад акцыі. У прыватнасьці, бізнэсоўцы настойваюць на адмене ўказаў і дэкрэтаў, што абмяжоўваюць іхную эканамічную свабоду, патрабуюць адмены ўведзенага летась падатку на даданую вартасьць, які істотна пагоршыў фінансавае становішча прадстаўнікоў дробнага бізнэсу. Выказалі пратэст і супраць пераводу індывідуальных прадпрымальнікаў у шэрагі юрыдычных асобаў.

Ніякага адказу з прэзыдэнцкай адміністрацыі ініцыятары страйку не атрымалі. Прадстаўнік Менгарвыканкаму Аляксандар Каліноўскі паведаміў: пэрспэктывы дробнага бізнэсу плянуецца абмеркаваць на Ўсебеларускім сходзе. Адчулі актывісты прадпрымальніцкага руху і рэакцыю праваахоўчых органаў. Так, быў затрыманы міліцыянтамі і пакараны 10-сутачным арыштам Аляксандр Макаеў, які нібыта праводзіў несанкцыянаваны сход на тэрыторыі менскага рынку “Чэрвеньскі”. Адчуў ціск і адзін зь лідэраў прадпрымальнікаў менскага рынку “Ждановічы” Аляксандар Талстыка:

(Талстыка: ) “Прыйшоў чалавек, мне невядомы. Малады. Апрануты ў цывільнае адзеньне. І сказаў: “Калі ласка, нам трэба прайсьці ў адміністрацыю і пагаварыць”. Я адказваю: “Давайце тут пагаворым”. Чаму я павінен некуды ісьці? Ён дастаў пасьведчаньне ў чырвонай вокладцы, дзе залатымі літарамі было напісана “Камітэт дзяржаўнай бясьпекі”.

Інцыдэнт на рынку “Ждановічы”, паводле спадара Талстыкі, завяршыўся без наступстваў. Разам з тым, паводле прадпрымальніка, яму далі зразумець: магчымы далейшы перасьлед ініцыятараў страйку.

Гл. таксама • Прадпрымальнікі сфармулявалі ўмовы, пры якіх гатовы адмовіцца ад страйку
XS
SM
MD
LG