Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня адкрываецца Ўсебеларускі сход


Радыё Свабода Сёньня ў Менску паводле ўказу Аляксандра Лукашэнкі адкрываецца так званы трэці Ўсебеларускі сход. Кіраўнікамі аргкамітэту былі прызначаныя прэм’ер-міністар Сяргей Сідорскі і кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі Генадзь Нявыглас. Указам вызначана, што на сход павінны сабрацца 2 500 чалавек. Ці патрапяць на цяперашні сход, акрамя Аляксандра Лукашэнкі, астатнія тры кандыдаты ў прэзыдэнты. Як яны ставяцца да гэтага мерапрыемства?

Сяргей Гайдукевіч, які быў дэлегатам і першага сходу, атрымаў запрашэньне трэці Ўсебеларускі сход. Ці скарыстае ён цяперашняе запрашэньне?

(Гайдукевіч: ) “Калі я не пайду, значыць я – не Гайдукевіч. Я абавязаны пайсьці. Гэта ж цудоўна”.

Сяргей Гайдукевіч кажа, што зробіць усё магчымае, каб выступіць на сходзе.

(Гайдукевіч: ) “Я ім адразу скажу: “За Беларусь!” Лёзунг гэты – мой”.

Аляксандар Казулін запрашэньня ня мае, але будзе прабівацца на сход разам зь іншымі дэлегатамі, абранымі на зьезьдзе БСДП (Грамада).

(Казулін: ) “ Ня ведаю, якім чынам. Думаю, як звычайна, прайсьці на Ўсебеларускі сход і дабіцца выступу”.

А як спадар Казулін ацэньвае ўсю гэтую імпрэзу?

(Казулін: ) “Гэта прыкрыцьцё дзейнасьці Лукашэнкі. Усебеларускі сход павінен прысягнуць на вернасьць сувэрэну, правадыру, зрабіць гэта публічна, каб Лукашэнка мог прыкрыць сваё голае цела. Кароль жа голы, трэба нечым прыкрыцца”.

Дэлегатам Усебеларускага сходу абраная старшыня Цэнтарвыбаркаму Лідзія Ярмошына.

(Ярмошына: ) “Я лічу, што гэта форма непасрэднай дэмакратыі. А паколькі я грамадзянін Рэспублікі Беларусь і палітычна адказная за лёс нашай краіны, я лічу, што мой удзел у гэтым мерапрыемстве зьяўляецца неабходным. Усебеларускі сход – гэта тая форма, якая добра сябе зарэкамэндавала. І яна можа праводзіцца”.

Дэлегат сходу дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Касьцян заявіў:

(Касьцян: ) “На гэтым сходзе будзе вырашацца лёс нашай краіны на бліжэйшыя 5 гадоў”.

Аляксандар Мілінкевіч склікае выбарцаў на сустрэчу, якая адбудзецца ў Менску на плошчы Свабоды. Адносна Ўсебеларускага сходу кіраўнік штабу спадара Мілінкевіча Сяргей Калякін заявіў:

(Калякін: ) “Гэта агітацыйная кампанія ў падтрымку Аляксандра Лукашэнкі, якая робіцца за дзяржаўны кошт, якая парушае многія артыкулы выбарчага заканадаўства. Простыя грамадзяне ня маюць ніякага дачыненьня да вылучэньня гэтых дэлегатаў сходу. Таму ён мае вельмі малую легітымнасьць. Адзінае, што ён можа – гэта выказаць падтрымку Аляксандру Лукашэнку і гэта будзе прадэманстравана як усенародная падтрымка. Але гэта далёка ня так”.

Першы Ўсебеларускі сход быў праведзены ў 1996 годзе перад рэфэрэндумам аб зьменах у канстытуцыі. Другі Ўсебеларускі сход прайшоў у 2001 годзе перад прэзыдэнцкімі выбарамі.
XS
SM
MD
LG