Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Я не разумею, як можна падтрымліваць Лукашэнку, які сапраўдных шчырых патрыётаў Беларусі кідае ў турмы"


Радыё Свабода Званок на “Свабоду”. Водгукі слухачоў (28 лютага – 1 сакавіка). Кожны дзень з 21.00 да 9.00 вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 290-39-52 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку.

(Спадар:) “Я слухаю, што нейкі Юры з Салігорску патэлефанаваў на Радыё Свабода і расказвае, што ў вёсцы Яскавічы (я ведаю гэтую вёску, яна знаходзіцца на рачулцы Морач) 90 % пэнсіянэраў прагаласуюць за “бацьку”. А ты палічы, колькі хат пустых памірае, ня тое што ў вёсцы, а цалкам у Салігорскім раёне! І калі яшчэ твой гэты кіраўнік Лукашэнка, былы старшыня калгасу са Шклоўскага раёну, пакіруе нашай Беларусьсю, то гэтыя вёскі зьнікнуць зь зямлі. Ты лепш раскажы людзям, чаму гэты Лукашэнка ня едзе ў Эўропу. Ці яму там падлога пафарбаваная? Нам патрэбны прэзыдэнт, які езьдзіць па розных краінах, якому вароты адчыненыя. Я заклікаю галасаваць толькі за Мілінкевіча. Я сам пэнсіянэр, я гляджу ў будучыню. А пэнсія нам увесь час будзе!”

(Валер Шаўчэнка: ) “Афіцыйная прапаганда працягвае перадвыбарную “алілюю” аб вялікім сябру і правадыру. Цяпер размовы вакол двухдзённага сходу прадстаўнікоў. Чыіх? Зразумела, улады. За які кошт? Зразумела, ня ўладны. Больш чым дзівосна, што праграму разьвіцьця краіны будуць абмяркоўваць не дэпутаты парлямэнту, а асабіста Лукашэнка. Ці ня будзе гэта нагадваць яшчэ адзін прапагандысцкі канцэрт зь вядомым вядучым, збор ляяльных людзей, якія стануць у чаргу па тую ж чарку і скварку, па чарговую падачку для сябе і сваіх прадпрыемстваў, установаў. Па БТ, напрыклад, загадзя замылілі вочы і заклалі вушы рэклямай праславутага сходу. Можна чуць, як нейкі дэлегат, напрыклад, едзе прапанаваць, каб уключыць у агульную праграму пытаньне аб якасьці. Дык што за 12 год кіраваньня Лукашэнкі гэтае пытаньне не ўзьнімалася? Ці гэты вялікі сход вырашыць праблему зьніжэньня цэнаў на кватэры напалову? А дэмаграфічнае пытаньне, праблемы скарачэньня насельніцтва сапраўды пачнуць вырашаць мэдыкі? Кандыдату ў прэзыдэнты, менавіта Лукашэнку, з падачы спадарыні Ярмошынай дазволена праводзіць прапагандысцкі агітацыйны агульны сход у галоўным палацы краіны, а кандыдату Мілінкевічу забаронена ў гэты ж дзень сустрэча з выбаршчыкамі нават на плошчы каля гэтага ж будынку! Вось вам і роўныя ўмовы і праграма росквіту!”

(Аляксандра Ганчар, Украіна: ) “Шаноўныя супрацоўнікі беларускай “Свабоды”! Хачу сказаць, што вы найлепшая служба. Вельмі шкада, што няма больш той украінскай службы, якая была. Але цяпер мне вельмі падабаецца ваша прыгожая мова, мова Янкі Купалы. Раней ці пазьней дэмакратычныя сілы ў вашай краіне перамогуць. Трымайцеся! Жыве Беларусь! Слава Ўкраіне!”

(Спадар: ) “Хацеў бы задаць пытаньне кандыдатам Казуліну і Мілінкевічу. Прашу іх расказаць аб тым, як яны намерваюцца будаваць адносіны з Расеяй: ці будуць працягваць інтэграцыю і ці будуць ісьці на будаваньне саюзу з Расеяй? Таксама хацеў бы даведацца, ці застанецца за расейскай мовай статус дзяржаўнай у Рэспубліцы Беларусь?”

(Міхась: ) “Добрага дня, “Свабода”! Зь 1-м сакавіка! У мяне яшчэ ёсьць адна радасьць. Неяк вам нагадваў, што пра такую краіну, як Вугоршчына, нічога не чуваць, усё запаланілі зьвесткі то з Іраку, то з Палестыны, то зь іншых краёў, а на гэтую краіну ўвогуле забыліся. І вось на табе – Пуцін зь візытам у Вугоршчыне. Вось пачуў па радыёстанцыі RFE першае паведамленьне, спадзяюся, што ўвечары гэты інфармацыйны вакуўм запоўніцца яшчэ чым-небудзь цікавым. А я спадзяваўся ад вас, дарагая “Свабода”, што-небудзь атрымаць. Думаю, што ў наступных выпусках вы запоўніце гэты прабел. Жадаю посьпехаў”.

(Спадар: ) “Хацелася б атрымаць дакладнае тлумачэньне адносна інфармацыі, якую даў Казулін у сваім першым выступленьні па тэлевізіі. У прыватнасьці, ён сказаў, што Лукашэнка прадаваў вайсковую тэхніку за мяжу, а грошы прысабечыў. Гэта што, даказаны факт ці, можа, піярскі ход які? Калі праўда, атрымліваецца, што краінай кіруе злодзей найвышэйшага гатунку. Там круцяцца грошы немалыя – мільёны даляраў! Хацелася б, каб тлумачэньне даў сам аўтар гэтай інфармацыі”.

(Спадар: ) “Сёньняшняя старшыня Цэнтравыбаркаму Ярмошына, прызначаная Лукашэнкам, абвінаваціла чалавека высокай культуры і этычнасьці Мілінкевіча ў амаральнасьці за тое, што ён заклікае прыйсьці выбаршчыкаў на сустрэчу 2 сакавіка на Цэнтральную плошчу г. Менску. Тым самым яна парушыла заканадаўства аб выбарах. Я прашу Мілінкевіча падаць скаргу ў пракуратуру і запатрабаваць, каб Ярмошыну зьнялі з пасады і прыцягнулі да адказнасьці”.

(Мікола Канаховіч: ) “Паважаныя суайчыньнікі! Паважаны народ Беларусі! Я шараговы грамадзянін Мікола Канаховіч. Я без пасад і званьняў, жыву на сьціплую пэнсію, палову якой аддаю на лекі, пытаюся ў вас, паважаныя мае суайчыньнікі, растлумачце мне, калі ласка, бо я не разумею, як можна падтрымліваць Лукашэнку, які сапраўдных шчырых патрыётаў Беларусі кідае ў турмы (напрыклад, Паўла Севярынца і дзясяткі іншых маладых патрыётаў). А вось зладзюгу Галіну Жураўкову, якая скрала ў беларускага народу дзясяткі мільёнаў даляраў і была асуджаная, Лукашэнка памілаваў, і ніводнага дня яна ў турме так і не была. Дзе тут праўда, дзе тут сумленьне Лукашэнкі? Як разумець тое, што Лукашэнка патурае злачынцам? А праз гэта пэнсіянэры не даатрымліваюць пэнсіі, рабочым урэзалі заробкі, бальніцы не даатрымалі лекаў, на маршруты не выходзіць адпаведная колькасьць аўтобусаў і г.д. Вось яна сапраўдная цана клопату пра народ: патрыётаў – у турму, злачынцам – свабоду. Вось яна палітыка нашай Беларусі, палітыка Лукашэнкі”.

(Спадар: ) “Значыць, Ярмошына абурылася на тое, што будзе мітынг на плошчы Свабоды: маўляў, у палацы Лукашэнка зьбірае ўсенародны сход. А мы, значыць, не народ, а быдла! А быдла павінна ісьці туды, дзе сабак выгульваюць, на плошчу Бангалор. Не! Так не атрымаецца! Мы прыйдзем і на прыступках правядзем мітынг! Вось так!”

(Спадар: ) “Я прасіў бы карэспандэнтаў Радыё Свабода патэлефанаваць на радыёстанцыю “Балтыйскія хвалі”, каб яны неяк адрэгулявалі працу свайго перадатчыка. Вельмі ж ён моцна шуміць. Перадайце, калі ласка”.
XS
SM
MD
LG